НІЧОГА ДОБРАГА АД ДАРОСЛЫХ!

Среда, Январь 22, 2020 | ТЭГІ: прэм'ера , рэцэнзія

Усе дарослыя былі дзецьмі, усе дзеці стануць дарослымі… Спектакль “Першы” рэжысёра Рамана Падалякі на камернай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ўвасабляе сутыкненне педагагічных мадэляў XX і XXI стагоддзяў.

Ранняе дзяцінства артыстаў Валянціны Гарцуевай, Крысціны Дробыш, Паўла Астравуха і Івана Кушнерука (усе персанажы ў спектаклі носяць імёны сваіх выканаўцаў) трапіла на савецкі час, як, хутчэй за ўсё, і тых асоб, гісторыі якіх ляглі ў аснову п’есы, напісанай рэжысёрам у суаўтарстве з Міхасём Зуем. Як справядліва заўважыла тэатральны крытык Алена Мальчэўская, пастановачны жанр спектакля памылкова вызначаецца як вербацім. Драматургічную аснову склалі асабістыя гісторыі занятых у спектаклі артыстаў, а таксама ўсіх жадаючых прыняць удзел у праекце. Шмат якія расповяды былі высланыя адкрыта або ананімна на e-mail, што ўжо не дазваляе выбудаваць і ўвасобіць у спектаклі непаўторныя інтанацыі і сінтаксіс кожнага субяседніка і субяседніцы, а гэта надзвычай важна для вербаціма. З досведу многіх людзей аўтары ствараюць самастойныя, хай і пазнавальныя, сюжэты і вобразы, што блізка да мастацкага прыёму Святланы Алексіевіч, які яна выкарыстоўвае ў сваіх творах.

Хутчэй за ўсё, “Першы” варта аднесці да сінтэтычнага дакументальна-псіхалагічнага тэатру.

Адкрывае спектакль гульня-рэфлексія з Я-вобразам – белай неонавай літарай, нібы ўзятай са школьнага лемантара. Назва набывае два самастойных значэнні – першакрыніцы асабістага вопыту (сацыяльныя адносіны, канфлікт пакаленняў, гендэрныя і сацыяльныя ролі) і ўнікальнасці першай у гісторыі Купалаўскага тэатра пастаноўкі дакументальнага спектакля. Сцэнічнае апавяданне нярэдка набывае трагікамедыйнасць, іранічна-лірычнае гучанне. У спектаклі дакладна паказана, як падзеі, забаўныя і дзіўныя для дарослага, могуць стацца для дзіцяці крушэннем свету. Жорсткасць дарослых, агрэсія ў іх мадэлях паводзін не аднойчы працінаюць юных персанажаў. Артысты, не іграючы фармальна, цалкам сканцэнтраваныя на ўнутраным свеце дзіцяці. Гарманічны ансамбль, яркая пластычная партытура, відавочная цікавасць выканаўцаў да матэрыялу ствараюць атмасферу духоўнага яднання і ўзаемнасці, якую часам можна адчуць на студэнцкіх спектаклях у Акадэміі мастацтваў.

Сцэна са спектакля, Паша (Павел Астравух). З архіву тэатра

Мабыць, самыя эмацыйныя, візуальна выразныя і паспяховыя з боку гледжання рэжысуры сцэны ў спектаклі – гэта эпізод з планаваннем уцёкаў з дзіцячага садка, што надзелены выяўленчым акцэнтам на чырвоным колеры і рэвалюцыйнай прагай свабоды, і, безумоўна, фінал.

Сцэнаграфія з выкарыстаннем геаметрычных формаў і абрысаў, а таксама палітры асноўных колераў, даволі традыцыйная для ўмоўнай постдрамы. Індывідуальнасць і непаўторнасць візуальнаму рашэнню надаюць аўтарскія цацкі, кожная з якіх уяўляе сабой мініятурны арт-аб’ект. Чорныя строі артыстаў маюць класічныя фасон і крой, нібы строгая форма еўрапейскіх прыватных школ, падкрэсліваючы ўніверсальнасць вобразаў і распаведзеных гісторый (мастачка – Таня Дзівакова). На экран-заднік у асобныя моманты трансліруюцца манахромныя мастацкія фота дзяцей. У заключнай сцэне іх змяняюць падобныя здымкі, дзе ў такіх жа ракурсах адлюстраваныя артысты. Музычна-гукавая партытура спектакля пераважна атмасферна-акцэнтная. У музычным плане нетрывіяльна вырашаны “канцэрт” падчас “ціхай гадзіны” з бітбоксам, танцамі і дэфіле (кампазітар – Андрэй Папкоў, музычны афарміцель – Юрась Бачкароў).

Фінал вырашаецца як ранкавае абуджэнне персанажаў, бо для малых свет кожны раз зноў нараджаецца на світанку. У запісу гучаць рэальныя і сучасныя галасы бацькоў артыстаў, якія будзяць сваіх дзетак. Толькі Ваня (Іван Кушнярук) не дачакаўся гучання любімага голасу і можа пагаварыць толькі са сваім плюшавым мядзьведзікам – тут рэжысёр нечакана цытуе фінал кнігі “Віні-Пух і ўсе, усе, усе” Алана Мілна і Барыса Захадэра.

Сцэна са спектакля, Ваня (Іван Кушнярук). З архіву тэатра

Гучаць бадзёрыя, але механічныя фразы мішкі… Сапраўды, нават у вонкава шчасных сем’ях, дзеці часам аказваюцца адчужаныя і адзінокія. Акрамя таго, усё больш дзяцей у нашай рэчаіснасці пазбаўленыя аднаго або абодвух бацькоў – часцей сацыяльна, а не фізічна. Мінімальна скарачаючы дыстанцыю з глядзельняй, стваральнікі завяршаюць спектакль шматразовым паўторам жывых простых слоў: “Я цябе люблю”.

Як важна зразумець і прыняць сваіх бацькоў і ўласнае мінулае… Аналізаваць наша дзяцінства неабходна не толькі для таго, каб зразумець, хто мы ёсць сёння і чаму не можам быць іншымі, але і каб самім, стаўшы калісьці бацькамі, не паўтарыць горкіх памылак мінулага ў адносінах са сваімі дзецьмі. Постсавецкі дакументальны тэатр не раз звяртаўся да прынцыпаў псіхааналізу, але складана прывесці прыклад асобнага сцэнічнага твора, што так поўна адлюстроўвае псіхалогію маленькага чалавека ва ўзросце ад аднаго да шасці гадоў, як гэта зроблена ў “Першым” новай генерацыяй купалаўцаў.

Зміцер ЕРМАЛОВІЧ-ДАШЧЫНСКІ

На вокладцы: сцэна са спектакля, Ваня і Валя (Іван Кушнярук і Валянціна Гарцуева). З архіву тэатра

Сцэна са спектакля, Крысціна (Крысціна Дробыш). З архіву тэатра

Сцэна са спектакля, Паша (Павел Астравух). З архіву тэатра

Сцэна са спектакля. З архіву тэатра

Мнения авторов не всегда совпадают с позицией редакции. Если вы заметили ошибки, пожалуйста, пишите нам

Пакінуць каментар

Ваш email адрас не будзе апублікаваны.

Магчыма выкарыстоўваць HTML тэгі і атрыбуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>