1992

Воскресенье, Июнь 2, 2013 | ТЭГІ: хроніка

Падрыхтавала Кацярына Чэкатоўская, студэнтка ECLAB “Сучаснае мастацтва і тэатр” 2016/17. На падставе матэрыялаў часопіса  “Тэатральная Беларусь”, меркаванні аб спектаклях узяты з артыкулаў і патрабуюць крытычнага позірка і аналіза .

САКАВІК

17-18 сакавіка — чарговы ІІ (ІХ) з’езд Саюза тэатральных дзеячаў РБ у памяшканні Дома работнікаў мастацтваў. Прыняло ўдзел 129 дэлегатаў (са 142-х выбраных). Старшыня прэзідыума — Мікалай Яроменка.

Падвядзенне вынікаў за апошнія 5 год працы СТД, асноўныя тэзісы:

• У сферы мастацтва грошы пачынаюць вырашаць усё.

• Незалежная Беларусь — незалежны мастак. З’явілася магчымасць самастойна вырашаць многія пытанні творчага жыцця.

• Знізіўся ўзровень акторскага майстэрства, адчувальны дэфіцыт новых творчых ідэй у рэжысуры.

• Пытанні сацыяльнай абароны людзей тэатра, пенсіі — важная задача, пакуль яшчэ не вырашаная.

• Дзяржаўныя тэатры мала звяртаюцца да нацыянальнай драматургіі (“пачэсная справа тэатра — вярнуць народу яго гістарычную памяць”), хаця тут жа — тэатры прымаюць актыўны ўдзел у нацыянальным Адраджэнні (спектаклі Купалаўскага “Страсці па Аўдзею” і “Тутэйшыя”).

• Разрыў былых сувязяў паміж гледачом і тэатрам (“Ці патрэбныя мы свайму гледачу?”).

• Узнікненне новых драматычных тэатраў у Мазыры, Маладзечне, Слоніме.

• Адкрыццё новых фестываляў “Славянскія тэатральныя сустрэчы” і “Студыйныя каляды”.

• Распачалася праца па стварэнню Музея тэатральнай і музычнай культуры Беларусі.

• З’яўленне газеты “Культура” і часопіса “Тэатральная Беларусь”.

• Развіццё студыйнага руху.

• Крытыка з боку актораў: СТД не абараняе інтарэсы актораў, толькі ўзносы цягне.

Прыняты зварот да дэпутатаў Вярхоўнага Савета РБ “Аб падаткавай палітыцы творчых саюзаў”, дэлегаты разам з членамі Саюза мастакоў выйшлі на пл. Незалежнасці, каб заявіць пратэст супраць бяздушных і бяздумных адносін улад да мастацтва. Адбыліся выбары кіруючых органаў СТД, старшынёй быў выбраны А. Дудараў.

20 сакавіка — прэм’ера оперы “Майстар і Маргарыта” М. Булгакава ў Акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі. Кампазітар — Я. Глебаў, дырыжор А. Анісімаў, рэжысёр — В. Цюпа, мастак — У. Арэф’еў, аўтары лібрэта — Л. Глебава і Я. Глебаў. З крытыкі: лібрэта маласцэнічнае, месцамі зацягнутае, музыка занадта ілюстратыўная, пазбаўленая вобразнасці, спектакль не ўспрымаецца як цэлае, распадаецца на асобныя сцэны. Аўтары оперы абмежаваліся тэмай “мастак і лёс”, якая вызначае філасофскую значнасць твора. Аўтар артыкула кажа, што галоўны адмоўны персанаж у оперы — не Воланд, а Дзяржава, з якой змагаюцца героі, і на гэтай падставе праводзіць паралелі з нядаўняй барацьбой мастака з савецкай уладай.

— Фестываль “Балтыйская тэатральная вясна-92” у Гародні. Удзел гасцей з Польшчы, Германіі і Фінляндыі надаў фестывалю статус міжнароднага. Трывога арганізатараў і ўдзельнікаў з-за таго, што парушаныя ўсе сувязі і адносіны паміж краінамі: ці не будзе гэты фестываль апошнім?

Берлінскі тэатр “Крэатур”, спектакль “Карычная лаўка”, рэжысёр Анджэй Воран (крытыкамі быў названы мастацкім лідарам фестывалю, лепшы спектакль). Таленавіты, відовішчны, шумны спектакль-прадстаўленне, дзе ў акторскім выкананні пераважае паказ (а не перажыванне). Мінус — відавочная штучная зробленасць (аўтар артыкула кажа, што з’яўляецца прыхільнікам рускай акторскай школы). Эстонскі пярнускі тэатр Эндла, спектакль “Ганчарня Эп Піларпарт з Пуньяба”. На сцэне сапраўдны ганчарны круг, акторы падчас спектакля робяць на ім глечыкі, кубачкі і іншыя вырабы, якія можна купіць пасля спектакля ў якасці сувеніра. Прыз за лепшую жаночую ролю (Лійна Тэнасаар). “Ку-ку” ад “Вольнай сцэны”спрэчная пастаноўка: п’еса выбрана ўдала, але памылка ў рэжысёрскім прачытанні і сцэнаграфічным вырашэнні (таму што, на думку аўтара, у нас не хапае ведаў, каб ставіць творы абсурдысцкага кшталту). Латышскі маладзёжны тэатр пад кіраўніцтвам А. Шапіры, спектакль “Дэмакратыя” І. Бродскага — усе кампаненты спектакля паасобку цікавыя, але разам не складваюцца, робяць уражанне шэрасці і суму. Мангеймскі тэатр (Германія), пластычны спектакль-казка “Канферэнцыя птушак”. Рэжысёр Марчэла Дыяс і харэограф Меверык Квек узнагароджаныя дыпломам фестывалю. Літоўскі тэатр, пастаноўка оперы Ф. Байёраса на драматычнай сцэне, спектакль “Боскае ягня”, рэжысёр Йонас Вайткус. Таямніча-прыгожае відовішча, але акторы невыразныя, бо загнаныя ў жорсткую рэжысёрскую форму. Крытыка за фанаграму (музычныя кампазіцыя выканаў Камерны хор радыё і тэлебачання, а акторы на сцэне проста адкрывалі раты пад запіс) і за “зноў палітыка” (аўтар артыкула абураецца, што нават у містычнай оперы ёсць адсылкі да СССР, шмат палітыкі ў замежнікаў).

Беларускае тэатральнае мастацтва на “Балтыйскіх вёснах” выглядае не лепшым чынам, прычыны:

• добры спектакль не ўпісваецца ў сітуацыю і апынаецца ў нявыгадных умовах паказу;

• не заўжды справядлівы і зразумелы падбор спектакляў (напрыклад, адкрывала фестываль “Паўлінка” Гродзенскага тэатра вельмі нізкай якасці);

• беларуская драматургія спрадвечна сялянская, але асноўны спажывец тэатра — гараджанін;

• упэўненасць у тым, што толькі ўласны шлях правільны, не вучымся ў суседзяй, але самі спрабуем іх вучыць.

Літоўскі крытык: на фестывалі праблема адбору спектакляў, асабліва беларускіх (“Ку-Ку” і “Хрыстос і Антыхрыст” Барыса Луцэнкі — рэжысёрская бездапаможнасць і рэжысёрская гігантаманія, “Паўлінка” — знявага класікі). Агульны тон апісання фестываля: шкадаванне, што ён, хутчэй за ўсё, будзе апошнім; крытыка беларускіх спектакляў у параўнанні з замежнымі.

ЛІПЕНЬ

10 ліпеня — нараджэнне тэатра музычных асацыяцый “Метамарфозы” з першым спектаклем “Метамарфозы па Ігару Талькову”. Галоўны рэжысёр і мастацкі кіраўнік — В. Седранок. Тэатр музычных асацыяцый — сінтэз музыкі, пластыкі, пантамімы, харэаграфіі ў самых розных іх спалучэннях; сутнасць — адраджэнне містэрыяльнага мастацтва, заснаванага на медытацыі. Гэта прафесійны тэатр, але не прывязаны да канкрэтнага месцазнаходжання, вандроўны тэатр. Спонсар тэатра — камерцыйная структура “ABI Company”. Таксама спонсарам самога спектакля была радыёстанцыя “Беларуская маладзёжная”, якая прадаставіла фанаграмы песен Талькова.

Першы паказ — у памяшканні Тэатра-студыі кінаакцёра. Галоўная роля — І. Абрамовіч. У крытычным артыкуле найбольшая ўвага — самому Талькову, яго творчасці і біяграфіі: “Талькоў са сваімі рок-бардаўскімі песнямі стаў выразнікам народнага смутку”. Спектакль задумваўся яшчэ да смерці Талькова, была дамоўленай сустрэча з ім, але музыкант загінуў, таму спектакль раптам набыў іншае гучанне.

КАСТРЫЧНІК

5 кастрычніка — спектакль “Звон не малітва” І. Чыгрынава, Акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, рэжысёр — Г. Давыдзька, мастацкі кіраўнік пастаноўкі — В. Раеўскі, мастак — Б. Герлаван. Спектакль пастаўлены ў год святкавання 1000-годдзя Хрыстовай царквы ў Беларусі і распавядае гісторыю Рагнеды і яе сына Ізяслава. Вобраз Рагнеды і ў п’есе і ў спектаклі — спрэчны, сярод гісторыкаў няма паразумення, якой была Рагнеда, таму аўтары выбралі легенду Рагнеды-язычніцы, якая пакутуе ад прыняцця новай веры. Аўтар артыкула праводзіць паралелі з сучасным становішчам у краіне: як і 1000 гадоў назад, зараз краіна на ростані, у чаканні невядомага, калі старыя ідэалы разбураныя і навязваюцца новыя — а чым яны лепшыя? Спектакль даволі статычны, манатонны, але яго выратоўвае яркая вобразная форма.

ЛІСТАПАД

27-30 лістапада — агляд “Драматычнае мастацтва Беларусі-92” у Гомелі. Агляд, а не фестываль — бо не будзе журы і прызоў (афіцыйная версія, паводле версіі аўтара артыкула — гэта перастрахоўка, бо ў арганізатараў не было ўпэўненасці, што мерапрыемства атрымаецца адпаведнай якасці: гэта мусіў быць трэці Беларускі тэатральны фестываль (першы — 1986 г.).

Асноўная мэта фестываля — папулярызацыя беларускай драматургіі. Адкрыў агляд Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа спектаклем “Залёты” В. Дуніна-Марцінкевіча — вельмі добра прыняты публікай. Рэжысёр — У. Лізянгевіч, мастацкі кіраўнік пастаноўкі — Б. Эрын, дырыжор — Г. Шэмет, мастак — У. Жданаў, кампазітар — У. Кандрусевіч. Рэжысёр і ўся пастановачная трупа адчулі і патрапілі ў стылістыку п’есы-камедыі, змяніўшы частку сцэн і маналогаў. Тэатр-лабараторыя беларускай драматургіі — спектакль “Галава” І. Сідарука, жанр — фарс-абсурд. Рэжысёр — В. Мазынскі. Спектакль хвалілі на аглядзе, але аўтар артыкула раскрытыкаваў яго: няма сэнсу ў спектаклі, пустая мітусня, да таго ж чарнуха і брыдкаслоўе са сцэны (непавага да гледача). Аўтар артыкула задаецца пытаннем, ці варта такі спектакль везці на рэспубліканскі агляд, дзе дэманструюцца лепшыя тэатральныя здабыткі года. Магілёўскі абласны драматычны тэатр — спектакль “Смешныя і грэшныя людцы мае…” па творах Я. Купалы і Л. Родзевіча. Жанр вызначаны як “жарты ў стылі вясковай эротыкі”. Рэжысёр М. Дзінаў. (Год таму гэты ж твор ставіў Мінскі Музычна-драматычны тэатр, але, на жаль, калектыў распаўся). Аўтар артыкула звяртае ўвагу на тое, што ў спектаклі сюжэт трымаецца на адных грахах, якіх надта ўжо шмат. Гомельскі тэатр — спектакль “Паўлінка” Я. Купалы, рэжысёр А. Гузій. Нараканні на рэжысёра з боку аўтара артыкула, бо рэжысёр спрабаваў знайсці новы падыход да ўсім ужо на памяць вядомай п’есы, змяняючы сцэны і дапісваючы рэплікі ад сябе (ці мае права рэжысёр так абыходзіцца з класічным творам? (на думку крытыка — не мае)). Незалежны тэатр “ЕТ СФ Ракордс” (працуе ў Гомелі, лічыцца беларуска-амерыканскім тэатрам, які фінансуе былы жыхар Гомеля, а цяпер амерыканскі мільянер), рэжысёр Якаў Натапаў — спектакль “Спадарожнікі ў начы” паводле п’есы С. Страціева “Аўтобус”. Беларускі акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы — спектакль “Звон не малітва”.

Упершыню на фестывалі быў уручаны прыз Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі “Крыштальная Паўлінка” — узнагарода за буйны ўклад у развіццё сцэнічнага мастацтва — Стэфаніі Міхайлаўне Станюце. Асноўны настрой: увесь час гучаць нараканні на складаную сітуацыю, у якой зараз знаходзіцца краіна, хваляванні пра яе далейшы лёс, і на фоне — нібыта палёгка, што знаходзіцца фінансаванне для тэатраў (ніводзін дзяржаўны тэатр не быў зачынены), праходзяць фестывалі, ставяцца новыя спектаклі, у тым ліку — ужо больш нацыянальнай драматургіі.

 

Калі вы заўважылі недакладнасць альбо памылку, а таксама ведаеце іншыя факты і падзеі, калі ласка, пішыце нам ziernie.net@gmail.com!

Пакінуць каментар

Ваш email адрас не будзе апублікаваны.

Магчыма выкарыстоўваць HTML тэгі і атрыбуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>