ECLAB набірае студэнтаў трэці раз

Четверг, Июль 28, 2016 | ТЭГІ: адукацыя , майстар-клас

Праект нефармальнай адукацыі “Еўрапейскі каледж Liberal Arts у Беларусі” (ECLAB) адкрыў прыём заявак на 2016/2017 навучальны год.

Сёлета ECLAB прапаноўвае навучанне па пяці канцэнтрацыях (кірунках): “Сучаснае грамадства, этыка і палітыка”, “Масавая культура і медыя”, “Публічная гісторыя”, “Інтэрнэт і грамадства”, “Сучаснае мастацтва і тэатр”. Навучанне ў каледжы не толькі адкрывае студэнтам новыя гарызонты гуманітарных ведаў, але і дапамагае развіваць soft skills — камунікатыўныя навыкі, неабходныя для паспяховай карʼеры. Сярод іх — уменне слухаць, гаварыць і дамаўляцца; весці гутарку, аргументаваць сваю пазіцыю, выстройваць контраргументацыю; задаваць правільныя пытанні, арыентавацца ў плыні інфармацыі, крытычна мысліць ды інш.

“Вучоба ў ECLAB дазволіла мне ўсвядоміць важнасць крытычнага мыслення і атрымаць практычныя навыкі навуковага падыходу да вывучэння любой дысцыпліны” (Васілеўскі Максім, выпускнік ECLAB).

Праграма навучання разлічаная на 8 месяцаў (кастрычнік—травень). Акрамя абавязковых курсаў абранай канцэнтрацыі студэнты змогуць выбіраць курсы па інтарэсах з іншых кірункаў. Магчымасць такога выбару і складанне індывідуальнага плана навучання — адзін з важных аспектаў мадэлі Liberal Arts. Ён дазваляе спалучаць глыбіню вывучэння дысцыплінаў з шырынёй ведаў, атрыманых з розных галінаў.

img_6263

Галіны ведаў, якія выкладаюцца ў ECLAB, амаль не прысутнічаюць у праграмах беларускіх ВНУ. Усе курсы аўтарскія і створаныя выкладчыкамі спецыяльна для ECLAB з улікам спецыфікі мадэлі навучання Liberal Arts.

Вучоба будзе праходзіць у Мінску ў вечаровы час (з 18:30) некалькі разоў на тыдзень. Асноўнае адрозненне заняткаў у ECLAB ад параў у дзяржаўных беларускіх ВНУ — гарызантальныя, узаемапаважлівыя адносіны і паміж студэнтамі, і паміж студэнтамі і выкладчыкамі.

У невялікай групе з 15 чалавек, дзе ў кожнага студэнта ёсць магчымасць задаць пытанне і выказацца, а ў выкладчыкаў — адрэагаваць, вам не давядзецца выслухваць манатонныя лекцыі не зацікаўленых у выніках працы мэтраў. Наадварот, вы заўсёды будзеце ўцягнутыя ў дыялог.

Выкладчыкі ECLAB — эксперты ў сваіх галінах, многія з іх прайшлі навучанне за межамі Беларусі. Яны ўвесь час уцягнутыя ў навуковую і экспертную дзейнасць, пішуць артыкулы і кнігі, удзельнічаюць у замежных канферэнцыях і міжнародных праектах, гэта значыць валодаюць актуальнымі ведамі і навыкамі ў сваёй сферы.

“Бадай што, самае асноўнае адрозненне ECLAB ад звычайнай ВНУ — дэмакратыя ў адносінах „выкладчык — студэнт„. Адзінкі з тых, хто выкладае ў нашых ВНУ, настолькі ж адкрытыя да дыялогу з моладдзю. Калі ў цябе ёсць прапанова — цябе пачуюць, калі ў цябе ёсць просьба — цябе падтрымаюць“ (Вольга Барушка, выпускніца ECLAB).

Праграма ECLAB падзеленая на 2 семестры, у канцы кожнага курсу студэнты выконваюць выніковыя заданні. У іх самыя розныя фарматы — ад напісання эсэ, стварэння відэа ці серыі фотаздымкаў да калектыўнага даследчага праекту і яго прэзентацыі. Гэта творчыя працы, тэмы якіх студэнты фармуюць самі, каб даследаваць тое, што ім сапраўды цікава.

Акрамя навучання студэнты ECLAB пагружаныя ў насычанае „пазакласнае жыццё“ — дадатковыя майстар-класы, сустрэчы з выпускнікамі, вечарынкі, супольныя паходы ў кіно, музеі, на выставы. А ў канцы года ёсць выдатная магчымасць паўдзельнічаць у Летняй школе, а таксама ў стварэнні штогадовага часопіса ECLAB — „E.NOTE“. Часопіс выходзіць як у друкаваным, так і ў электронным варыянце, і ў яго ўваходзяць найлепшыя эсэ, даследаванні і праекты нашых студэнтаў.

Умовы паступлення ў ECLAB

Каб паступіць у ECLAB, трэба напісаць эсэ (на канцэнтрацыю „Сучаснае мастацтва і тэатр“ — матывацыйны ліст) і прайсці сумоўе.

Тым, каму напісанне эсэ здаецца няпростай (ці незнаёмай) справай, падчас прыёмнай кампаніі мы прапаноўваем паўдзельнічаць у майстар-класе „Як пісаць эсэ?“. На ім вы зможаце даведацца, што эсэ — гэта пэўны жанр акадэмічнага пісьма са сваімі законамі, і атрымаць інфармацыю пра тое, як правільна фармуляваць думкі і раскрываць ідэі. Эсэ, напісанае па выніках майстар-класу і якое атрымала добрую адзнаку, залічваецца пры паступленні ў ECLAB, то бок абітурыент(ка) аўтаматычна праходзіць першы тур і запрашаецца адразу на сумоўе. Сёлета майстар-клас па напісанні эсэ адбудзецца 6 жніўня (субота).
Умовы навучання

ECLAB — некамерцыйны праект, таму ў найлепшых абітурыентаў і студэнтаў ёсць магчымасць вучыцца бясплатна (выключэнне складае толькі канцэнтрацыя „Сучаснае мастацтва і тэатр“). Такую магчымасць атрымліваюць першыя 25 студэнтаў у рэйтынгу па выніках прыёмнай кампаніі. Паспяховасць улічваецца на працягу ўсяго навучальнага года і дазваляе карэктаваць велічыню аплаты.

Пры паспяховым заканчэнні навучання ў ECLAB выпускнікі атрымліваюць сертыфікат. Аднак трэба мець на ўвазе, што ён не замяняе дыпломаў дзяржаўнага ўзору. Наш сертыфікат — гэта мэта для тых, хто сапраўды адчувае нястачу сучасных гуманітарных ведаў і камунікатыўных навыкаў ды хоча запоўніць гэтыя прабелы.

Сёлета падача заявак на навучанне ў ECLAB адкрытая да 6 верасня.

Больш падрабязна пра мадэль навучання Liberal Arts.

Больш падрабязна пра майстар-клас па напісанні эсэ.

Водгукі нашых выпускнікоў.

Пакінуць каментар

Ваш email адрас не будзе апублікаваны.

Магчыма выкарыстоўваць HTML тэгі і атрыбуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>