“Fortinbras” прэзентаваў гарадскі арт-праект

Четверг, Декабрь 26, 2013 | ТЭГІ: адукацыя

З 22 па 24 снежня на вуліцах Мінску тэатральная лабараторыя “Fortinbras” прэзентавала гарадскі арт-праект “Каляровай хадой па шэрым”, які з’яўляецца залікам студэнтаў па тэатральнаму маркетынгу і мэнэджменту.

Кожны ўдзельнік прыдумаў і рэалізаваў свой асабісты праект з абавязковымі мастацкімі і сацыяльнымі складальнікамі. Слоганам праекту стала “Хаджу пакуль не сяджу”.

“Мы жывем у гэтым горадзе, у гэтай краіне  і хочым адчуваць сябе паўнавартаснымі ўдзельнікамі гарадскога жыцця, — гавораць студэнты. — Платы, аўтобусы, сцены, прыпынкі, вуліцы і іншыя прасторы — месцы, створаныя першапачаткова для нас, аднак усёй сваёй сутнасцю яны ўпарта адмаўляюць у нас наяўнасць чагосьці (напрыклад, эстэтычных пачуццяў, пачуцця справядлівасці, самаідэнтыфікацыі), акрамя цела. Мы хочам захапіць прасторы, з якіх нас ўпарта выцясняюць, пакінуць „каляровыя сляды„ на шэрым палатне Мінска нагадаць такім жа мінакам, як і мы самі, што калі гэта сцяна, то яна неабавязкова павінна быць шэрай”.

Падчас трох дзён былі рэалізаваны праекты:

“Вербалізацыя” (“Трэніруемся пісаць услых”) Алесі Малахоўскай. На розных аўтобусных прыпынках Мінска ўдзельнікі размяшчалі маркеры і плакаты, на якіх пісалі, якія змены хацелі б пабачыць у грамадстве. Напрыклад, “Хачу, каб у сваёй краіне я магла адкрыта выказваць сваё меркаванне”. Частка плакатаў заставалася пустой, такім чынам удзельнікі запрашалі кожнага мінака паўдзельнічаць у праекце.

“Дзеткі у клетцы” (“Складзі сваю антымапу”) Анастасіі Шчэрбак. Мэта праекту — зрабіць фотарэпартаж, які прыцягнуў бы ўвагу грамадскасці да праблемаў маладых бацькоў. Фатограф суправаджаў маці і дзіця па загадзя выбраным маршруце і фатаграфаваў складаны для праезду з калыскай, напрыклад, праход, альбо грамадскія месцы,непрыстасаваная для дзяцей, ў якіх адсутнічае пандус, напрыклад, і інш. Акцыя праводзілася адзін раз, але адначасова з яе правядзеннем была створана група ў інтэрнэце, куды ўсе жадаючыя могуць дасылаць фатаграфіі, а таксама свае расповяды пра праблемныя месцы горада.

3

Флаер з праекту “Дзеткі у клетцы” / photo by verasen

Хэпенінг “Самапраяўка” (“Які я сярод іншых?”) Вольгі Варанковай. На ажыўленай вуліцы аўтарка паставіла вялікае палатно, побач — фарбы, воду, пэндзля. Удзельнікі падыходзілі і пачыналі маляваць сябе так, як кожны з іх бачыць, адчувае і пазіцыянуе сябе ў Мінску. Палатно — гэта і ёсць горад, у якім мы дзелім прастору з іншымі людзьмі. Удзельнікі запрашалі мінакоў далучыцца да малявання.

“Хто гэткі чалавек” (“Агалі вуліцы горада!”) Кірыла Канстанцінава. Праект прысвечаны назвам мінскіх вуліц. На думку аўтара, 50 % нашых вуліц названы імёнамі ці забойц, ці ваяк, альбо людзей, якія ўвогуле не маюць ніякага дачынення да горада (“чужымі”). Больш за палову насельнікаў Мінску не ведаюць нічога пра гэтых людзей. Каб звярнуць увагу жыхароў горада на значэнне назвы, аўтар абраў 15 вуліц, названых у гонар — забойцы, ваяра, “чужога”, —  падрыхтаваў інфармацыю пра гэтых людзей, а потым на кардонных сілуэтах напісаў кароткую даведку і выставіў на вуліцах гораду.

“Палотны” (Захапi свой прастор прыгажосцю) Андрэя Уразава. Аб’ектамі праекту сталі шэрыя сцены, бетоныя платы і пустыя прасторы гораду, на якіх аўтар выставіў палотны з карцінамі.

Хэпенінг “Самапраяўка”

Хэпенінг “Самапраяўка” / photo by Denis

“Квадратны метр” (Расшыбіся аб бетон, зарабляя на кардон) Сяргея Квачанка. Аўтара абурае сітуацыя з жыллём у Беларусі. Па-першае, яно дарагое, па-другое, ўмовы крэдыту на яго ( ад 38,5 % да 45 %) проста непад’ёмныя для маладой сям’і. Адзінае, што застаецца, пасяліцца ў кардоннай скрынцы, бо кардон нашмат танней, чым бетон. Каб выказаць сваю нязгоду Сяргей пабудаваў у адным з месцаў Мінска невялікі квартал з 10 кардонных каробак, нацягнуў чырвоную стужку і запрасіў бамжа яе перарэзаць.

“Сотачка, святкуйма!” („Калядны астрог цi Калядны пiрог?“) Вікторыі Біран. Удзельнікі віншавалі пасажыраў мінскіх аўтобусаў з каляднымі святамі пры дапамозе беларускіх народных песень, цукерак і лістоў з літаратурным і дакументальным матэрыялам, у якіх нагадвалі, што многія людзі пазбаўлены магчымасці сустракаць святы са сваёй сям’ёй з-за таго, што яны адкрыта выказвалі сваю грамадзянскую пазіцыю і зараз сядзяць за гэта ў турме.

Нагадаем, што тэатральная студыя-лабараторыя “Fortinbras” была створаная ў 2007 годзе пры Беларускім свабодным тэатры. Вядучая ідэя студыі — стварэнне “ўніверсальнага мастака”, рознабакова творча развітога чалавека, які можа пісаць, іграць, ставіць, прадзюсаваць свае праекты самастойна.

Больш падрабязны матэрыял пра арт-праект “Хаджу пакуль не сяджу” з’явіцца на нашым сайце ў хуткім часе.

На вокладцы: праект “Квадратны метр” (фота Святланы Сугака )

“Сотачка, святкуйма!”

“Сотачка, святкуйма!” / photo py Katya Fler

.

Пакінуць каментар

Ваш email адрас не будзе апублікаваны.

Магчыма выкарыстоўваць HTML тэгі і атрыбуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>