ECLAB цалкам пераходзіць на платную форму навучання

Вторник, Август 9, 2016 | ТЭГІ: адукацыя

Праект нефармальнай адукацыі «Еўрапейскі каледж Liberal Arts у Беларусі» (ECLAB) працягвае прыёмную кампанію, прапаноўваючы навучанне на платнай аснове.

Сёлета ECLAB, на жаль, не зможа забяспечыць стыпендыі 25 найлепшым студэнтам, як планавалася на пачатку прыёмнай кампаніі. Прычынай стаў недахоп сродкаў, якія каледж разлічваў атрымаць ад спонсараў. Каб пакрыць выдаткі на навучанне, ECLAB уводзіць невялікую аплату ў памеры 45 у.а. на месяц для ўсіх студэнтаў. Студэнтам вочных бакалаўрскіх праграм беларускіх ВНУ даецца зніжка 10%.

Аляксандр Адамянц, кіраўнік ECLAB: «Я вельмі спадзяюся, што гэта не будзе сур’ёзнай перашкодай для беларускай моладзі атрымаць той унікальны досвед, які дае навучанне ў ECLAB і які немагчыма атрымаць у дзяржаўнай сістэме адукацыі».

Праект існуе з 2014 года, і ўжо адбыліся два выпускі. Праграмы, якія прапаноўваюцца ў ECLAB, наўрад ці прысутнічаюць у беларускіх ВНУ. Усе курсы аўтарскія і распрацаваныя выкладчыкамі спецыяльна для ECLAB з улікам спецыфікі навучання паводле мадэлі Liberal Arts.

Студэнты ECLAB – людзі розных прафесій з розных сфераў: рэклама, IT, журналістыка, эканоміка, урбаністыка і шмат іншых. Усе яны прыходзяць у ECLAB, каб знайсці аднадумцаў і вольную, творчую атмасферу, якая спрыяе самарэалізацыі і пошуку свайго месца ў грамадстве, а таксама каб запоўніць прабелы ў сваёй адукацыі.

Вольга Раманава, кіраўніца канцэнтрацыі «Масавая культура і медыя»: «Паводле маіх назіранняў, вучоба ў ECLAB вельмі мяняе нашых студэнтаў і студэнтак: да канца года яны лепш і цікавей пішуць, больш свабодна выказваюцца, аргументавана спрачаюцца, больш актыўна ўключаюцца ў калектыўныя праекты і, галоўнае – адчуваюць сябе часткай адкрытай супольнасці, поўнай падтрымкі. Колькасць ідэй для рэалізацыі і тэм для эсэ пашыраецца ад курсу да курсу. І нават тэмы размоў у кавярні за кубкам кавы становяцца іншымі».

education-zone

Вольга Шпарага, кіраўніца канцэнтрацыі «Сучаснае грамадства, этыка і палітыка»: «Навучанне ў ECLAB – гэта абмен ведамі і разважаннямі пра тое, што адбываецца вакол, у палітыцы, грамадстве, культуры; гэта магчымасць абмяркоўваць хвалюючыя пытанні адкрыта і на роўных; нарэшце, гэта імпульс для далейшага развіцця – прафесійнага, асабістага, грамадзянскага».

Умовы паступлення ў ECLAB

Каб паступіць у ECLAB, трэба напісаць эсэ (на канцэнтрацыю «Сучаснае мастацтва і тэатр» – матывацыйны ліст) і прайсці сумоўе.

Сёлета падача заявак на навучанне ў ECLAB адкрытая да 6 верасня.

Больш падрабязна пра мадэль навучання Liberal Arts.

Водгукі нашых выпускнікоў.

Пакінуць каментар

Ваш email адрас не будзе апублікаваны.

Магчыма выкарыстоўваць HTML тэгі і атрыбуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>