Код цішыні — гісторыя праекта Тані Арцімовіч і Антона Сарокіна

Среда, Октябрь 28, 2015 | ТЭГІ: афіша , перформанс , прэм'ера

© Крыніца 34mag.net

1 лістапада ў культурным цэнтры Studio67 адбудзецца ўнікальны перформанс “Беларусь 4.33.горад сонца кропка нуль”.

Гэта будзе незвычайная для Беларусі мастацкая дзея, якая аб’яднае гук, відэа, тэкст і складзецца ў цэльнае двухгадзіннае прадстаўленне-інсталяцыю пра горад, яго паўсядзённую рэальнасць і ягоных жыхароў. Аб пераасэнсаванні гарадской гісторыі, болевых кропках Мінска і цішыні, якой на самой справе няма, 34mag.net пагутарыў з аўтарамі праекта – Таняй Арцімовіч і Антонам Сарокіным.

“Беларусь 4.33.горад сонца кропка нуль” — гэта арт-праект, які аб’ядноўвае ў сабе pop-up выставу і перформанс. Гісторыя жыхароў горада, гукі вуліц дапаўняюцца арыгінальным відэа і хронікай — з дапамогай амаль усіх магчымых мультымедыйных сродкаў аўтары пераасэнсоўваюць гісторыю горада, шукаюць яго болевыя кропкі, спрабуюць прагаварыць іх яшчэ раз і закцэнтаваць увагу на істотным.

railway_station_Mar 12, 2015, 12.36.32

Мінск, скрыншот відэа

4.33 — гэта праграмны твор амерыканскага кампазітара Джона Кейджа, анталогія цішыні, якая распавядае пра тое, што цішыні як такой не існуе, — тлумачыць Антон. — Чаму „Беларусь 4.33„? Таму што наша гісторыя — гэта тэрыторыя каналаў, палёў і кропак, якія не прагаворваюцца належным чынам. Гэта такі калектар забароненай памяці ў дадзеным выпадку ў гукавым фармаце.  Калі пачынаеш працаваць над гэтай тэмай, знаходзіш болевыя кропкі на кожным узроўні. І колькасць гэтай цішынi з цягам часу назапашваюцца як снежны ком”. “З іншага боку, Беларусь да гэтага часу застаецца „белай плямай„ на мапе Еўропы, — дадае Таня. — У тым, што нас не чуваць і не відаць, з аднаго боку, мы самі вінаватыя, бо не так актыўна падаем голас, а з іншага — гэта таксама і пытанне да глабальнага кам’юніці. Цішыні не існуе, і калі вы нічога не чуеце — значыць, вы не хочаце нічога пачуць“.

Другая частка праекта грунтуецца на ўжо культавай „Малой падарожнай кніжцы па гораду СОНца“ Артура Клінава. Гэты твор стаў натхненнем і адпраўным пунктам для іх працы, распавядаюць мастакі. У працэсе даследавання адбылася рэвізія ідэі, таму да назвы дадалося словазлучэнне „кропка нуль“ — як сімвал абнулення памяці і стварэння чагосьці новага.

„Тэма горада ўнікальная для кожнага, таму што гэта своеасаблівы працяг цябе, — абагульняюць Таня і Антон. — Мы б хацелі, каб кожны, хто будзе глядзець наш перформанс, зразумеў, што яго гісторыя таксама можа стаць часткай праекта“.
Варшава, скрыншот відэа

Варшава, скрыншот відэа

Праца над праектам вялася на працягу года ў Мінску, Варшаве і Штутгарце. Аўтары падкрэсліваюць, што адмыслова пакідалі „сыраватае“ відэа і не шукалі прыгожых выяваў, каб людзі бачылі рэальнасць такой, якая яна ёсць. Падчас даследавання знайшліся і прыкметныя паралелі ў гісторыях і вобразах розных гарадоў. “Я спрабавала ў той жа Варшаве вывучаць горад і ягоны кантэкст і апынулася, што, па сутнасці, жыхары горада сутыкаюцца з тымі ж праблемамі, што і мы, — распавядае Таня. — Так, актывісты крытыкуюць гарадскія ўлады, адстойваюць „права на горад“, абараняюць гістарычныя будынкі, сетуюць на адсутнасць памяці горада. То бок па сутнасці тыя ж працэсы, што і ў нас. Падобнае адбываецца і ў Штутгарце, напрыклад, вядомы пратэст „Штутграт 21“. Асабіста мне гэта дазволіла вызваліцца ад пачуцця нашай „унікальнасці“.

Адной з важных геаграфічных лакацый для стварэння праекта ў Мінску стала Няміга. Гэта адна з тых кропак, на якой аўтары імкнуцца сканцэнтраваць увагу — бо шмат важнага і нават містычнага для гісторыі Мінска звязана з гэтым месцам. “Няміга — гэта ж жывая рака, якая ўсяго толькі 30 гадоў таму была адпраўлена пад зямлю, яна і да гэтага часу там цячэ! — кажуць аўтары. — З літоўскага Няміга перакладаецца як „тая, хто ніколі не спіць„.

Гэтая рака нябачная, але яна ёсць, яе адправілі пад зямлю канкрэтныя людзі. Свядома альбо не. Прыкладна такое ж адбываецца і з нашай памяццю. Яна канструюецца, у тым ліку намі самімі“.
Мінск, скрыншот відэа

Мінск, скрыншот відэа

Таня і Антон кажуць, што свядома не рамантызавалі горад, спрабавалі пагаварыць пра ўтопію, але не ствараць яе. Яны падкрэсліваюць, што хочуць, каб людзі былі рэалістамі, і не хаваюць таго, што самі яшчэ не ведаюць канчаткова, як будзе выглядаць іх праект падчас яго дэманстрацыі 1 лістапада — бо ён такі ж дынамічны і рухомы, як і гісторыя горада.

„Беларусь 4.33.горад сонца кропка нуль“
1 лістапада (нядзеля)
Studio67 (Партызанскі праспект, 2А), 18.00
Уваход вольны!

Таня Арцімовіч — рэжысёрка, куратарка, арт-крытык. Працы паказваліся ў Мінску, Санкт-Пецярбурзе, Варшаве, Берліне і Штутгарце.

Антон Сарокін — мастак і музыкант, яго працы прадстаўляліся на выставах у Мінску, Берліне і Штутгарце.

a_poster_a3

Пакінуць каментар

Ваш email адрас не будзе апублікаваны.

Магчыма выкарыстоўваць HTML тэгі і атрыбуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>