2014

Суббота, Декабрь 27, 2014 | ТЭГІ: архіў , таймлайн , хроніка

СТУДЗЕНЬ

10 студзеня — гастролі Беларускага Свабоднага тэатра ў Гомелі: паказ спектакля “Ліст да Кэці Акер. Мінск 2011”, рэж. У. Шчэрбань. Грамадска-палітычны цэнтр, Гомель.

— Літоўскі рэжысёр Саўлюс Варнас прызначаны галоўным рэжысёрам Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра.

ЛЮТЫ

11–16 лютага — II адкрыты Форум пластычных і эксперыментальных тэатраў Беларусі “ПлаSтформа-Мінск-2014”. У праграме: “РАМОНТ” (Пластычны тэатр “ІнЖэст” і гурт “Плато” / Мінск), “Аніма” (Адэкватны тэатр “вКубе” / Мінск), “Насельнікі Смерці” (Эксперыментальны тэатр “T (e) = Art” / Мінск), “Атракцыён з абмежаванай адказнасцю” (Тэатр танца “Каракулі” / Мінск), “Бог Сонца” (Юзэф Маркоцкі, “Teatr Formy” / Вроцлаў, Польшча), “Чайка” (Тэатральная лабараторыя “Fortinbras” / Мінск. Спектакль быў адменены ў сувязі з адмовай ДК Чыгуначнікаў даць памяшканне. Афіцыйная версія — рамонт, неафіцыйная — з прычыны цэнзуры), “Пераклад” (Тэатр-студыя сучаснай харэаграфіі Д. Юрчанкі / Віцебск), “Захавальнікі” (Студыя сучаснага танца “Паралелі” / Віцебск), “Right, left, middle” (Група сучаснай харэаграфіі “Quadro” / Гомель), “Я ў n-ай ступені”, “Секунда” (“Skvo’s Dance Company” разам з гуртом “Port Mone” / Мінск), “Мёртвыя ды Жывыя фігуркі” (“Laboratory Figures Oskar Schlemmer” / Магілёў), “Прыходзяць і сыходзяць”, “Двойчы два” (Танц-тэатр “Галерэя” / Гродна). Паралельная праграма: дыскусіі пасля спектакляў, майстар-класы Рышарда Каліноўскага (“Lubelski Teatr Tanca”, Люблін, Польшча), Юзэфа Маркоцкага (“Teatr Formy”, Вроцлаў, Польшча), Валянціны Мароз (Мінск), Іны Асламавай (Гомель), Вячаслава Іназемцава (Мінск); лекцыі Вольгі Лабоўкінай і Святланы Уланоўскай. Пляцоўкі: ДК Чыгуначнікаў, Моладзевы тэатр эстрады, Галерэя TUT.by, Галерэя сучаснага мастацтва “Ў”.

“Чайка”. Рэж. М. Сазонава. Тэатральная лабараторыя “Fortinbras”

“Чайка”. Рэж. М. Сазонава. Тэатральная лабараторыя “Fortinbras”

14 лютага — прэм’ера пластычнага спектакля “Чайка”. Рэж. М. Сазонава. Тэатральная лабараторыя “Fortinbras” / Беларускі свабодны тэатр, Мінск. (Спачатку паказ спектакля планаваўся ў межах Форума “ПлаSтформа-Мінск-2014”, але напярэдадні быў адменены ў сувязі з рамонтам памяшкання. Трупа тэрмінова знайшла пляцоўку самастойна).

САКАВІК

— Вынікі Міжнароднага конкурсу сучаснай драматургіі “Свабодны тэатр”. Гран-пры — Максім Дасько з тэкстамі “Радио Культура”, “И сострадание вмиг открыло ей”, “Титан” (Мінск, Беларусь). Намінацыя “П’еса” — Марына Крапівіна з п’есай “Сигналы примирения” (Масква, Расія), Марыя Зялінская з п’есай “Божий медведь” (Растоў-на-Доне, Расія), Олжас Жанайдараў з п’есай “Джут” (Масква, Расія). Намінацыя “П’еса малой формы і эксперыментальны тэкст для тэатра” — Максім Дасько з тэкстамі “Радио Культура”, “И сострадание вмиг открыло ей”, “Титан” (Мінск, Беларусь), Вікторыя Даценка з п’есай “Вариации на тему мультикультурности” (Масква, Расія), Міхаіл Гаеха з п’есай “Воспитатель” (Санкт-Пецярбург, Расія). Намінацыя “Інтэрпрэтацыя класічнага твора” — Алег Міхайлаў з п’есамі “Medved”, “Подлинная история фрекен Хильдур Бок” (Харкаў, Украіна), Асман Ібрагімаў з п’есай “Бэла” (Махачкала, Расія), Вадзім Новак і Андрэй Краўчанка з п’есай “12” (Харкаў, Украіна). Спецыяльны прыз журы — Жэня Клёцкін з п’есай “Ян Кертис” (Мінск, Беларусь). Прыз Тома Стопарда “Яркі дэбют” — Алег Канін з п’есай “Престиж” (Новаалтайск, Расія). Прыз Дайніса Грынвалдса “Правілы і выключэнні” — Дзяніс Рэтраў з п’есай “Как я провел воскресенье” (Масква, Расія).

5 сакавіка — адначасова ў Мінску і Лондане (тэатр “Young Vic”) адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў, а таксама чыткі асобных п’есаў. Творы пераможцаў выйшлі асобным зборнікам — на мове арыгінала і на англійскай мове — у выдавецтве “Oberon Books” (Лондан).

6 сакавіка — забарона ў Брэсце беларускай прэм’еры спектакля “Чарнобыль” тэатра “Крылы халопа”, рэж. А. Гайко.

1

13 сакавіка — прэм’ера дакументальнай п’есы “Норд Ост” Торстэна Бухштайнэра. Рэж. У. Пятровіч. Малая сцэна Магілёўскага драматычнага тэатра.

КРАСАВІК

— Выйшла кніга “Танцавальны лабірынт”, прысвечаная 25-годдзю Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску: Танцавальны лабірынт. Сучасная харэаграфія. Гісторыя Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску. 25 гадоў // Зборнік артыкулаў / Рэд. калегія: Т. Катовіч, Ю. Чурко, В. Уральская, С. Уланоўская, С. Гуткоўская, М. Раманаўская і інш. / Гал. рэд. Ю. Будзько. — Мінск: Мэджык, 2013.

13 красавіка — прэм’ера спектакля “Чырвоны лес”. Рэж. М. Халезін. Беларускі свабодны тэатр, Фалмут, Вялікабрытанія.

25–28 красавіка — у Кіеве адбыўся Міжнародны фестываль contemporary dance і тэатраў танца “ZELYONKA-FEST”. Сярод удзельнікаў фэсту — тэатр танца “SKVO’s Dance Company” Вольгі Скварцовай (Мінск).

ТРАВЕНЬ

10–11 траўня — II Мінскі форум вулічных тэатраў, Мінск.

— Кіраўнік тэатра сучаснай харэаграфіі D.O.Z.SK.I Дзмітры Залескі афіцыйна заявіў пра распад калектыву і стварэнне новага шоу-праекта Zaleski DanceDesign Show.

26–30 траўня — Цэнтр беларускай драматургіі правёў III Міжнародную драматургічную лабараторыю. Аздараўленчы комплекс “Ракета” (Мінскі раён).

27 траўня — прэм’ера спектакля “Зямля № 2” паводле тэкстаў М. Дасько (“Титан”, “И состраданье вмиг открыло ей” и “Радио Культура”). Рэж. У. Шчэрбань. Беларускі свабодны тэатр, Мінск.

ЛІПЕНЬ

5–8 ліпеня — II Лабараторыя рэжысёрскіх праектаў. Паказ працаў: “Па імені Гаспадар” Ф. Лёле, рэж. Н. Ляванава; Х. Мюлер “Маўзер”, рэж. А. Стрэльнікаў; дакументальны праект “Старасць”, рэж. А. Стрэльнікаў; дакументальны спектакль “Нех…вы дзень”, рэж. А. Сілуціна. Арганізатар: Цэнтр экперыментальнай рэжысуры, Мінск.

ЖНІВЕНЬ

8–10 жніўня — фестываль “ПРЫЗБА-фэст: Тэатр. Экалогія. Сацыяльнае мастацтва”. Арганізатары: аграэкасядзіба “Залессе” і тэатр “Крылы халопа” (Брэст). У праграме: спектаклі тэатра “Венгайты” (Польшча), беларуская прэм’ера спектакля “Чарнобыль” (“Крылы халопа”, Брэст), праект “Кінемо”, лекцыі Т. Арцімовіч і В. Шпарагі. А таксама майстэрні эка-дызайну, майстар-клас традыцыйнага танца ад тэатра “Венгайты” ды інш. Белавежская пушча, Залессе, Вялікае Сяло.

IMG_2302

Фестываль “ПРЫЗБА-фэст: Тэатр. Экалогія. Сацыяльнае мастацтва”

27–31 жніўня — прэм’ера спектакля “Парки и сады” П. Пражко ў Санкт-Пецярбурзе. Рэж. Д. Валкастрэлаў, тэатр post.

— У шорт-ліст Конкурсу сучаснай драматургіі “Любімаўка 2014” увайшлі п’есы чатырох беларусаў: “Лондан” Максіма Дасько (Мінск), “Двое лішніх, трэці — занадта” Лёхі Чыканаса (Мінск), “Карына і Дрон” Паўла Пражко (Мінск), “Цэрбер” Святланы Русаковай (Гродна).

25 жніўня — прэм’ера спектакля “З іншага боку” KorniagTHEATRE і “CHOREA” (Лодзь). Рэж. Я. Карняг. Прэм’ера спектакля адбылася ў межах III Міжнароднага тэатральнага фестывалю “RETRO / PER / SPEKTYWY” (Лодзь, Польшча). “Art_Inkubator w Fabryce Sztuki”, Лодзь / Польшча.

ВЕРАСЕНЬ

2 верасня — прэм’ера спектакля “Как я стал…” Я. Пуліновіч (Расія). Рэж. С. Кулікоўскі, Новы драматычны тэатр (Мінск).

6–14 верасня — юбілейны фестываль маладой драматургіі “Любімаўка” ў Маскве. У межах фестывалю адбыліся паказы чытак паводле тэкстаў: “Карына і Дрон” П. Пражко (рэж. Т. Ларына), “Лондан” М. Дасько (рэж. С. Александроўскі), “Двое лішніх, трэці — занадта” Л. Чыканаса (рэж. В. Пячэрнікава). А таксама быў прэзентаваны зборніка навелаў “Любимовка. Первая четверть”, напісаных да 25-годдзя фестывалю, куды ўвайшлі тэксты Д. Багаслаўскага, П. Пражко і К. Сцешыка.

16 верасня — прэм’ера спектакля “The Price of Money” Беларускага Свабоднага тэатра (разам з Falmouth University / AMATA). Рэж. У. Шчэрбань. Выканаўцы: Олівэр Бэнэт, Элі Ўэстбрук, Павал Гарадніцкі, Кірыл Машэка, Яна Русакевіч, Марыя Сазонава, Андрэй Уразаў, Эмілі Хоўтан, Юля Шаўчук, Марына Юрэвіч. The Albany, Лондан / Англія.

— Рэжысёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек (Мінск) Аляксандр Янушкевіч прызначаны на пасаду мастацкага кіраўніка Пермскага тэатра лялек (Расея).

21–28 верасня — XI Міжнародны фестываль студэнцкіх тэатраў “Тэатральны куфар, БДУ-2014”. Арганізатар — БДУ, Мінск.

27 верасня — 22 кастрычніка — IV Міжнародны форум тэатральнага мастацтва “ТЕАРТ” прайшоў у Мінску. У межах форума адбыліся паказы спектакляў асноўнай праграмы, а таксама сустрэчы з рэжысёрамі, бясплатныя майстар-класы, лекцыі ды інш. Сёлета асобна была прадстаўленая праграма “Belarus Open”, у межах якой штодня з 27 верасня да 2 кастрычніка дэманстраваліся беларускія тэатральныя праекты. Практычна ўсе спектаклі “Belarus Open” заснаваныя на беларускім матэрыяле. У оф-праграме — спектаклі “Сумны хакеіст” П. Пражко (рэж. Д. Валкастрэлаў, прэм’ера — “ТЕАРТ 2013”), “Калі заўтра няма” Д. Багаслаўскага (РТБД), чыткі п’есаў А. Іванова “Гэта ўсё яна” і В. Красоўскага “Вагон” (разам з Ірынай Гарэц, ЦБД).

27 верасня — прэм’ера спектакля “Шабаны” А. Бахарэвіча (рэж. А. Ганум). РТБД, Мінск. У межах “ТЕАРТ” / праграма “Belarus Open”.

27 верасня — лекцыі Рэнаты Клет (Германія) “Нямецкі тэатр сёння”. ЦЭХ, Мінск. У межах “ТЕАРТ”.

КАСТРЫЧНІК

3 кастрычніка — лекцыя мастачкі, рэжысёркі, дырэктаркі тэатра “Hotel ProForma” Кірстэн Дэльхольм “Я не люблю тэатр”. Навучальны корпус БДАМ, Мінск. У межах “ТЕАРТ”.

6 кастрычніка — майстар-клас рэжысёра-харэографа Cяргея Зямлянскага (Расія). НАТ імя Янкі Купалы, Мінск. У межах “ТЕАРТ”.

8 кастрычніка — кіраўнік групы сучаснай харэаграфіі “ТАД” (Гродна) Дзмітрый Куракулаў пакінуў калектыў у выніку рознагалосся з кіраўніцтвам філармоніі.

9–11 кастрычніка — майстар-клас па культурным менеджменце ад экспертаў з Таварыства творчых ініцыятыў “Ę” (Варшава), Яны Мікульскай і Агнешкі Паянчкоўскай. Мінск. У межах “ТЕАРТ”.

15 кастрычніка — сустрэча з Наталляй Якубавай (Расія), аўтаркай кнігі “Тэатр у эпоху пераменаў у Польшчы, Венгрыі і Расіі. 1990–2010-я”. Цэнтр сучаснага мастацтва, Мінск. У межах “ТЕАРТ”.

14, 15 і 16 кастрычніка — чыткі сучасных фінскіх п’есаў: Эмілія Пэўханэн “Выбранае”, рэж. Н. Ляванава; Юха Ёкела “Фундаменталісты”, рэж. Д. Цішко; Сірку Пэлтала “У ботах бабкі гучаў факстрот”, рэж. А. Сілуціна. Сумесны праект Міжнароднага форума тэатральнага мастацтва “ТЕАРТ” і Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры БДАМ. Пры падтрымцы аддзялення Пасольства Фінляндыі ў Рэспубліцы Беларусь і Пасольства Фінляндыі ў Расійскай Федэрацыі. Цэнтр сучаснага мастацтва, Мінск.

15 кастрычніка — прэм’ера спектакля “Перамешчаныя асобы: жанчыны” на аснове кнігі “У вайны не жаночае аблічча” С. Алексіевіч. Рэж. М. Дабраўлянская. НДТ, Мінск. У межах “ТЕАРТ” / праграма “Belarus Open”.
22 кастрычніка — прэм’ера спектакля “Бацька” паводле п’есы “Ціхі шолах сыходзячых крокаў” Д. Багаслаўскага. Рэж. К. Аверкава. НАДТ імя Янкі Купалы, Мінск. У межах “ТЕАРТ” / праграма “Belarus Open”.

“Перамешчаныя асобы: жанчыны”. Рэж. М. Дабраўлянская

“Перамешчаныя асобы: жанчыны”. Рэж. М. Дабраўлянская

25 кастрычніка — чытка п’есы “Сорам” Аляксея Макейчыка, напісанай у межах III Міжнароднай драматургічнай лабараторыі—2014. Цэнтр беларускай драматургіі, Мінск.

25 кастрычніка — на малой сцэне Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы стартаваў праект чытак п’есаў сучасных беларускіх драматургаў. Першая п’еса — “Асцярожна памідоры!” Сяргея Анцалевіча. Рэж. Д. Фёдараў.

30 кастрычніка — лекцыя Крысціны Смольскай “Феномен сучаснага польскага тэатра”, Цэнтр сучаснага мастацтва, Мінск.

ЛІСТАПАД

— Галоўны рэжысёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Аляксей Ляляўскі вылучаны на атрыманне “Залатой маскі” ў намінацыі “Лялькі / праца рэжысёра”, а мастак-сцэнограф лялечнага тэатра Аляксандр Вахрамееў — у намінацыі “Лялькі / праца мастака”. Абодва аўтары намінаваныя за спектакль для дарослых “Адысей” пецярбургскага тэатра-студыі “Karlsson Haus”.

5 лістапада — чытка п’есы “Песня імігранта” Аляксандра Мантуша, напісанай у межах III Міжнароднай драматургічнай лабараторыі—2014. Рэж. Н. Родзіна. Цэнтр беларускай драматургіі, Мінск.

15 лістапада — лекцыя Аляксея Стрэльнікава (Беларусь) “Драматургія постдраматычнага тэатра”. Галерэя TUT.BY, Мінск.

19–23 лістапада — ΧΧVII Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі (IFMC) у Віцебску. У конкурсе ўдзельнічалі 33 калектывы з дзевяці краін. У фінал выйшлі 22. З іх сем — з Беларусі, пяць — з Расіі, чатыры — з Украіны, адзін калектыў з Латвіі ды адзін — з Японіі. Гран-пры — Аяка Хабата і Котара Іто (Ayaka Habata & Cotara Ito Dance Company / Токіа, Японія). Спецыяльныя дыпломы экспертнай рады: “За творчую смеласць” — Kristine Vismane / Латвія; “За ўвасабленне ў танцы гістарычнай памяці народа” — Sona Hovsepyan Dance Company / Масква, Расія; “За пластычнае рашэнне” — Тэатр-студыя сучаснай харэаграфіі / Масква, Расія; “За ўнёсак у развіццё беларускага contemporary dance” — Вольга Скварцова, SKVO’S Dance Company / Мінск, Беларусь; “За таленавіты дэбют” — “X-перыменты”, праект Валянціна Ісакава / Гомель, Беларусь. Спецыяльную прэмію імя Яўгена Панфілава найлепшаму харэографу конкурсу атрымала Вольга Гарабчук, Тэатр танца “нОга” / Омск, Расія. 3-я прэмія: Тэатр-студыя сучаснай харэаграфіі / Масква, Расія; праект Уладзіміра Міцева / Кіеў, Украіна; Тэатр-студыя сучаснай харэаграфіі / Масква, Расія. 2-я прэмія: Totem Dance Group / Кіеў, Украіна; Тэатр-студыя сучаснай харэаграфіі Дыяны Юрчанкі / Віцебск, Беларусь; праект Сяргея Паяркова і Ігара Нічыпарука / Мінск, Беларусь. 1-я прэмія: Тэатр танца “O’She” / Волагда, Расія.

24–30 лістапада — фінальныя паказы намінантаў трэцяга рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва “Нацыянальная тэатральная прэмія”, Мінск. Сёлета прэмія праводзілася ў новым фармаце, дакладней, адбылося вяртанне да савецкай мадэлі: замест шырокай групы экспертаў з прадстаўніком ад кожнага тэатра лёс пераможцаў вырашае журы з адзінаццаці чалавек, прызначаных Міністэрствам культуры. Галоўную прэмію ўручала Л. Ярмошына.

Узнагароды: “Найлепшы спектакль для дзяцей” — “Снежная каралева” (паводле казкі Г. К. Андэрсана) Драматычнага тэатра Беларускай Арміі; “Найлепшая акцёрская праца ў спектаклі для дзяцей” — Марына Дзянісава, “Снежная каралева”; “Найлепшая рэжысёрская праца ў спектаклі для дзяцей” — Аляксандр Янушкевіч, “Малы і Карлсан, які жыве на даху” (паводле казкі А. Ліндгрэн) у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек і “Клочки по закоулочкам” (Г. Осцер) у Мінскім абласным тэатры лялек “Батлейка”; “Найлепшы спектакль музычнага тэатра” — “Соф’я Гальшанская” (В. Кандрусевіч) Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра; “Найлепшая акцёрская праца ў спектаклі музычнага тэатра” — Антон Заянчкоўскі, “Соф’я Гальшанская”; “Найлепшая рэжысёрская праца ў спектаклі музычнага тэатра” — Міхаіл Кавальчык, “Соф’я Гальшанская”; “Найлепшы спектакль тэатра лялек” — пастаноўка “Ладдзя роспачы” (паводле аповесці У. Караткевіча) Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек; “Найлепшая акцёрская праца ў спектаклі тэатра лялек” — Дзмітры Рачкоўскі, “Ладдзя роспачы”, і Уладзімір Тэвасян, “Самазванец” (паводле п’есы “Барыс Гадуноў” А. Пушкіна) Брэсцкага абласнога тэатра лялек; “Найлепшая рэжысёрская праца ў спектаклі тэатра лялек” — Аляксей Ляляўскі, “Ладдзя роспачы” Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек і “Самазванец” Брэсцкага абласнога тэатра лялек; “Найлепшы спектакль балета” — балет “Вітаўт” (В. Кузняцоў) Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета; “Найлепшая акцёрская праца ў спектаклі балета” — Людміла Хітрова, “Вітаўт”; “Найлепшая праца балетмайстра ў спектаклі балета” — Юры Траян, “Вітаўт”; “Найлепшая сучасная беларуская пастаноўка” — балет “Вітаўт” Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета; “Найлепшы оперны спектакль” — “Лятучы галандзец” (Р. Вагнэр) Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета; “Найлепшая акцёрская праца ў спектаклі оперы” — Станіслаў Трыфанаў, “Лятучы галандзец”; “Найлепшая рэжысёрская праца ў спектаклі оперы” — Ганс-Ёахім Фрай, “Лятучы галандзец”; “Найлепшы мастак-пастаноўшчык” — Валерый Рачкоўскі (пасмяротна), “Ладдзя роспачы” Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек і “Самазванец” Брэсцкага абласнога тэатра лялек; “Найлепшы спектакль тэатра драмы” — спектакль “Аракул?..” (А. Макаёнак) Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага; “Найлепшая акцёрская праца ў спектаклі тэатра драмы” — Раман Салаўёў, “Пахавайце мяне за плінтусам” (паводле аповесці П. Санаева) Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа; “Найлепшая рэжысёрская праца ў спектаклі тэатра драмы” — Саўлюс Варнас, “Фрэкен Жулі” (А. Стрындбэрг) Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра. “За ўнёсак у развіццё тэатральнага мастацтва” — Наталля Гайда. “Мецэнат тэатра” — старшыня ААТ “Белзнешэканамбанк” Павел Калаур.
Арганізатары прэміі — Міністэрства культуры Беларусі і Мінгарвыканкам.

СНЕЖАНЬ

— п’еса “Эшалон № 0” В. Красоўскага і І. Гарэц трапіла ў шорт-ліст расійскага конкурсу “Дзейныя асобы 2014”. У 2015 годзе будзе выдадзены адмысловы зборнік, а таксама адбудзецца ўрачыстая прэзентацыя п’ес лаўрэатаў.

— праект Андрэя Саўчанкі “Бі-лінгвы, ці Кураня з сэрцам” трапіў у праграму “Маска плюс” Міжнароднай тэатральнай прэміі “Залатая маска 2015” (Масква).

7 снежня — чытка тэксту “Лондан” М. Дасько. Рэж. Д. Фёдараў. У межах праекта чытак п’есаў сучасных беларускіх драматургаў. Малая сцэна Акадэмічнага тэатра драмы, Брэст.

9 снежня — прэм’ера спектакля Skvo’s Dance Company: танцавальны перформанс “Прадметная размова”. Аўтарка ідэі / пастаноўка — Вольга Скварцова. Беларускі моладзевы тэатр, Мінск.

 “МАБЫЦЬ?” Рэж. А. Марчанка

“МАБЫЦЬ?” Рэж. А. Марчанка

9 снежня — прэм’ера спектакля “МАБЫЦЬ?” Д. Багаслаўскага. Рэж. А. Марчанка. РТБД, Мінск.

19 снежня — прэм’ера спектакля “Час жанчын”. Рэж. М. Халезін. Беларускі свабодны тэатр, Мінск.

23 снежня — прэм’ера спектакля “Не стаўце крыж”. Рэж. К. Канстанцінаў. Тэатральная лабараторыя “Fortinbras” / Беларускі свабодны тэатр, Мінск.

25 снежня — прэм’ера спектакля “Зямля № 2” паводле тэкстаў М. Дасько (“Титан”, “И состраданье вмиг открыло ей” и “Лондон”). Рэж. У. Шчэрбань. Беларускі свабодны тэатр, Мінск.

На вокладцы: сцэна са спектакля “Зямля № 2”, фота П.Белавус

Пакінуць каментар

Ваш email адрас не будзе апублікаваны.

Магчыма выкарыстоўваць HTML тэгі і атрыбуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>