XIX Міжнародная студэнцкая навуковая канферэнцыя Еўропа-2017

Пятница, Февраль 10, 2017 | ТЭГІ: адукацыя

6-7 траўня 2017 
Вільня, Літва

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (Вільня, Літва) запрашае студэнтаў бакалаўрскіх і магістарскіх праграм да ўдзелу ў міжнароднай студэнцкай канферэнцыі “Еўропа-2017. Ад друкаванага слова да ведаў: лакальныя традыцыі і глабальны пераход”, якая адбудзецца 6-7 траўня 2017 года ў Вільні.

Студэнцкая навуковая канферэнцыя ЕГУ сёлета ладзіцца пад знакам дзвюх выбітных датаў: 500-годдзя выдання Францыскам Скарынам першай беларускай друкаванай кнігі (і першай друкаванай кнігі на ўсходнеславянскай мове) і 25-гадовага юбілею Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

Мэтай канфэрэнцыі з’яўляецца прэзентацыя даследаванняў і абмен ідэямі, якія б ахапілі і агучылі рознапланавыя тэндэнцыі і практыкі лакальнага ў эпоху/эпохі глабальнага ў розных камунікацыйных/тэхналагічных парадыгмах.

Мы прапануем прааналізаваць сацыягуманітарныя наступствы вынаходніцтва кнігадрукавання — але зірнуць на гэтую праблему не толькі з гледзішча гістарычнай навукі, але і з перспектывы найноўшых камунікацыйных паваротаў, якія мы перажылі ці перажываем цяпер.

Друкаванае слова на лакальнай/нацыянальнай мове стала прычынай дэмакратызацыі і большай даступнасці інфармацыі: прагрэс у тэхналогіях спрычыніўся да папулярызацыі ведаў, друкарская рэвалюцыя паступова зрабіла веды дэмакратычным, а не элітарным прадуктам. Аднак гэта пытанне не толькі мовы ці моваў, але і ўніверсалізацыі тэхналогіяў, ведаў і прынцыпаў развіцця. А таксама пытанне прыладаў, якія могуць ужывацца на лакальным узроўні для распаўсюду, захавання і доступу да ўсё больш універсальнай інфармацыі. З развіццём новых дыгітальных тэхналогій гэты працэс займеў новае вымярэнне і спецыфіку.

Удзельнікам канферэнцыі мы прапануем паразважаць у тым ліку на наступныя тэмы (не абмяжоўваючыся імі):
• Які лёс чакае друкаванае слова?
• Нас чакае татальны ці ўсё ж частковы пераход да слова і веды ў новым фармаце — дыгітальным, лічбавым?
• Ці нагэтулькі ж рэвалюцыйны гэты транзіт, як і вынаходніцтва друку?
• Што адбываецца падчас гэтага пераходу?
• Якія практыкі мы губляем і якія набываем падчас такіх транзітаў?
• Як зыначваюцца лакальныя традыцыі і практыкі падчас глабальных пераўтварэнняў, пераходаў?
• Як гэты паварот адбіваецца на чалавечым вымярэнні (з’яўленне іншых формаў ідэнтычнасці, каштоўнасць чалавека) — дый зрэшты, чым ёсць чалавек на парозе новай эпохі?
• Якія лакальныя і глабальныя тэндэнцыі развіцця ведаў і адукацыі ў Беларусі і рэгіёне мы назіраем у эпоху шматлікіх тэхналагічных, палітычных, эканамічных транзітаў?
• Як глабальнае развіццё тэхналогіяў у галіне ведаў дазваляе рэагаваць на змены палітычна-ідэалагічнага і эканамічнага характару ў краіне і свеце?
• Якая роля ўніверсітэта ў прапаноўванні маладым пакаленням фармальна і сутнасна новых ведаў?
У межах канферэнцыі плануюцца наступныя секцыі (апісанні секцый гл. ніжэй):
• Ліберальная адукацыя: традыцыі і патрэбы XXI стагоддзя
• Генеалогія карыстальніка: ад рукапіснага тэксту да дызайну ў друку і лічбе
• Вопыт лакальных палітычных і эканамічных пераўтварэнняў як глабальная веда
• Друкарня і рэвалюцыя: тэхна-культурная логіка (сацыяльных) трансфармацый
• Праблемы станаўлення міжнароднага і еўрапейскага правапарадку
• Інтэграцыйныя працэсы, канстытуцыяналізм, правы чалавека
• Гендарны паварот у сацыяльных навуках: інакшыя даследчыя стратэгіі і формы асэнсавання сацыяльнага
• Новыя тэхналогіі ў публічнай палітыцы і дзяржкіраванні
• Гуманітарныя праблемы сучаснай медыцыны
• Дыгіталізаваныя: суб’ектыўнасць, веды і сацыяльнасць у лічбавую эпоху
• Даследаванні спадчыны: у пошуках новага далягляду ведаў
• Глакалізацыя ў турызме: уплыў глабальных тэндэнцый на лакальныя практыкі
• Technology and the City
• Post-Migrant Cities: Lessons From the Urban Age

Таксама 2-5 траўня плануецца правесці перадканферэнцыйную падрыхтоўчую праграму, якая будзе ўключаць воркшопы, лекцыі, круглыя сталы, прэзентацыі кніг і студэнцкіх навуковых праектаў, прагляды фільмаў, трэнінгі ды культурную праграму, прапаноўваючы студэнтам з розных краін магчымасці нефармальнай камунікацыі і знаёмства з ЕГУ. Праграма мерапрыемстваў з’явіцца ў пачатку красавіка 2017 года.
Працоўныя мовы канферэнцыі: беларуская, руская, англійская.

Працэдура і тэрміны падачы заявак
Заяўкі прымаюцца ад студэнтаў бакалаўрскіх і магістарскіх праграм. Удзел у канферэнцыі — на падставе конкурсу (будзе зроблены адбор заявак). Анлайн-заяўка павінна ўтрымліваць тэзісы даклада (аб’ём 3000-6000 знакаў).
Калі вам неабходная віза: апошні тэрмін падачы заявак — 25 лютага 2017 г. Вынікі конкурснага адбору будуць паведамленыя не пазней за 8 сакавіка 2017 г.
Калі вам не трэба віза: апошні тэрмін падачы заявак — 25 сакавіка 2017 г. Вынікі конкурснага адбору будуць паведамленыя не пазней за 8 красавіка 2017 г.
Удзел у канферэнцыі бясплатны (без рэгістрацыйнага ўнёску). Канферэнцыя вочная: патрабуецца абавязковая асабістая прысутнасць удзельніка ў Вільні і выступленне з дакладам.

Месца правядзення канферэнцыі: навучальны корпус Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (вул. Валакупю, 5, Вільня, Літва).

Візавая падтрымка
Студэнты, якім неабходная візавая падтрымка, павінныя ў заяўцы пазначыць актуальныя пашпартныя звесткі для атрымання візаў. Пашпарт павінен быць прыдатны для выезду за мяжу. Віза выдаецца бясплатна.

Выдаткі на праезд
Выдаткі на праезд да Вільні і назад удзельнікі аплачваюць самастойна. ЕГУ не мае магчымасці забяспечыць удзельнікам трэвэл-гранты.

Жытло
На перыяд правядзення канферэнцыі ўсім удзельнікам прадастаўляецца жытло ў бюджэтных гатэлях або хостэлах (бясплатна на дзве ночы — 5–7 траўня). Універсітэт не пакрывае выдаткі на жытло па-за пазначанымі датамі (акрамя: гл. пункт “Фінансавая падтрымка”).

Харчаванне
Падчас працы секцый будуць арганізаваныя кава-паўзы для ўсіх удзельнікаў. Апрача таго, у кошт пражывання ў гатэлі/хостэле зазвычай уключаны сняданак. Іншыя выдаткі на харчаванне ўдзельнікі пакрываюць самастойна. Сутачныя не прадугледжаныя.

Фінансавая падтрымка
Аўтары найлепшых тэзісаў дакладаў (паводле выбару кіраўнікоў секцый) будуць узнагароджаныя мінігрантамі, якія пакрываюць выдаткі на пражыванне ў Вільні цягам усяго цыклу канферэнцыйных мерапрыемстваў (2-7 траўня). Калі аплікант жадае прэтэндаваць на мінігрант, просім пазначыць гэта ў анлайн-заяўцы і запоўніць поле “Матывацыя”. Мінігрант пакрывае пражыванне і ў грашовым эквіваленце на рукі не выдаецца. Атрымальнік мінігранту павінен гарантаваць свой удзел у перадканферэнцыйных мерапрыемствах у вышэйзгаданыя даты. Да таго ж, сёлета ўпершыню аўтар(-ка) найлепшага даклада на студэнцкай канферэнцыі ЕГУ атрымае мінігрант, каб наведаць Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі (які пройдзе 15-17 верасня ў Варшаве), дзе яму/ёй будзе ўручаны ганаровы сертыфікат.

Зборнік навуковых працаў
Зборнік тэзісаў не публікуецца. Па выніках канферэнцыі плануецца выданне анлайн-зборніка артыкулаў удзельнікаў канферэнцыі. Працэдура адбору артыкулаў для публікацыі:
• вы выступаеце з дакладам на нашай канферэнцыі;
• кіраўнік секцыі рэкамендуе ваш даклад да публікацыі (увага: рэкамендаваныя будуць толькі найлепшыя даклады);
• цягам вызначанага часу вы перапрацоўваеце даклад у артыкул і дасылаеце яго кіраўніку секцыі;
• кіраўнік секцыі прымае альбо адкідае артыкул, выказвае заўвагі і прапановы па ўдасканаленні;
• зборнік праходзіць рэдактуру.

Кантакты
Кантактны адрас: studentconference@ehu.lt За абнаўленнямі сачыце на старонцы канферэнцыі, а таксама на нашых старонках у сацыяльных сетках: VK, Facebook.

 

Пакінуць каментар

Ваш email адрас не будзе апублікаваны.

Магчыма выкарыстоўваць HTML тэгі і атрыбуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>