FIDENA 2014: ПРЫГАЖОСЦЬ — ГЭТА СВАБОДА

Среда, Июнь 11, 2014 | ТЭГІ: рэцэнзія , фестываль

Наведаванне фестывалю стала магчымым, дзякуючы праграме NRW KULTUR

Міжнародны фестываль FIDENA (Figurtheater der Nationen) на сённяшні дзень з’яўляецца найбуйнейшым у Германіі фестывалем тэатра фігур (лялек, ці аб’екта).

Заснаваны ў 1958 годзе ў Бохуме, адным з гарадоў прамысловага раёна Рэйн-Вестфаліі (Nordrhein-Westfalen), фестываль аб’ядноўвае артыстаў, даследчыкаў, крытыкаў з усяго свету, якія займаюцца сучаснымі формамі тэатра лялек і фігур. Сёлетняя FIDENA, па словах дырэктаркі Анэты Дабс, стала адной з самых смелых у гісторыі фестывалю (ці найпрыгажэйшых, калі перафразаваць Шылера, які называў прыгажосцю — свабоду) і паставіла сваёй мэтай не толькі паказаць найлепшыя пастаноўкі і напрацоўкі ў поле традыцыйнага тэатра фігур (лялек). Але — пашырыць межы інтэрпрэтацыі фармата, уключыўшы ў праграму тое, што, хутчэй, можна аднесці да візуальнага тэатра, у якім вобразная сістэма будуецца на візуальнасці, а выканаўцы становяцца аднымі з фігур спектакля (аб’ектам ці суб’ектам, згодна ідэі), а іхнія дзейныя целы “бываюць важней, чымсьці “жыццё чалавечага духу” [1]. Усяго ў фестывалі прынялі ўдзел 24 тэатральныя групы з Бельгіі, Балгарыі, Канады, Іспаніі, Францыі і іншых краінаў.

Са спектаклем “Мёртвыя ды жывыя фігуркі” трапіла ў праграму і беларуская незалежная група Laboratory Figures Oskar Schlemmer (Юрка і Таццяна Дзіваковы, Магілёў).

***

Тое, што з сучаснага тэатра сыходзіць наратыў у сваёй традыцыйнай форме — з сюжэтам, арыстоцелеўскім развіццём дзеяння, пабудаваным на лагічным ланцугу падзей, з дакладнай ідэяй — факт. Разважаючы пра сучасныя формы, даследчыкі ўсё часцей спасылаюцца на тэорыю постдрамы Ханса-Ціса Лемана, які прапанаваў абноўленую сістэму каардынат інтэрпрэтацыі тэатральнай формы ўвогуле. Нягледзячы на тое, што падзел паміж драматычным тэатрам і тэатрам фігур (ці аб’екта) фармальна існуе, усё складаней знайсці тыя відавочныя характарыстыкі, па якіх гэты падзел магчыма здзейсніць. Традыцыйны тэатр лялек застаецца (як, дарэчы, і арыстоцелеўская мадэль), але калі казаць менавіта пра эвалюцыю формаў, то тут часта можна ўбачыць як адны і тыя ж пастаноўкі трапляюць на фестывалі розных фарматаў.

Спектаклі першых двух дзён FIDENA як раз і рэпрэзентавалі гэты феномен: “Mystery Magnet” бельгійскай мастачкі Міт Уарлоп (Miet Warlop), “Pulling Strings” Эвы Мэйер-Келлер (Eva Meyer-Keller) з Германіі і “Гобо. Лічбавы гласарый” расійскага інжынернага тэатра “АХЕ” складана аднесці да чыстага фармату тэатра фігур (увогуле, да пэўнага фармата). Пабудаваныя на дамінанце візуальнага шэрага, амаль пазбаўленыя словаў, сюжэтнай гісторыі, яны лёгка могуць быць аднесеныя як да агульнага феномена постдраматычнага тэатра, так і да тэатра фігур (object theatre). Магчыма, менавіта гэта часам і становіцца прычынаю непаразумення з боку прыхільнікаў традыцыйнага тэатра лялек, якія працягваюць абараняць чысціню формы і чакаць ад лялечных спектакляў гісторыі і непасрэднай прысутнасці лялькі.

Але самі артысты жадаюць выйсці па-за межы пэўнага фармату, асабліва калі мэтаю ёсць выявіць тыя самыя межы, а значыць, выйсці з камфортнай зоны, ствараючы прастору рызыкі і правакацыі ў першую чаргу дзеля саміх сябе.
“Mystery Magnet”, фота NRW KULTURsekretariat

“Mystery Magnet”, фота NRW KULTURsekretariat

“MYSTERY MAGNET” MIET WARLOP (БЕЛГІЯ)

Міт Варлоп, мастачка з Бельгіі, не вучылася тэатру лялек. Магчыма таму, па яе словах, парушаючы законы формы тэатра, яна абсалютна не ўсведамляла гэтага. Ёй усяго толькі хацелася ажывіць тыя вобразы, карцінкі, якія бачыліся на плоскасці, даследаваць патэнцыял прасторы, разгарнуць “жывапіс” на сцэне. Атрымаўся перформанс “Mystery Magnet”, які можна ідэнтыфікаваць яе тэатр мастака.

Сцэнічная прастора нагадвае дзіцячы пакой, у якім паступова з’яўляюцца часам смешныя (тоўсты маленькі мужчына), часам фантасмагарычныя, бы з палотнаў сюрэалістаў (дзяўчына без галавы, нагавіцы, даўжынёю з чалавечы рост), ананімныя, як і павінна быць у сне, постаці. Спачатку гэта нагадвае казачнае Залюстэр’е, матэрыялізаваную фантазію самотнага дзіцяці, у якой жывуць дзіўныя істоты з капамі рознакаляровых валасоў замест аблічча. Як дзеці, яны бавяцца з прадметамі, кіруюць імі, збіраюць іх у пэўныя кампазіцыі. Але паступова іх дзеянні становяцца больш дыструктыўнымі: яны пачынаюць ламаць свае “канструкты”, заліваць прастору колерамі (відавочна візуальная спасылка на інтуітыўны жывапіс Марціна Полака), біцца паміж сабой. З іх групы вылучаецца найбольш актыўная “фігура”: з электрычнаю пілою ў руках яна ад нязначных разбурэнняў пераходзіць да татальнага знішчэння ўсяго і ўсіх навокал. Становіцца небяспечна нават тым, хто сядзіць у залі. Морам л’ецца журавінавая кроў, ляцяць шматкі паралону з целаў яшчэ нядаўніх сяброў, аднаго з якіх гэтая “фігура” распінае на сцяне, каб выразаць сэрца.

У фінале ў залітай крывёю і заваленай мерцвякамі прасторы з’яўляецца хор фігур з пап’е-машэ, які нямымі вуснамі спявае песню апакаліпсічнага канца.

Аналізуючы візуальны тэатр, даследчыкі адзначаюць, што менавіта ён часцей за ўсё працуе з сучаснасцю — сацыяльнымі праблемамі, страхамі, поп-культурай. Востра сацыяльным атрымаўся і “Mystery Magnet”: цынічная і жорсткая клаунада, у якой праз вобраз дзіцячай гульні бельгійская візіанерка стварае карціну дэканструяванай сучаснасці.

“Mystery Magnet”, фота Reinout Hiel

“Mystery Magnet”, фота Reinout Hiel

“PULLING STRINGS” (EVE MEYER-KELLER, ГЕРМАНІЯ)

Спектакль “Pulling Strings” аказаўся больш стрыманым, хутчэй, адрасаваным тым, хто шчыльна займаецца тэатрам лялек і добра ведае яго схаваную ад гледача “кухню”. Дзеянне адбываецца ў пакою, у якім некалькі чалавек — лялечнікаў — разблытваюць ніткі. Калі гледачы ўваходзяць, выканаўцы ўжо занятыя сваёй штодзённаю справаю: змаганнем з вяровачкамі, якія заўсёды заблытваюцца, і прадметамі, якія кожным разам не жадаюць быць падпарадкаванымі.

Але ў якой ступені гэтае падпарадкаванне ўвогуле магчымае? Дзе праходзіць тая мяжа кантролю, і ў рэшце рэшт хто каго кантралюе — лялечнік ляльку (суб’ект аб’ект) ці наадварот?

А калі не ствараць новую сцэнічную прастору, запаўняючы яе аб’ектамі, а звярнуцца да таго, што ўжо ёсць навокал — тэхнічнага абсталявання, выпадковых рэчаў, лямпачак? Менавіта такім спосабам, праз гульню з пражэктарамі, падаўжальнікамі, рычажкамі на пульце, выканаўцы “Pulling Strings” спрабуюць знайсці адказы на гэтыя пытанні.

Пашыраючы межы ігравой прасторы спектакля, даводзячы да абсурду оптыку лялечніка паўсюль бачыць аб’ект (каб, напрыклад, прыбраць смецце са сцэны, ствараецца складаная камбінацыя ўзаемадзеяння розных прадметаў), выканаўцам удаецца ўтварыць прастору космаса, у якой фігура чалавека — усяго толькі дробная часцінка цэлага, лялька, якой таксама кіруе хтосьці ці штосьці звонку. Напрыканцы сцэнічная і ігравая пляцоўкі замыкаюцца ў адзінае цэлае — не толькі таму, што маніпуляцыі з прадметамі адбываюцца таксама і за спінамі гледачоў. Раптам утвараецца поўная ілюзія таго, што і нашыя дзеянні — назіранне, рэакцыя, апладысменты — бы таксама запраграмаваныя, ты быццам траціш кантроль над сваімі рухамі і жаданнямі.

Так агаляецца філасофская прырода тэатра лялек, тая прырода, што, магчыма, і вабіць дарослых да гэтага відовішча — вусціш ад усведамлення сябе фігураю нейкай касмічнай гульні, пастаноўкі, фінал якой убачыць нам не выпадзе магчымасць.
“ГОБО. ЛІЧБАВЫ ГЛАСАРЫЙ”, фота  FIDENA

“ГОБО. ЛІЧБАВЫ ГЛАСАРЫЙ”, фота FIDENA

“ГОБО. ЛІЧБАВЫ ГЛАСАРЫЙ” (ІНЖЫНЕРНЫ ТЭАТР “АХЕ”, РАСІЯ)

У спектаклях вядомага піцерскага тэатра “АХЕ” складана вызначыць пэўны сюжэт. Іх гісторыі складаюцца з відовішчных, амаль алхімічных сцэнаў-карцінаў, якія нагадваюць магічныя рытуалы. Мастакі і перформеры, яны, як і бельгійка, таксама выпадкова трапілі ў тэатральную прастору. У выніку стварылі свой непаўторны стыль, асаблівую мову, у якой менавіта тое, што адбываецца на вачах (мастацкія рытуалы), і становіцца прыродаю тэатра, у чыстай сваёй форме. Каб абазначыць сябе ў гэтай прасторы, “ахешнікі” увялі паняцце “аператараў” (інжынераў), што дакладна выяўляе сутнасць іх дзеянняў у прасторы спектакля.

“Гобо. Лічбавы гласарый” — яшчэ адна варыяцыя на тэму, якая часта паўстае ў іх працах: пошукі і вынаходніцтва сучаснага героя, што з’яўляецца ўвогуле адной з ключавых задач тэатра і мастацтва сёння. У некаторых сваіх працах “АХЕ” у пошуках героя звярталіся да ўжо класічных вобразаў — Фаўста, напрыклад, ці Кармэн — інтэрпрытуючы іх згодна сённешнему дню.

Але хто ён — герой, дзейны персанаж сучаснасці? Ці трэба браць у аснову пэўны прататып, альбо можна самім выдумаць героя? (Магчыма, тыя, хто для нас ёсць прыкладамі герояў з класікі, таксама ўсяго толькі аўтарскі канструкт?)

У выніку ў іх уяўленні нарадзілася загадкавая фігура Гобо — героя, асобу якога яны расклалі на пэўныя паняцці для таго, каб зразумець яго прыроду. Што любіць ён? Каго і як кахае? Ад чаго пакутуе? Які ягоны пачатак і фінал? Пра што мроіць і супраць чаго змагаецца? Адказваючы на гэтыя пытанні, “АХЕ” такім чынам ствараюць міфалогію новага ўніверсальнага героя — унікальнага і абстрактнага адначасова. З аднаго боку, падарожжа па гэтаму гласарыю падобнае на атракцыён — актыўна выкарыстоўваюцца медыя формы, а ад “алхімічныя” цудаў захоплівае дых. Змест быццам бы просты і зразумелы, але як раз тая форма, праз якую гэта ўтвараецца, вяртае да нейкіх архітыпічных вытокаў, у тым ліку да містычных тэатральных формаў.

Ці не гэта ёсць тое, чаго сёння так бракуе тэатру, які становіцца занадта рацыянальным? Ці не палягае прычына папулярнасці і захаплення візіанерскімі практыкамі як раз у тым, што яны працуюць з відовішчнымі формамі, вяртаючы гледача ў стан дзіцяці, калі свет пазнаваўся і ідэнтыфікаваўся праз вобразы?

2

“Мёртвыя ды жывыя фігуркі”, фота Laboratory Figures Oskar Schlemmer

Універсальная мова такога тэатра быццам руйнуе Бабілонскую вежу, даючы магчымасць утварыць на пэўны час шчыльную супольнасць людзей з розных канцоў свету.

Таня Арцімовіч, чэрвень 2014

Каментар ад удзельнікаў групы Laboratory Figures Oskar Schlemmer:

— Для нас гэта быў першы досвед удзела на заходнееўрапейскім фестывалі і мы рады, што атрымалі магчымасць у трапіць менавіта ў такога высокага ўзроўню падзею. Тым больш што нам выпала сыграць спектакль два вечара. Таксама для нас і спектакля гэта была спроба іграць у іншых тэхнічных абставінах, то бок не было дакладна таго абсталявання, якое нам патрэбна па райдэру, напрыклад, штанкетаў, якія лёгка падымаюцца і апускаюцца. Але, гэта мы адзначалі яшчэ пасля спектакля ў межах “PlaStforma’14” у Менску, “Мёртвыя ды жывыя фігуркі” для нас гэта бы work-in-progress:

у залежнасці ад месца і залі, кожным разам атрымліваецца новы спектакль, мы кожным разам актывізаваныя, таму што адкрываем новую сцэнічную прастору.

Але ўсё атрымалася, мала таго, гэта адзіная пляцоўка з тых, дзе мы ўжо паказваліся, якая цалкам нас задаволіла. Там не было ніякага адзення сцэны, то бок увесь планшэт праглядаўся цалкам, а гэта тое, што нам з самага пачатку было патрэбнае. Мясцовыя гледачы вельмі пільна сачылі за дзеяннем, рэагавалі, гэта былі вельмі жывыя спектаклі. Спадзяюся, не толькі для нас.

[1] Д.Годер Художники, визионеры, циркачи. Очерки визуального театра”. М. 2012

На вокладцы // сцэна са спектаклю “ГОБО. ЛІЧБАВЫ ГЛАСАРЫЙ”, фота FIDENA

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.

Пакінуць каментар

Ваш email адрас не будзе апублікаваны.

Магчыма выкарыстоўваць HTML тэгі і атрыбуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>