“WIELKOPOLSKA: REWOLUCJE”: ПАМІЖ ДЗЬВЮМА РЭАЛЬНАСЬЦЯМІ

Понедельник, Июль 18, 2016 | ТЭГІ: адукацыя , перформанс , сацыяльнае мастацтва

Мы асацыюем рэвалюцыю з гарадамі, мэтраполіямі, з сусьветнымі цэнтрамі, якія й сапраўды маюць выбуховую моц. У праекце “Wielkopolska: Revolutions” мы з мастакамі імкнуліся да мікрарэвалюцыяў, падобных да мікрагісторыяў, якія ня ў кожнага на слыху й хутка забываюцца ў кнігах і сусьветных мэдыя. Тым ня менш гэтыя рэвалюцыі зьяўляюцца гэтак жа творчымі, шалёнымі й субвэрсіўнымі — часам для невялікай вёскі, часам для пэўнай прафэсійнай групы. Гэта эстэтычныя рэвалюцыі, якія не зьядаюць сваіх дзетак, але натхняюць іх на сацыяльны ўдзел і робяць іхнае жыцьцё больш напоўненым.
Агата Сівяк

У 2012 годзе па запрашэньні й пры падтрымцы Офісу Маршала Вялікапольскага рэгіёну куратарка Агата Сівяк распачынае праект з гучнаю правакацыйнаю назваю “Wielkopolska: Revolutions”.

Мэтаю праекту сталіся, з аднаго боку, творчая правакацыя насельніцтва мястэчак, наладжваньне дыялёгу паміж пакаленьнямі, выяўленьне ідэнтычнасьці чалавека празь месца ягонага пражываньня, а зь іншага боку — руйнаваньне стэрэатыпаў пра тое, што за межамі гарадоў няма патэнцыйных гледачоў і сутворцаў авангарднага крытычнага мастацтва. Праект “Wielkopolska: Revolutions” стаўся пераломным момантам і для самой Агаты, якая дагэтуль ладзіла такія знакавыя арт-падзеі, як Фэстываль дыялёгу чатырох культураў у Лодзі, baz@rt Фэстываль у Старым тэатры ў Кракаве, Фэстываль “ЭўраДрама” ва Ўроцлаве й інш. “Для мяне надыйшоў пэрыяд крызысу. Так, я курыравала гэтыя буйныя, важныя для культурнай прасторы праекты, і мне падабалася думаць пра сябе як пра незалежную куратарку левых поглядаў, — распавядае Агата Сівяк. — Але я адкрыла, што з палітычнага пункту гледжаньня тое мастацтва, якім займаюся, — вельмі часта толькі штучная дэклярацыя, не зьвязаная зь людзьмі, для якіх яно быццам бы робіцца. Мастакі, артысты, я сама — мы вельмі розьнімся ад тых людзей, да якіх зьвяртаемся, ствараючы пэўнага кшталту ўтульную для нас аўтаномію. А мне захацелася дакрануцца да сапраўднага жыцьця — як чалавек, ня толькі як куратарка. Я зразумела, што павінна штосьці зьмяніць, гэта быў мой чалавечы выбар”.

Сутнасьць праекту “Wielkopolska: Revolutions” палягае ў супрацоўніцтве прафэсійных польскіх рэжысэраў, харэографаў, куратараў з жыхарамі мястэчак і вёсак Вялікапольскага рэгіёну з мэтаю стварэньня зь імі пэрформансаў і спэктакляў.

Як распавядае Агата, нягледзячы на вельмі маленькі бюджэт праекту (часта запрошаныя вядомыя артысты атрымлівалі толькі 10 адсоткаў ад сваёй звычайнай зарплаты), усе з энтузіязмам уключаліся ў праект. “Для іх гэта таксама быў шанц выйсьці за межы інстытуцыяў, то бок гэта ня быў такі жэст дабрачыннасьці, але ўзаемаабмен. Так, узьнікала шмат траўматычных момантаў, эмацыйнай спустошанасьці, але былі сытуацыі, калі мы атрымлівалі вельмі моцныя зарады энэргіі, напрыклад, падчас праекту Мікалая Мікалайчука… Гэта ня быў сацыяльны праект: эстэтычны бок заставаўся вельмі важным, у прынцыпе, задача была зрабіць твор мастацтва. Менавіта таму ў праект я запрашала найвыбітнейшых польскіх сучасных артыстаў”.

WebfotobyUrszulaTarasiewicz04

З праекту “Хто гэты прыгожы й малады хлопец”. Wielkopolska: Revolutions. Фота Уршулы Тарасевіч

Мястэчка Закжэва (Zakrzewo): “Ночы й дні”, ідэя й харэаграфія Мікалая Мікалайчыка

“Я буду танцаваць, нават калі мне будзе восемдзесят гадоў. Танец — гэта ня толькі пытаньне тэхнічных і фізычных магчымасьцяў. Я магу танцаваць нават пальцамі й такім чынам факусаваць увагу аўдыторыі. Чалавек не абавязкова павінен быць у стане зьдзейсьніць скок на паўмэтра над зямлёй дзеля таго, каб танцаваць”, — сказаў адзін з выбітных сучасных польскіх харэографаў Мікалай Мікалайчык. На працягу месяцу амаль штодня ён працаваў з састарэлымі людзьмі з Дому культуры ў Закжэва, куды прыяжджалі жыхары суседніх мястэчак і вёсак. Выкарыстоўваючы формы сучаснай харэаграфіі, Мікалайчык паставіў зь імі пэрформанс, падчас якога зруйнаваў стэрэатып, уласьцівы ў тым ліку й самім гэтым людзям, пра канец жыцьця пасьля шасьцідзесяці. Спэктакаль быў паказаны ў Закжэва, а потым у межах фэстывалю “MALTA” ў Познані й Варшаве.

Працэс камунікацыі зь лякальнай супольнасьцю, як прызнаецца Агата Сівяк, быў ня просты. Спачатку яна дасьледавала рэгіён. Дзесьці важнымі падаваліся праблемы, што існуюць у рэгіёне, дзесьці цікавым было поле для стварэньня камунікацыі паміж супольнасьцю й запрошанымі мастакамі. Такім чынам, выбіралася месца, наладжваліся кантакты з жыхарамі, а потым куратарка запрашала артыстаў. Падчас працы, зразумела, бывалі й пэрыяды крызысу, часам Агаце нават падавалася, што трэба спыняць праект. “Прычыны былі розныя. Напрыклад, артысты (а гаворка ішла аб працы над творам сучаснага мастацтва) патрабавалі ад выканаўцаў тое, што супярэчыла іхным каталіцкім каштоўнасьцям. Бо трэба разумець: польскія мястэчкі й вёскі вельмі кансэрватыўныя, рэлігійныя, нават гамафобныя. Таму часам было вельмі складана. Але адзначу, што з самага пачатку для мяне было важна шанаваць традыцыі й культуру гэтых людзей, нават калі я сама не падзяляю іхныя каштоўнасьці”.

Праўда, аднойчы падчас працы разам зь Яанай Варша (Joanna Warsza) над “Пытаньнямі рома. Праектам з большасьцю” здарылася забаўная гісторыя. Куратаркі сустракаліся зь мясцовымі жыхарамі — прадстаўнікамі этнічнай групы рома — і заўважылі, што заўсёды сядзяць за сталом толькі з мужчынамі, а жанчыны прыносяць гарбату й каву. “Яана тады зазначыла, што мы павінны сказаць, каб жанчыны таксама селі разам з намі, — распавядае Агата. — Але я адказала ёй, што не, калі муж не запрашае жонку за стол, мы не павінны гэтага рабіць. І вось пасьля адной з сустрэчаў муж раптам запытаўся ў нас, ці можа ягоная жонка сесьці з намі за стол. Аказалася, калі мы патэлефанавалі яму, то асабіста не запрасілі яе, таму яна саромелася запытацца… Але гэта не азначае, што мы проста прымалі кантэкст такім, які ён ёсьць. Пэўныя зьмены адбываліся. Напрыклад, Мікалай Мікалайчык — артыст, які зьдзейсьніў камін-аўт, і ён прыехаў на вёску, дзе, магчыма, людзі маглі ведаць пра тое, што ён гей. Тым ня менш праект ажыцьцявіўся, і пасьля трох гадоў працы Мікалай нават ужо сядзеў з гэтымі людзьмі зь вёскі за адным сталом са сваім бойфрэндам. І гэта было натуральна: людзі любілі яго, ягоную харэаграфію, а ён любіў іх”.

Горад Конін (Konin): “Пытаньні рома. Праект з большасьцю”, куратарка Яана Варша

Яана Варша прадставіла свой праект разам з актывістамі й сацыяльнымі работнікамі рома, якія дзейнічаюць у Вялікапольскім рэгіёне. (Выбар гораду Конін ня быў выпадковым: менавіта тут у 1980-х адбылася расправа з рома.) У сярэдзіне кастрычніка 2012 году там былі арганізаваныя выстава, сэрыя сустрэчаў, перамоваў і іншых мастацкіх мерапрыемстваў, каб культура адной з найбольш пашыраных у Эўропе меншасьцяў (якая часта падпадае пад стыгматызацыю ці маргіналізацыю) сталася крыніцай натхненьня, падштурхнула да неабходных палітычных і сацыяльных зьменаў. Праект быў паўтораны ў межах фэстывалю “MALTA” ў Познані.

Гэта была нагода паставіць пытаньне пра сутнасьць паліткарэктнасьці, а таксама пра супрацьстаяньне ўласным стэрэатыпам у дачыненьні да культуры рома.
WebfotobyUrszulaTarasiewicz11

З праекту “Хто гэты прыгожы й малады хлопец”. Wielkopolska: Revolutions. Фота Уршулы Тарасевіч

“Для мяне мастацтва, — прызнаецца Агата Сівяк, — гэта шлях камунікацыі са сьветам. І пасьля досьведу „Wielkopolska: Revolutions„ я адчуваю, што гэты працэс камунікацыі адбываецца ўжо інакш. Зараз я дакладна для сябе сфармулявала, што мэтаю й формаю мастацтва ёсьць ня толькі эстэтычны досьвед. Яно можа стаць такім касьмічным караблём, які перадае вельмі важныя сацыяльныя й палітычныя ідэі, але пры гэтым, паўтаруся, не пазбаўляючыся эстэтычнага чыньніку“.

Вёска Лісуўкі (Lisówki): „Хто гэты прыгожы й малады хлопец“, ідэя й рэалізацыя — Яланта Янічак, Віктар Рубін і Цэзары Тамашэўскі

У доме састарэлых у вёсцы Лісуўкі жыве некалькі дзясяткаў людзей, якія маюць свой уласны тэатар, пішуць вершы, арганізуюць выбары самай прыгожай пары. Шмат хто зь іх хворы, хутка стамляецца, а хтосьці раптам адыходзіць. Усе яны пажылыя людзі. Спэктакаль „Хто гэты прыгожы й малады хлопец“, што адбываецца непасрэдна ў пакоях Дому састарэлых, уяўляе сабою сымультанны пэрформанс, які працягваецца некалькі гадзінаў і падчас якого жыхары дому іграюць выдуманых пэрсанажаў, танчаць, распавядаюць асабістыя гісторыі — згодна са сваімі здольнасьцямі, досьведам і біяграфіяй.

WebfotobyUrszulaTarasiewicz16

Куратары Wielkopolska: Revolutions. Фота Уршулы Тарасевіч

Падрыхтавала Таня Арцімовіч

Крыніца // pARTisan #29’2015

На вокладцы: з праекту “Хто гэты прыгожы й малады хлопец”. Wielkopolska: Revolutions. Фота Уршулы Тарасевіч

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.

Пакінуць каментар

Ваш email адрас не будзе апублікаваны.

Магчыма выкарыстоўваць HTML тэгі і атрыбуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>