ГАЙД ПА “ПЛАSТФОРМЕ-2016”: ШТО, ДЗЕ, КАЛІ

Воскресенье, Февраль 7, 2016 | ТЭГІ: афіша , перформанс , рэцэнзія

15 лютага ў Мінску стартуе IV Форум эксперыментальных пластычных і танцтэатраў “ПлаSтформа-2016”, у якім сёлета, акрамя новых спектакляў і імёнаў беларускай сцэны, парадуе публіку адмысловая польская частка, у дадатак шыкоўная адукацыйная праграма — цыкл лекцый “Як разумець сучасны танец і пісаць пра яго” і Міжнародны сімпозіум танца з удзелам беларускіх і польскіх спецыялістаў. Патрапіць хочацца амаль усюды.

Прапануем наш топ таго, што варта ўбачыць, каб не толькі быць у курсе найноўшых мастацкіх трэндаў, але і проста для таго, каб атрымаць якасны культурны адпачынак.

Таня Арцімовіч, рэжысёрка, арт-крытык:

  • «ДК-Данс — Рытуал развітання» пластычнага тэатра «InZhest» (Мінск). Ідэя і рэж. Вячаслаў Іназемцаў, муз. Мацей Сабураў і гурт “Плато”.

Сёлета легендарны беларускі тэатр “InZhest” святкуе сваё 35-годдзе. Улічваючы той факт, што ўсе гэтыя гады калектыў існуе без аніякай дзяржпадтрымкі і, акрамя спектакляў, кіраўнік тэатра Вячаслаў Іназемцаў здолеў яшчэ гэтак жа на энтузіязме запусціць “ПлаSтформу”, такі юбілей падаецца неверагодным. Тым не менш у межах форуму “InZhest” плануе развітацца з адной са сваіх знакавых пастановак — “ДК Данс”, прэм’ера якога адбылася яшчэ ў 2001 годзе.

“Гісторыя Карнавала, які ўпаў і спрабуе падняцца зноў. Але гэта не так лёгка зрабіць, асабліва з хадулямі на нагах”, — коратка апісвае ідэю аўтар спектакля Вячаслаў Іназемцаў. Падрабязней тлумачыць не трэба: невербальная форма дазваляе шырокі спектр тлумачэнняў і асацыяцый. Прынамсі, праверана асабістым досведам. Кожны раз пасля чарговага прагляду спектакля (усяго іх было пяць) я выходзіла з абсалютна свежай версія і інтэрпрэтацыяй таго, што ўбачыла, таму нават узнік азарт — глядзець пастаноўку яшчэ і яшчэ.

dkdanc

Сцэна са спектаклю “ДК Данс”

Аднолькавым, магчыма, заставалася толькі (пр)адчуванне фіналу спектакля, калі ў момант максімальнага адчаю чалавек раптам узнімаўся, зрываў з сябе ўсю вопратку і пачынаў танчыць, вяртаючыся да самага свайго пачатку.

Гэты танец сапраўды свабоднага чалавека заварожвае і адкрывае ў сабе штосьці новае і лёгкае, нават калі за дзвярамі чакае ўсё тая ж беспаветраная прастора.

Дарэчы, менавіта праз гэты танец у 2006 разгарэўся скандал: на спектакль трапіла настаўніца, якая ў выніку напісала скаргу ў Міністэрства культуры з патрабаваннем забараніць пастаноўку, таму што паказваць аголенае цела — гэта амаральна. Што і было здзейснена. Толькі праз тры гады мінская публіка змагла ўбачыць спектакль, калі тэатр пераехаў на пляцоўку Палаца культуры чыгуначнікаў.

Цікавы факт: ужо шмат гадоў тэатр супрацоўнічае з Мацеем Сабуравым і групай “Плато”, ствараючы спектаклі з жывым музычным суправаджэннем, што для Беларусі хутчэй рэдкасць. Таму спяшайцеся бачыць, тым больш у апошні раз.

Калі: 15 лютага, 19.00
Дзе: Палац культуры чыгуначнікаў (Чкалава, 7)

***

  •  «I’m OK» Laboratory Figures Oscar Schlemmer (Магілёў). Рэж. Настасся Лапцінская, тэкст Яўген Горан, маст. Таня Дзівакова, відэа Дзіна Даніловіч.

Спектаклі незалежнай групы Laboratory Figures Oscar Schlemmer з Магілёва заўсёды выклікаюць цікавасць і трапляюць у спіс нашых парадаў таго, што трэба бачыць. Гэта сапраўдны феномен беларускай тэатральнай сцэны, бадай адзіны праект, які ўпарта развівае ў нас напрамак візуальнага тэатра і тэатра аб’екта. Дарэчы, трэба сказаць, што “ПлаSтформа” стала для іх важным імпульсам: з’явілася нагода штогод рыхтаваць прэм’еры. І менавіта тут іх заўважылі адборшчыкі Міжнароднага форуму “ТЭАРТ” у Мінску і запрасілі прыняць удзел у беларускім шоўкейсе мінулага года.

“I’m OK” — першая праца, у якой адзін заснавальнікаў (сумесна з Таней Дзіваковай) і лідар Лабараторыі Юрка Дзівакоў выступае не аўтарам, але толькі выканаўцам. Рэжысёркай спектакля стала Настасся Лапцінская, а аўтарам тэкстаў — Яўген Горан. Таму дакладна сказаць, што нас чакае, складана, але тое, што гэта будзе нешта непадобнае да звычайнага беларускага тэатра (“Мы стаміліся ад наратыўнага тэатра”, — сказала аднойчы мастачка Таня Дзівакова), правакатыўнае і медыятыўнае, сумнявацца не прыходзіцца.

12473843_1100371626648541_1399852991418454752_o

Калі: 16 лютага, 19.00
Дзе: Палац культуры чыгуначнікаў (Чкалава, 7)

***

  • “Смерць 24 кадры ў секунду, або Зрабі мне так, як у сапраўдным фільме”. Ідэя і выкан. Агата Сінярская (Польшча).

У лістападзе мінулага года ў мінчукоў была ўнікальная магчымасць паслухаць лекцыю Агаты Адамецкай-Сітэк пра фемінізм на польскай сучаснай сцэне. Прыклады, якія прыводзіла Агата, заварожвалі сваёй смеласцю: ад калектыўных правакацыі ў “Хоры жанчынаў” да “замахаў” перформеркі Агаты Машкевіч на сакральныя нацыянальныя сімвалы — ці можна ўспомніць хоць штосьці падобнае ў беларускім тэатры?.. Згадвала Агата таксама і “антыхарэаграфічны гатунак, серыю прэпараваных, статычных карцін, натхнёных, галоўным чынам, фільмамі Гадара” — перформанс Агаты Сінярскай “Смерць 24 кадры ў секунду, або Зрабі мне так, як у сапраўдным фільме”, у якім выканаўца выглядае “як жанчына з кадраў гэтых фільмаў: прычоска, шпількі, падагнаны да фігуры касцюм, усе аксесуары гламурнай жанчыны. Застываючы ў чарговых позах, танцорка прэпаруе жэсты, якія “робяць жанчыны”.

Такім чынам, агаляецца тое, што звычайна ігнаруецца мужчынамі, што ў патрыяральным грамадстве з’яўляецца другасным — жыццё, якое пульсуе ўнутры жанчыны.
DSC_0279

“Смерць 24 кадры ў секунду, або Зрабі мне так, як у сапраўдным фільме”. Фота А. Навумчыка

“Смерць 24 кадры ў секунду, або Зрабі мне так, як у сапраўдным фільме” — гэта выклік у першую чаргу жанчынам, таму што самае, бадай, складанае ў грамадстве мужчын — дэсакралізаваць прыгожае сэксуальнае цела.

Складана прадбачыць рэакцыю мінскай публікі, але тое, што гэта свайго роду тэст на адчувальнасць і адкрытасць да (сама)крытыкі, факт.

Калі: 21 лютага, 17.00
Дзе: Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў (Някрасава, 3)

***

  • «Стыгма».  Ідэя, хар., выкан. Кіт Джонсан (Данія).

Танцорка і харэографка з Даніі Кіт Джонсан прыйшла ў танец са спорту. 12 гадоў яна ўдзельнічала ў прафесійных спаборніцтвах па бегу на 800 метраў, а потым, натхнёная нямецкім экспрэсіяністычным тэатрам, пачала сур’ёзна займацца буто, а таксама кантактнай імправізацыяй і трошку класічным балетам. Сёння Кіт Джонсан вядомая сваімі сола перформансамі, якія яна сама называе экзістанцыяльнымі. У першую чаргу яе цікавяць тэмы жыцця і смерці, спосабы існавання (выжывання) на гэтай зямлі.

Перформанс “Стыгма” паўстаў як вынік яе разваг і натхнення ад лёсаў людзей з траўмаваным досведам, якія знаходзілі ў сабе сілы супрацьстаяць выпрабаванням лёсу і трансфармаваць свае перажыванні ў штосьці пазітыўнае. Кіт Джонсан успамінае мясцовага святара са свайго дзяцінства, які падчас Другой сусветнай вайны трапіў у нацысцкі канцэнтрацыйны лагер і выжыў. “Гэта быў незвычайны чалавек, чый прыклад вельмі натхніў мяне. Ён здолеў дараваць”.

Stigma — trailer — solo by Kitt Johnson from Kitt Johnson X-act on Vimeo.

Дарэчы, слова “стыгма” мае некалькі значэнняў. Першапачаткова нейтральнае “месца”, пазней “стыгмай” сталі называць клеймы на целах рабоў і злачынцаў, таксама “ранай Хрыста”, а ў біялогіі ўзнікла паняцце “стыгмы” як органа ў жамяры, дзякуючы якому яны могуць дыхаць. Кіт Джонсан у сваёй працы звяртаецца менавіта да такой шматасацыятыўнасці панятка, нараджаючы такім чынам новыя сэнсы і пачуцці. У 1999 годзе “Стыгма” атрымала ўзнагароду Дацкай мастацкай фундацыі, у 2003 годзе трапіла ў топ 10 лепшых танцавальных перформансаў па версіі “New York Times”, а ў 2004-м у топ-10 па версіі “Now Toronto”.

 Напрыканцы заўважу: праца дацкай танцоркі — магчымасць атрымаць досвед іншага танца, таго, што прапануе ўнікальны досвед цялеснасці і эмоцыі ад цела, якое не танчыць.

Калі: 21 лютага, 17.00
Дзе: Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў (Някрасава, 3)

***

Святлана Уланоўская, крытык, даследчыца сучаснага танца, куратарка лекцыйнай праграмы “ПлаSтформа”:

“After Before” (Польшча–Беларусь). Ідэя, паст. – Мацей Кузьмінскі, харэагр. – Мацей Кузьмінскі ў суаўтарстве з артыстамі.

Гэта цалкам эксперыментальны спектакль, work-in-progress з непрадказальным вынікам. Прычым не толькі для выканаўцаў, але і для самога пастаноўшчыка. Цягам двух тыдняў у рэжыме hard day-night Мацей Кузьмінскі працаваў са студэнтамі кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, прапануючы ім складаныя лексічныя, кампазіцыйныя, канцэптуальныя задачы. Тое, што мы ўбачым падчас “ПлаSтформы”, – фінальны этап гэтага лабараторнага працэсу. Ведаючы пра тое, што Мацей Кузьмінскі любіць даследаваць складаныя філасофскія тэмы (напрыклад, два апошнія спектаклі харэографа – “Адрозненне” і “Паўтарэнне” – заснаваныя на вядомай літаратурнай працы Жыля Дэлёза), гледачу будзе на што паглядзець і пра што падумаць.

Калі: 18 снежня (чацвер), 19.00
Дзе: Палац культуры чыгуначнікаў (вул. Чкалава, 7)

“After Before” Мацея Кузьмінскага

“After Before” Мацея Кузьмінскага

У межах форуму будзе прадстаўлены яшчэ адзін спектакль Мацея Кузьмінскага – Room 40” (20 лютага, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі), які я таксама вельмі раю ўбачыць. На Польскай платформе танца (2014) гэтая пастаноўка атрымала прыз глядацкіх сімпатый. Спектакль пакідае вельмі моцнае ўражанне найперш за кошт кантрасту паміж дзівоснай прыгажосцю візуальнай формы і тымі экстрэмальнымі фізічнымі ўмовамі, у якія харэограф ставіць сваіх выканаўцаў.

***

  •  “Vasen-Extasen” тэатра танца “Karakuli” (Мінск). Ідэя і паст. – Вольга Лабоўкіна, харэагр. – Вольга Лабоўкіна ў суаўтарстве з артыстамі.

“Vasen-Extasen”, на мой погляд, – этапная праца ў кантэксце творчасці Вольгі Лабоўкінай. Менавіта ў гэтым перформансе сканцэнтраваныя тэндэнцыі і прыёмы, разсяроджаныя ў шэрагу апошніх работ харэографкі. Сярод іх – адыход ад наратыўнасці і кідкіх тэатральных эфектаў, акцэнт на візуальнай рэпрэзентацыі цела і руху, сімвалізацыя жэсту, зварот да кампазіцыйных прыёмаў іншых відаў мастацтва (кіно, выяўленчага мастацтва, фатаграфіі). Традыцыйнае выкарыстанне танца як рытмічна арганізаванай паслядоўнасці рухаў у “Vasen-Extasen” саступае месца прысутнасці перформера “тут і цяпер”, самадастатковасці цялесных дзеянняў, інтэнсіўнасці камунікацыі, якая ўключае ў агульны эксперымент і артыста, і гледача. Вельмі трапна падобны спосаб ўзаемадзеяння паміж сцэнай і залай ахарактарызаваў французскі харэограф Жэром Бель: “Мая праца – не прасіць перформера танцаваць, гэта свядомасць аўдыторыі танцуе” [1].

Назва работы запазычана з аднайменнай экспазіцыі фотамастакоў Ганны і Бэрнгарда Блюмаў, размешчанай у Музеі сучаснага мастацтва ў Франкфурце. “Асноўным полем даследавання ў перформансе з’яўляецца сыход ад нармальнага штодзённага стану свядомасці і цела. Абсалютная уключанасць, стан пазапачуццёвага і пазаінтэлектуальнага сузірання, знаходжанне ў напружанай беспадстаўнасці – ці не гэтыя моманты і адчуваюцца як адзіныя, што даюць жыццё? Неспадзявана падае ваза – чым ёсць хуткабежны экстаз руху ўсіх яе частак перад тым, як разбіцца, стаць аскепкамі і завяршыць сваё існаванне?” [2] – тлумачыць Вольга Лабоўкіна асноўную ідэю сваёй працы.

“Vasen-Extasen” Вольгі Лабоўкінай

“Vasen-Extasen” Вольгі Лабоўкінай

Па характары ўздзеяння “Vasen-Extasen” можна параўнаць з музыкай мінімалістаў.

Манатонны тэмпарытм, “дынамічная статыка”, рэпетытыўнасць пластычных матываў, медытатыўнае цячэнне энергіі, памножаныя на санарыстычныя тэмбрагучнасці саўнд-праекта «Aortha», ствараюць трансавы, гіпнатычны эфект, патрабуючы ад гледача абавязковай уцягнутасці, уключанасці ў тое, што адбываецца.

Калі: 19 лютага (пятніца), 18.00 і 21.00
Дзе: Нацыянальная школа прыгажосці (вул. Мельнікайтэ, 4)

***

  • “Акты” (Польшча). Харэагр., паст., выкананне – Аўрора Любас.

Перформанс Аўроры Любас пачынаецца з гуку – невыноснага ляскату посуду, які бесперапынна б’ецца. Гэта гук распаду, жыцця, якое пахіснулася, знішчэння, істэрыі… Ён запаўняе ўсю навакольную прастору, урываецца ў нашу свядомасць, ператвараючыся ў гвалт – над нашым слыхам, эмацыйным станам, які пазбаўляецца камфорту. Паступова гэты гук набывае канкрэтнасць слова. “Мне сорамна, што так адбываецца… Я саромеюся перад сям’ёй, дзецьмі, сябрамі, калегамі, нават перад незнаёмцамі, мінакамі, якія нешта купляюць побач са мной у краме… Гэтыя сінякі на твары, руках, падрапаная шыя, асіплы голас, апухлыя вочы, бяспамяцтва… Мне сорамна – за сябе, што нічога не раблю, ці амаль нічога, каб спыніць гэта… Сорамна за яго, што ён гэта робіць…” – у гэтым асабістым маналогу гучыць хор тысяч галасоў.

У сваім спектаклі Аўрора Любас уздымае праблему сямейнага гвалту – табуяваную не толькі ў нашай краіне. Гэта страшны боль, пра які прынята маўчаць, які выцясняецца на перыферыю публічнай прасторы. Аўрора Любас дае гэтаму болю голас і цела: “Я не хачу выказваць сваё меркаванне, а хачу праз свае дзеянні дазволіць гаварыць тым, хто пазбаўлены голасу, хто не ў стане крычаць” [3].

Створаныя на аснове рэальных гісторый жанчын, пацярпелых ад хатняга гвалту (цягам часу Аўрора праводзіла заняткі з жанчынамі і дзецьмі, якія знаходзяцца ў рэабілітацыйных цэнтрах), “Акты” выходзяць за межы “чыстага мастацтва”, трапляючы ў актуальны кантэкст паўсядзённай рэальнасці, якая датычыцца кожнага з нас.

Калі: 20 лютага (субота), 15.00
Дзе: Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў (вул. Някрасава, 3)

***

  • “Ніжыньскі. Свята сноў” (Польшча). Канцэпцыя і паст. – Славамір Краўчыньскі, харэагр. – Ганна Гадоўска, Томаш Выгода, выкананне – Томаш Выгода.

Творчая асоба Вацлава Ніжыньскага – танцоўшчыка, харэографа, стваральніка першага ў гісторыі сусветнага балетнага тэатра авангарднага балета (“Вясна свяшчэнная”, 1913), яго трагічны лёс (ашаламляльны поспех падчас “Рускіх сезонаў” у Парыжы і хуткі заняпад кар’еры, трыццаць апошніх гадоў жыцця, праведзеных у псіхіятрычным шпіталі) інспіруюць фантазію многіх балетмайстраў ужо больш за стагоддзе. Яму прысвячалі спектаклі Марыс Бежар, Джон Наймаер, Роберт Уілсан. Монаперформанс “Ніжыньскі. Свята сноў” Славаміра Краўчынскага, Анны Гадоўскай, Томаша Выгоды – яшчэ адно асабістае прысвячэнне выбітнаму артысту.

У 2014-м гэты твор атрымаў галоўныя ўзнагароды Польскай платформы танца – “За лепшы спектакль” і “За лепшае выкананне”. У пастаноўцы сышліся дзве легенды – Вацлава Ніжыньскага і “Вясны свяшчэннай” Ігара Стравінскага, партытура якой паслужыла музычнай асновай спектакля. Ягоная назва перагукаецца са словамі Рамолы Ніжыньскай, жонкі харэографа: “Ён жыве ў свеце, створаным яго ўяўленнем, дзе рэальныя персанажы – толькі прывіды, падобныя снам. Ён увесь час бачыць сны наяве, але памяць пры гэтым не страчвае” [4]. Усё, што адбываецца на сцэне, – праекцыя ўнутранага стану артыста. Аўтары не ілюструюць біяграфію Ніжыньскага, а нібыта падарожнічаюць па яго свядомасці, узнаўляючы самыя важныя моманты творчага жыцця харэографа. Адсюль – шматлікія алюзіі, пластычныя стоп-кадры з балетаў Ніжыньскага: бяссільна павіслыя кісці, профільныя позы адсылаюць да “Пасляпаўдзённага адпачынку фаўна”, скаванае сутаргаю цела, канвульсіўныя скачкі – да “Вясны свяшчэннай”, спіралепадобныя рухі – да малюнкаў харэографа.

Цэнтральны вобраз спектакля – вобраз ахвяры – цалкам адпавядае музыцы Стравінскага. Перад гледачамі здзяйсняецца ахвярапрынашэнне ў танцы. Толькі галоўнай дзейнай асобай станавіцца не Выбранніца, а артыст і яго трагічнае жыццё.
“Ніжыньскі. Свята сноў” Славаміра Краўчыньскага

“Ніжыньскі. Свята сноў” Славаміра Краўчыньскага

Асобай увагі заслугоўвае артыстычнае майстэрства Томаша Выгоды, выканаўцы ролі Ніжыньскага. Усе 45 хвілін спектакля танцоўшчык не сыходзіць са сцэны, пры гэтым ніколькі не саступаючы па сіле мастацкага ўздзеяння музыцы Стравінскага.

Калі: 21 лютага (нядзеля), 17.00
Дзе: Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў (вул. Някрасава, 3) 

Заўвага! Квіток, набыты на канкрэтны спектакль, дзейсны на ўвесь вечар, то-бок можна паглядзець у дадатак яшчэ некалькі прац. Таму ўважліва вывучайце афішу. І настойліва раім трапіць на лекцыі Анны Круліцы і Ядвігі Маеўскай з Польшчы (9-13 лютага), якія распавядуць, як разумець сучасны танец. Пагадзіцеся, веды для нашай прасторы рэдкія і вельмі патрэбныя.

У тым ліку і для таго, каб выхоўваць у сабе талерантнасць да рознага мастацтва і пазбаўляцца ценяў “шэдэўраў”.

Квіткі:
Палац чыгуначнікаў: тэл. 224-89-95
Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі: тэл. 385-97-51 (а таксама анлайн)
Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў: +375295628238
Папярэдняя замова:
+37529 3863865 (вэлком)
+37529 7663023 (мтс)

А таксама на ByCard!

[1] Цыт. па: Л. Венедиктова. Эмансипированный зритель. – Доступ через Интернет: http://theoryandpractice.ru/posts/8101-venediktova-non-dance
[2] Персанальны сайт Вольгі Лабоўкінай: http://labovkinaolga.com/karakuli-dance-theatre/vasen-extasen.html
[3] Polska Płatforma Tańca 2014: Katalog / red. J. Hoczyk. – 2014. – S. 27.
[4] Р. Нижинская. Вацлав Нижинский. – М.: Терра, 2004. – С. 164 

На вокладцы: “Акты” Аўроры Любас.

Пакінуць каментар

Ваш email адрас не будзе апублікаваны.

Магчыма выкарыстоўваць HTML тэгі і атрыбуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>