ЧЫТКА. РУХАВІК СУЧАСНАГА ТЭАТРА БЕЛАРУСІ

Понедельник, Август 5, 2019 | ТЭГІ: адукацыя , новая п'еса , чыткі

Багдан Хмяльніцкі

Характэрнай прыкметай тэатральнага працэсу ў Беларусі на сучасным этапе стала павелічэнне колькасці сцэнічных чытанняў п’ес і паступовае прызнанне чыткі ў якасці самастойнага жанру. Даволі працяглы час чытка сапраўды лічылася хіба што прамежкавай формай прэзентацыі п’есы ад моманту яе напісання да прэм’еры гатовага спектакля, арганічнай часткай рэпетыцыйнага працэсу. На сённяшні дзень меркаванне аб самадастатковасці жанру чыткі атрымлівае ўсё большую падтрымку даследчыкаў_ц [1], [2], [3]. Падобны фармат знаходзіць прызнанне і ў глядацкай аўдыторыі, гатовай завітаць на пастаноўку, дзе акторы_кі не граюць у спектаклі, але наўпрост зачытваюць драматургічны тэкст. Даследчыца Таня Арцімовіч адзначае, што першыя спробы публічных сцэнічных чытанняў у беларускім тэатры былі здзейснены ў канцы 1990-х [4]. З якімі фактарамі звязаны далейшы росквіт і папулярнасць чытак у Беларусі? Якія аспекты жанру дазваляюць лічыць сцэнічнае чытанне феноменам сучаснага тэатра?

НОВАЯ ДРАМА І ЯК ЯЕ СТАВІЦЬ

Адной з важных тэндэнцый, якая абумоўлівае напрамак развіцця сучаснага беларускага тэатра, з’яўляецца актыўнае і хуткае станаўленне “новай драмы” — хвалі твораў, напісаных беларускімі драматургамі_інямі ў 2000-х — 2010-х, у якіх зазвычай адлюстроўваюцца негатыўныя наступствы постсавецкіх трансфармацый у грамадстве. Навадрамаўскі рух мае вынікам з’яўленне вялікай колькасці актуальных драматургічных тэкстаў на беларускай і рускай мовах, асобныя з якіх перамагаюць на нацыянальных і міжнародных конкурсах ды фестывалях, становяцца заўважнымі на ўсёй рускамоўнай тэатральнай прасторы, а таксама перакладаюцца на замежныя мовы. Узнікае натуральная патрэба выводзіць навадрамаўскія тэксты да шырокай глядацкай аўдыторыі.

У той жа час у Беларусі назіраецца пэўная асінхроннасць паміж тэмпам і колькасцю з’яўлення новых тэкстаў і рэжысёрскімі магчымасцямі іх пастаноўкі; драматургія ў цэлым рухаецца значна хутчэй за рэжысуру. Больш за тое, навадрамаўскі тэкст актыўна эксперыментуе з уласнай формай (напрыклад, аўдыявізуальная драматургія Паўла Пражко, Максіма Дасько), што патрабуе ад рэжысёраў_к пошуку новых спосабаў пастаноўкі такога тэкста, на якія не заўжды знаходзяцца адпаведныя матэрыяльныя і чалавечыя рэсурсы. Іншым бар’ерам становіцца выклік часу. Фармат спектакля зазвычай вымагае немалы часавы аб’ём для падрыхтоўкі, якога не заўсёды стае для жвавай рэакцыі на апісаныя ў тэксце сацыяльныя падзеі. Яшчэ адной перашкодай становяцца абмежаваныя прасторавыя магчымасці: большасць дзяржаўных тэатральных пляцовак, кіруючыся густам мастацкіх кіраўнікоў_ц, не гатовыя адчыніць дзверы да “правакатыўных”, неправераных часам тэкстаў. Навадрамаўскія тэксты часам маркіруюцца як небяспечныя для пастаноўкі з пункту гледжання тэм (гвалт), персанажаў_к (маргіналы_кі), выразных сродкаў (ненарматыўная лексіка), а таксама прызнаюцца нефарматнымі для канкрэтных тэатраў праз боязь не сабраць дастатковую аўдыторыю і не акупіць выдаткі. У некаторых выпадках можна казаць і пра існуючы ўзроставы ды прафесійны цэнз — недавер да творчых здольнасцейі і актуальнасці твораў маладых аўтараў_к. У выніку навадрамаўскія тэксты нячаста трапляюць на сцэны дзяржаўных тэатраў Беларусі, прычым часам у значна змененым выглядзе (напрыклад, спектакль “Ураджай” пастаноўкі Дзмітрыя Цішко па тэксце Паўла Пражко граецца без ненарматыўнай лексікі на малой сцэне НАДТ імя Янкі Купалы).

Чытка п’есы “Апошні сняданак” Каці Чакатоўскай, рэжысёр Ann Sterdam.
Прэзентацыя вынікаў VII Міжнароднай драматургічнай лабараторыі, 2019. Фота: Цэнтр беларускай драматургіі

Сукупнасць падобных рэсурсных, часавых, прасторавых і ідэалагічных абмежаванняў прыводзіць да неабходнасці пошуку іншых фарматаў прэзентацыі тэкстаў, знаёмства з імі прафесійнай і глядацкай аўдыторый. Менавіта фармат сцэнічнага чытання найчасцей становіцца кампрамісным варыянтам, хуткай магчымасцю ахапіць большы корпус тэкстаў з меншымі выдаткамі. Да чытак звяртаюцца як дзеля прэзентацыі творчых вынікаў тэатральных лабараторый (напрыклад, Міжнароднай драматургічнай лабараторыі для маладых драматургаў Цэнтра беларускай драматургіі) альбо справаздач вынікаў фестываляў (“М.@рт-кантакт”, “WriteBox”), гэтак і ў якасці асобных мерапрыемстваў.

АСАБЛІВАСЦІ ЖАНРУ

Каб вызначыць месца жанру сцэнічнага чытання на існых тэатральных каардынатах і паспрабаваць хаця б прыблізна акрэсліць яго межы, варта вылучыць уласцівыя яму характарыстыкі, сярод якіх наступныя.

Тэкстацэнтрычнасць. Жанр чыткі, безумоўна, залежыць ад наяўнасці тэкста і працэсу яго вербалізацыі выканаўцамі. Прагаворванне тэкста робіць яго “жывым”, спрыяе яго раскрыццю і засваенню з новых перспектыў. Без гэтага працэсу чытка немагчымая: выканаўца можа камбінаваць зачытванне з дэкламацыяй урыўкаў на памяць у якасці выразнага сродку альбо дзеля ўсталявання кантакту з аўдыторыяй, але поўны адрыў ад тэкста у чытцы руйнуе сутнасць жанру. Такім чынам, працэс чытання набліжае чытку да фарматаў аўдыякнігі і радыёспектакля.

Абмежаваны кантакт з аўдыторыяй. Чытанне вымагае пільнай увагі выканаўцы да тэкста, што памяншае магчымасці кантакту з глядацкай аўдыторыяй. Тэкст з’яўляецца той перашкодай на шляху ад выканаўцы да гледача, якая і стварае асаблівае паветра чыткі, пакідае зазор для працы глядацкага ўяўлення.

Хуткасць падрыхтоўкі. Агульная колькасць выдаткаванага часу на падрыхтоўку сцэнічнага чытання можа вагацца ад некалькіх рэпетыцый да цалкам імправізаванай “халоднай” чыткі.

Мінімалізм у тэатральных сродках. Паколькі прымат у чытцы належыць тэксту, акторскае выкананне, мізансцэны, музыка, сцэнаграфія адыходзяць на другі план і рэалізуюцца дадаткова паводле рэжысёрскай задумы. Уласцівы сцэнічнаму чытанню лаканізм сродкаў ушчыльную набліжае яго да канцэптуальных спектакляў у эстэтыцы “беднага” і “падвальнага” тэатраў, гэтаксама як і пэўных перфарматыўных практык.

Безумоўна, варта зрабіць агаворку пра ўмоўнасць усіх пералічаных крытэраў у сучасным тэатры, дзе жанравыя межы размытыя. Асобныя эксперыментальныя чыткі здольныя ставіць гэтыя крытэры пад сумнеў. Чытка не з’яўляецца герметычным жанрам “у сабе”, ёй уласцівы сінкрэтызм, і яна паспяхова спалучаецца з іншымі фарматамі. На сутыку жанраў з’яўляюцца такія гібрыдныя формы як аўдыячытка, відэачытка, чытка-перформанс. Імкненне рэжысёраў вывесці чытку з традыцыйнай для жанру прасторы таксама з’яўляецца перфарматыўным жэстам. Гэтак, падчас відэачыткі “Абжываючы бетон” рэжысёра Антона Макухі паводле п’есы Аляксея Макейчыка (24 чэрвеня 2018, Лабараторыя сацыяльнага тэатра) выканаўцы чыталі тэкст з розных гарадскіх лакацый (завод, вуліца, кавярня), набліжаючы форму да зместу і робячы чытку сайт-спецыфічнай. Аўдыячытка п’есы Канстанціна Сцешыка “Саманаводны Бог” у пастаноўцы Юрыя Дзівакова (24 чэрвеня 2018, Лабараторыя сацыяльнага тэатра) ажыццяўлялася ва ўмовах адсутнасці выканаўцы — у цэнтры залы стаяла калонка, у цемры гледачы_кі (а дакладней слухачы_кі) слухалі тэкст.

Падобныя эксперыменты зноў уздымаюць пытанне, ці не пачынае ў такіх чытках форма ізноў дамінаваць над зместам, прыцягненне пільнай увагі да якога з’яўляецца асноўнай місіяй сцэнічнага чытання?

Нярэдка выказваюцца меркаванні, што пры пастаноўцы некаторых тэкстаў часам фармат чыткі падыходзіць больш за фармат спектакля. Гэтак, даследчыца Марына Давыдава адзначае: “Новая драма, як ніякая іншая, прыдатная для чытак. […] Чыткі былі спярша выключна тэхнічнай прыдумкай. А як інакш прэзентаваць опусы пладавітых сучасных аўтараў? Але новаспечаны жанр варта, мяркую, замацаваць як паўнапраўны. […] Бо чытка нярэдка дае новай драме куды болей, чым пастаноўка” [1].

Вылучаюць два асноўныя віды сцэнічнага чытання. Безінтэрпрэтацыйная чытка мае за мэту выключна “сухую” прэзентацыю тэкста, у якой прысутнасць рэжысёрскага бачання ды інтэрпрэтацыі зведзена да мінімуму. Тым не менш, панятак з’яўляецца даволі ўмоўным, бо інтэрпрэтацыі міжволі ўзнікаюць нават на этапе размеркавання роляў паміж выканаўцамі. Аніводная чытка не можа быць пазбаўлена выканаўчай інтэрпрэтацыі, хаця б на ўзроўні выяўлення пэўных акцэнтаў голасам, інтанацыяй. Інтэрпрэтацыйная чытка патрабуе болей часу на падрыхтоўку. Тэкст мусіць быць не толькі прачытаны, але ў большай ці меншай ступені канцэптуальна пастаўлены рэжысёрам_кай, выканаўцы агулам выдаткоўваюць больш высілкаў на паглыбленае дачыненне з тэкстам, персанаж_камі. У выніку рэжысёрская інтэрпрэтацыя становіцца надбудовай тэкста. Выразна акрэсліць мяжу паміж двума відамі чытак немагчыма. На сённяшні дзень у беларускай тэатральнай прасторы дамінуюць інтэрпрэтацыйныя чыткі.

Чытка п’есы «Наш класс», рэжысёр Валянціна Мароз. Лабараторыя сацыяльнага тэатра, 2019. Фота: Дар’я Пашкевіч

(ДЫС)БАЛАНС ІНТАРЭСАЎ

Працэс падрыхтоўкі сцэнічанага чытання ўтойвае падводныя камяні і з’яўляецца патэнцыйна канфліктнай зонай паміж бачаннем канчатковага выніку з перспектыў зацікаўленых бакоў, найперш аўтара_кі твора і рэжысёра_кі чыткі. У залежнасці ад паспяховасці іх каардынацыі і плённасці творчай супрацы падчас чыткі можна меркаваць аб далейшым лёсе тэкста: ці вырасце з чыткі паўнавартасны спектакль, ці тэкст стане падмуркам для новых чытак, альбо тэкст увогуле не атрымае прызнання і будзе занядбаны.

Аўтарская перспектыва. П’есы зазвычай пішуцца з разлікам быць прачытанымі і ў выніку пастаўленымі ў тэатры. Пасля публікацыі драматург_іня абстрагуецца ад тэкста і губляе інтэрпрэтацыйную манаполію, твор пачынае жыць уласным жыццём. Голасам аўтара_кі застаюцца рэмаркі і каментары, якія ў безінтэрпрэтацыйных чытках прынята абавязкова агучваць, бо з’яўляюцца такой жа неад’емнай часткай тэкста, як і рэплікі персанажаў_к. І калі аўтар_ка можа задаць вектар прачытання тэкста ўласнымі заўвагамі, то паўплываць на рэжысёрскае бачанне ў далейшым даволі складана. У гэтым моманце хаваецца патэнцыйны канфлікт паміж задумай аўтара_кі і рэжысёрскай інтэрпрэтацыяй. Пераадолець яго дапамагае, напрыклад, папярэдняе публічнае дэклараванне аўтарам_кай уласнай пазіцыі наконт магчымасцяў выкарыстання і інтэрпрэтацыі сваіх тэкстаў, альбо адказная пазіцыя рэжысёра_кі па пошуку, наладжванні і падтрымцы асабістага кантакту з аўтарам_кай тэкста дзеля абмеркавання неабходных дэталяў.

Яшчэ адным варыянтам узаемадзеяння ёсць практыка запрашэння аўтара_кі на рэпетыцыі чытак. У аўтара_кі з’яўляецца магчымасць быць у працэсе пастаноўкі, у сталым кантакце з рэжысёрам_кай і выканаўцамі, кансультаваць і дзяліцца ўласным бачаннем, карэктаваць і дапаўняць тэкст, дапамагаць вырашаць спрэчныя пытанні. Такім чынам чытка становіцца вынікам рэальнай супрацы аўтара_кі і рэжысёра_кі. Але аўтар_ка можа быць запрошанай асобай і працаваць ужо з падрыхтаваным матэрыялам, дзе яго/яе роля — выкарыстаць і скампіляваць існыя напрацоўкі ў гатовы тэкст для чытання. У любым з прыведзеных выпадкаў для паспяховай чыткі важна, каб аўтар_ка і рэжысёр_ка мыслілі ў адным напрамку дзеля плённай супрацы.

Рэжысёрская перспектыва. Пазіцыю рэжысёра_кі можна разглядаць як найбольш моцную падчас падрыхтоўкі сцэнічнага чытання. Найчасцей менавіта рэжысёр_ка ажыццяўляе выбар п’есы для будучай чыткі, тым самым прасоўвае яго і робіць заўважным, абірае ступень інтэрпрэтавання тэкста. У сцэнічным чытанні ад рэжысёра_кі чакаецца пэўны аскетызм у пастановачных рашэннях і прыёмах, каб увага аўдыторыі накіроўвалася найперш на тэкст. З рэжысёрскай перспектывы арганізацыя чыткі можа быць і стратэгічным крокам — выявіць сцэнічны патэнцыял тэкста. Але разам з уладай прыходзіць і найбольшая доля адказнасці за канчатковы вынік. Дамінуючая пазіцыя рэжысёра_кі часам крытыкуецца і мае вынікам спробы гарызантальнага шляху пастановак чытак, практык сурэжысавання. Гэтак, чытка па п’есе Канстанціна Сцешыка “Псібо” (рэжысёры/кі Яўгенія Балакірава, Васіль Дашкевіч, Уладзіслаў Шабан, 28 студзеня 2019, Цэнтр беларускай драматургіі) дэкларавалася як падрыхтаваная камандай рэжысёраў_к, якія адначасова з’яўляліся выканаўцамі.

Дзеля спрыяння пошукам шляхоў узаемадзеяння паміж драмай і рэжысурай ствараюцца тэатральныя лабараторыі, на якіх праз узаемнае знаёмства з творчасцю і метадамі адно аднаго, нефармальную камунікацыю і супрацу ствараюцца тандэмы драматургаў_інь і рэжысёраў_к. У Беларусі праводзяцца Міжнародная драматургічная лабараторыя для маладых драматургаў, драматургічная лабараторыя “Адкрывачка”, якія штогод ладзяцца Цэнтрам беларускай драматургіі і вынікі якіх праз некаторы час прэзентуюцца ў фармаце чытак.

ЭМАНСІПАТОРНЫ ПАТЭНЦЫЯЛ

Дэмакратычнасць чыткі як жанру выяўляецца ў эмансіпаванай ролі выканаўцы. Любы чалавек можа стаць чытальнікам_цай — як прафесійны_ая актор_ка, гэтак і зусім недатычны тэатра чалавек. Фактычна адзінае патрабаванне да яго/яе — умець чытаць услых. Самой сваёй асобай, вонкавым выглядам, асаблівасцямі маўлення выканаўца здольны_ая ўнесці з уласнай перспектывы ў тэкст і яго прэзентацыю дадатковыя сэнсы.

Кожн_ая новы_ая чытальнік_ца надае тэксту канцэптуальна іншае жыццё і гучанне.

У залежнасці ад пастаўленай рэжысёрскай задачы праводзіцца мяжа ў суадносінах паміж чыстым чытаннем і элементамі акторскай ігры, вызначаецца ступень глыбіні даследавання і разумення выканаўцам свайго персанажа. Ад герояў_інь магчыма абстрагавацца, наўпрост “зачытваць”, трансляваць яго/яе рэплікі, заставацца ў ролі пабочнага назіральніка_цы. У той жа час можа быць абрана тактыка “ўжывання” у ролю, падключэння эмпатыі дзеля суперажывання персанажу_цы, і перадачы тэкста з перспектывы атаясамлення з героям_аіняй — канчатковае рашэнне застаецца за рэжысёрам_кай і выканаўцамі. Выканальніцкі інструментарый падчас безінтэрпрэтацыйных чытак рэдукуецца да ключавых аспектаў голасу і спосабаў яго падачы — гучнасці, інтанацыі, паўз, тэмпарытму. Нават пры наяўнасці дадатковых візуальных сродкаў у чытцы голас застаецца асноўным і галоўным каналам трансляцыі тэкста, наўпрост уплывае на яго разуменне і ўспрыманне гледач/камі.

Чытка п’есы “Прыгавор” Франца Кафкі, рэжысёр Уладзімір Шчэрбань. HunchTheatre Belarus, 2019. Фота: Інстытут імя Гётэ ў Мінску

Любы тэкст з’яўляецца патрабавальным матэрыялам, які падчас чыткі імкнецца забраць на сябе ўсю ўвагу выканаўцы. Яго наяўнасць перашкаджае выбудоўванню інтэракцыі паміж выканаўцамі і аўдыторыяй, вяртае даўно зруйнаваную чацвёртую сцяну ў прастору чыткі. Тым не менш, гэта сцяна застаецца празрыстай, дазваляючы дыскрэтны зрокавы кантакт, які можа быць усталяваны падчас паўз альбо раптоўнага адрывання выканаўцы ад тэкста, а таксама аўдыяльную сувязь, не руйнуючы ўласцівую тэатру атмасферу “тут і зараз”. Фармат чыткі дыктуе правілы гульні паміж выканаўцамі і гледач_камі, спробы паймаць адно аднаго. Пранікальнасці чацвёртай сцяны часта спрыяе і сама прастора. Гэтак, камернасць памяшканняў, дзе зазвычай ставяцца чыткі, скасоўвае дыстанцыю паміж выканаўцамі і гледач_камі, выроўнівае іх пазіцыі адносна адны адных.

Эпансіпацыя ролі выканаўцы дазваляе і гледач_кам стаць непасрэднымі ўдзельнік_цамі чыткі. На некаторых чытках практыкуецца ўключэнне аўдыторыі ў працэс чытання; дзелячыся ўрыўкамі выканаўцы надзяляць гледачоў_ак уладай вербальнай інтэрпрэтацыі тэкста, робяць іх актыўнымі сутворцамі, разам падзяляюць адказнасць за канчатковы вынік. Аднак у той жа час выканаўцам важна не насаджваць інтэракцыю, але пакідаць свабоду гледача_кі. У сваім эсэ “Эмансіпаваны глядач” Жак Рансьер адзначае, што ўцягненне гледача_ка ў актыўнае дзеянне не азначае яго/яе аўтаматычную эмансіпацыю. Глядацкая свабода выяўляецца найперш у інтэлектуальнай рэфлексіі, у выніку якой асэнсаванае і адказнае рашэнне гледача_кі браць удзел у дзеянні альбо адмовіцца ад яго становіцца праявай сапраўднай эмансіпацыі. “Гэта адначасова і адчужаны глядач, і актыўны тлумачальнік прапанаванага яму відовішча” [5, с. 16].

Фармат чыткі пашырае гарызонты ўспрымання тэкста аўдыторыяй, прапаноўвае шлях наўпрост да першакрыніцы. Гатовы спектакль з’яўляецца скончаным маніфестам рэжысёра_кі, гледачу_цы застаецца пасіўная роля ўспрымання і ацэньвання гатовага прадукту. Чытка ж нівелюе падобную іерархію: чым менш рэжысёрскай інтэрпрэтацыі, тым болей свабоды інтэрпрэтавання тэкста рэфлексіўным_ай гледачом_кай. Уласцівы чыткам мінімалізм стымулюе ўяўленне, выводзіць гледача_ку ў значна больш актыўную пазіцыю ў параўнанні з праглядам спектакля. Падобны досвед, найперш у безінтэрпрэтацыйных чытках, мае вынікам канцэптуальна іншае вымярэнне раскрыцця тэкста, яго дыстыляванае ўспрыманне, пазбаўленае надбудоваў чужога бачання.

Глядач_ка вольны_ая абіраць варыянт камунікацыі з тэкстам чыткі. Альбо пазнаёміцца з ім раней, а падчас чытання захоўваць сваё першаснае бачанне, параўноўваць, дапаўняць свае ўражанні, назіраць за інакш вылучанымі акцэнтамі і зменай сэнсаў, то бок ажыццяўляць паўторнае знаёмства. Альбо ўпершыню сустракацца з тэкстам падчас чыткі, даць права рэжысёру_цы і выканаўцам першым расставіць свае акцэнты, а пасля ўжо генераваць уласнае бачанне і параўноўваць. У выпадку прагляду гледачом_кай некалькіх чытак на адзін і той жа тэкст, ён/яна атрымлівае досвед быцця своеасаблівым медыятарам_кай паміж пабачанымі версіямі. Менавіта праз гледача_ку і яго/яе ўражанні ды ўспрыманне выбудоўваецца дыялог паміж некалькімі рознымі чыткамі, а надалей і спектаклямі паводле аднаго тэкста.

ПЕРСПЕКТЫВЫ

Полем для абмену меркаваннямі паміж аўтар_камі, рэжысёр_камі, выканаўцамі, эксперт_камі, глядач_камі становіцца дыскусія пасля чыткі, арганізацыя якіх ужо трывала ўвайшла ў практыку. Менавіта падчас дыскусіі ў кожнага і кожнай з’яўляецца магчымасць падзяліцца ўражаннямі і бачаннямі, задаць наспелыя за прагляд пытанні, выйсці з пухіра ўласнай інтэрпрэтацыі, а часам і проста прыйсці ў сябе пасля складанага матэрыялу. Важнай з’яўляецца прысутнасць мадэратара_кі, які/якая будзе спрыяць наладжванню прадуктыўнага дыялогу паміж удзельнік_цамі. Для аўтар_кі, рэжысёра_кі дыскусія каштоўная таксама магчымасцю пачуць іншыя інтэрпрэтацыі, адсачыць бачнасць гледачк_ам закладзеных імі сэнсаў, а таксама ў сваю чаргу задаць пытанні аўдыторыі.

У жанру чыткі вялікі адукацыйны патэнцыял. Чытка становіцца палігонам, на якім маладыя аўтары_кі маюць магчымасць у камернай абстаноўцы пабачыць і пачуць свой тэкст, своеасаблівай праверкай яго на трываласць. Пры неабходнасці яна можа задаць імпульс да рэдагавання ці дапрацоўкі п’есы. Для выканаўцаў-пачаткоўцаў чытка становіцца магчымасцю ў камфортнай форме здзейсніць першы выхад да гледачоў_ак. Ад чыткі складана патрабаваць нешта большае за чытанне. Пэўныя памылкі і блытаніна з’яўляюцца нармальнай з’явай, фармат не патрабуе ідэальнага валодання тэкстам. Сцэнічнае чытанне дае прастору для эксперыментаў, манеўравання, імправізацыі, якія будуць успрымацца як натуральная частка працэсу чытання. Дапамагае выканаўцам і фактар прысутнасці ў руках тэкстаў, які памяншае хваляванне і спрыяе канцэнтрацыі. Чытка грае важную ролю для выканаўцаў яшчэ і ў якасці практыкуму па засваенні новай драматургічнай мовы. Для рэжысёраў_к чытка — гэта карысная мажлівасць паспрабаваць новыя канцэпцыі і бачанні, паэксперыментаваць у нязвыклых для сябе метадах і тэхніках, на практыцы вызначыць ці варта пераводзіць фармат чыткі ў спектакль.

Фармату чыткі зазвычай уласціва дэмакратычная, нефармальная, салідарызуючая атмасфера. Тым не менш, пастаноўка чыткі (найперш інтэрпрэтацыйнай) таксама вымагае пэўных высілкаў. Напрыклад, у Цэнтры беларускай драматургіі практыкуюцца закрытыя перадпаказы чытак з мэтай культывацыі адказнага стаўлення творцаў да сваіх гледачоў_ак і павышэння зацікаўленасці гледачоў_ак да якасна пастаўленых чытак. Сцэнічнае чытанне пашыраецца як дапаможны метад і ў калятэатральных практыках. Гэтак, у працэсе падрыхтоўцы ўдзельнікаў_ц ролевых гульняў жывога дзеяння (ларпаў) дзеля паглыблення ў ролі персанажаў_к часам практыкуецца “закрытая” чытка наяўных матэрыялаў. Варта адзначыць, што сцэнічнае чытанне існуе ўсутыч з іншымі відамі публічных чытанняў.

Але ў эпоху постдраматычнага тэатра любое тэатральнае дзеянне, якое анансуецца як сцэнічнае чытанне, мусіць за яго і ўспрымацца.

Праз уласцівую жанру дэмакратычнасць, сцэнічныя чытанні з лёгкасцю знаходзяць новыя шляхі да сваёй аўдыторыі. Чыткі становяцца часткай адкрыцця выстаў у галерэях, сумяшчаюцца з лекцыямі, майстар-класамі, канцэртамі. Гэтак, вечар хорар-чытак п’ес Канстанціна Сцешыка ў калабарацыі з музычнымі гуртамі “Бассота” і “Формат” (23 лістапада 2018, прастора RuinBar OK16) наведалі каля 250 чалавек пры звычайным наведванні чытак у Цэнтры беларускай драматургіі ў 40-50 чалавек. Параўнальная лёгкасць у арганізацыі і пастаноўкі сцэнічнага чытання тэкстаў робіць яе важным інструментам пашырэння здабыткаў новай драмы па-за Мінскам, актывізацыі жыцця тэатральных супольнасцяў у рэгіёнах. Прыкладам можа служыць арганізаваны Кацярынай Аверкавай праект “Сцэнічныя чытанні” ў пачатку 2010-х у Магілёўскім драматычным тэатры. Рух сцэнічнага чытання імкліва набірае абароты і, магчыма, менавіта гэтаму жанру наканавана ўзяць на сябе флагманскую ролю па папулярызацыі сучаснага тэатра ў Беларусі, яго разгерметызацыі ды актыўным далучэнні гледачоў_ак ў тэатральны працэс, гэтаксама як узніманню яго на канцэптуальна новы ўзровень.

КРЫНІЦЫ
1 . Давыдова Марина. Драма без героя, 2007.
https://stengazeta.net/?p=10003827.
2. Артимович Татьяна. Эпоха «пост»: сценические чтения и постдраматический театр, 2011. –
http://n-europe.eu/tables/2011/07/28/epokha_post_stsenicheskie_chteniya_v_belarusi_i_postdramaticheskii_teatr_v_zapadno.
3. Крижевский Алексей, Хитров Антон. Театральная читка: зачем и кому она нужна? 2015. –
https://www.teatrall.ru/post/2511-so-smehom-murashkami-i-slezami-/.
4. Арцімовіч Таня. Чытка: лабараторыя сучаснага тэатра, 2012. –
http://ziernie-performa.net/blog/2014/10/08/chytka-labaratoryya-suchasnaga-teatra/.
5. Рансьер Жак. Эмансипированный зритель. – Нижний Новгород: Красная ласточка, 2018. – 128 с., ил.

На вокладцы: “Все нормально” Владзіславы Хмель. Фота: Цэнтр беларускай драматургіі

Мнения авторов не всегда совпадают с позицией редакции. Если вы заметили ошибки, пожалуйста, пишите нам

Пакінуць каментар

Ваш email адрас не будзе апублікаваны.

Магчыма выкарыстоўваць HTML тэгі і атрыбуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>