ПЕРАЗАГРУЗКА СЦЭНЫ? ГРАМАДСКІ ТЭАТР У ПОЛЬШЧЫ І БЕЛАРУСІ

Среда, Сентябрь 30, 2015 | ТЭГІ: дыскусія , цэнзура

Таня Арцімовіч

Артыкул стаўся вынікам разважанняў падчас удзелу ў Міжнародных сустрэчах “Польскі новы тэатр” у Быдгашчы, 25-27.09.2015 / Міністэрства замежных спраў Польшчы, Тэатральны інстытут у Варшаве, Польскі тэатр у Быдгашчы.

Сёлета ў Польшчы Год тэатра, што звязана з 250-й гадавінай Нацыянальнага тэатра ў Варшаве (Teatr Narodowy u Warszawie). Юбілейны — 100-годдзе са дня нараджэння — і для Тадэвуша Кантара. Дарэчы, нарэшце ў Кракаве адбылося ўрачыстае адкрыццё новага будынка Cricoteka, куды пераехаў архіў і калекцыя творцы. Але асноўныя мерапрыемствы і дэбаты года звязаныя менавіта з гісторыяй і феноменам публічнага, альбо грамадскага, тэатра ў Польшчы. Таму што, як адзначыў прафесар і гісторык тэатра Дарыюш Касіньскі (Dariusz Kosiński) падчас прэзентацыі “Рэінкарнацыя і рэмікс мінулага: польскі сучасны тэатр і традыцыя”, для польскага тэатра традыцыя працягвае заставацца ключавым фактарам: яна натхняе, з ёй спрачаюцца, яе адмаўляюць, нарэшце — баяцца яе страціць. Таму, аналізуючы сучасны польскі тэатр, неабходна звяртацца менавіта да гістарычнай перспектывы, каб глыбей разумець тыя працэсы, якія бруяць зараз.

ТЭАТР ЯК МЕСЦА ДЭБАТАЎ

На думку Дарыюша Касіньскага, такая ўвага да свята заснавання сцэны Нацыянальнага тэатра ў Варшаве не фармальнасць. Тады адбылася сапраўды важная для польскага грамадства і гісторыі рэч: тэатр стаў даступным шырокім колам насельніцтва, стаў часткаю публічнай прасторы і месцам дэбатаў, і гэтая ягоная функцыя застаецца найважнейшай і да нашых дзён. Узгадваючы часы камуністычнай Польшчы, Дарыюш Касіньскі звязвае росквіт тэатра з тым, што для грамадства ён з’яўляўся бадай адзінай выспай вольнага мыслення.

Дарэчы, і сёння, нягледзячы на дэмакратычны лад краіны, тэатр у Польшчы па-ранейшаму застаецца такою выспаю: менавіта тут магчымая крытыка, правакатыўныя выказванні і пастаноўка нязручных пытанняў.
Новы будынак Cricoteka у Кракаве. Крыніца фота: www.krakowcard.com

Новы будынак Cricoteka у Кракаве. Крыніца фота: www.krakowcard.com

Але польскі новы тэатр, шырока вядомы зараз за мяжой, не магчыма зразумець без ведання якраз тых працэсаў, якія былі закладзеныя напрыканцы 18 стагоддзя, настойвае Касіньскі. Напрыклад, той факт, што ад самага пачатку для кіраўнікоў Нацыянальнага тэатра ў Варшаве было важна спрабаваць максімальна прыслухоўвацца да запытаў з боку публікі, то-бок спектакль павінен правакаваць дыскусіі, трапляць у болевыя пункты грамадства, нарэшце — станавіцца месцам для гэтых дэбатаў. Цікавы факт: хутка пасля заснавання сцэны ў Варшаве стала ясна, што для таго, каб нацыянальны польскі тэатр, яе феномен, сапраўды адбыўся, патрэбна стварыць нацыяльную польскую трагедыю менавіта на польскай мове, але не ставіць французскія альбо нямецкія пераклады. Што хутка спраўдзілася і звязана ў першую чаргу з імёнамі Адама Міцкевіча і пазней Юльюша Славацкага. “Пяць найвыбітнейшых драматургаў гісторыі тэатра — гэта Шэкспір, Пэдра Кальдэрон, Антон Чэхаў, Сэмюэль Бэкет і Юльюш Славацкі, — гаворыць Дарыюш Касіньскі. — Мы можам з вамі паспрачацца наконт Кальдэрона, Чэхава і Бэкета. Але Шэкспір і Славацкі не ставяцца пад сумнеў”.

Касіньскі таксама заўважае, што важна пад традыцыяй разумець не нейкую закансерваваную форму, бо ні ў ніякім разе традыцыя не павінна пераўтварыцца ў архіў, яна мусіць заставацца жывой з’яваю, якая працягвае развівацца і ўзаемадзейнічаць з сучаснасцю. То-бок калі мы звяртаемся і працуем з ідэяй нацыянальнага тэатра альбо з метадам Ежы Гратоўскага ці формай тэатра Смерці Тадэвуша Кантара, гэта не павінна станавіцца толькі рэканструкцыяй формы, але адаптацыяй метаду да сучаснасці, пошукам агульнай з сучаснасцю прасторы, у якой класікі выявяцца найактуальнейшымі, і ў гэтым і заключаны іх вечны геній. Менавіта пошук такой прасторы застаецца прыярытэтам для грамадскага тэатра ў Польшчы, і таму адбываецца дзіўная, калі параўноўваць з беларускім кантэкстам, рэч:

на буйных сцэнах грамадскіх тэатраў ідуць спектаклі, якія наўрад ці змаглі б трапіць у рэпертуар нават эксперыментальных беларускіх сцэн.

Дарэчы, здольнасць спектакля быць прычынаю публічных дэбатаў застаецца маркерам сапраўднай ідэйнай паспяховасці для польскага тэатра сёння ўвогуле. Калі пастаноўка не выклікае дыскусіі, спрэчкі альбо нават скандалу ў грамадстве, калі не змагла звярнуць увагу медыя, палітыкаў, публікі да ўзнятых пытанняў, яна ўмоўна “правалілася”, нават зробленая на самым высокім прафесійным узроўні.

Цікавая гісторыя здарылася падчас фестывалю “MALTA” ў Познані ў 2014 годзе, калі арганізатары вымушаны былі адмяніць паказ спектакля “Golgota Picnik” Радрыга Гарсіа (Rodrigo García), аднаго з куратараў фэсту. Прычынаю сталі нападкі групы католікаў, чыноўнікаў, а таксама некаторых правых медыя, якія, не будучы знаёмымі з самім творам і спектаклем, убачылі ў назве абразу сімвалаў веры і блюзнерства. У выніку польскае грамадства радыкальна падзялілася на тых, хто супраць “такога” мастацтва, і тых, хто ўбачыў у забароне спектакля пагрозу дэмакратыі як такой. Паднялася маштабная хваля абмеркаванняў і пратэстаў, абодва бакі падпісвалі петыцыі, выходзілі на пікеты, паўсталі гучныя дэбаты наконт адносінаў царквы, улады і творцаў, а таксама кампетэнтнасці гэтых інстытуцый аказваць ціск на мастацтва. На плошчы ў Познані рэжысёрам Войцэхам Зямільскім (Wojciech Ziemilski) былі ініцыяваныя публічныя чытанні тэксту “Golgota Picnik”, да якіх, акрамя выбітнейшых прадстаўнікоў польскага мастацтва, далучыліся сотні гараджан. Так, адзначае Анна Галас-Косіль (Anna Galas-Kosil), каардынатарка дэпартамента па міжнародных сувязях Тэатральнага інстытута імя Збігнева Рашэўскага (Zbigniew Raszewski) у Варшаве, тэатр, пра які журналісты пісалі вельмі млява, умомант стаў галоўным героем усіх медыя, што яшчэ раз даказала ягоную жыццяздольнасць і актуальнасць.

Са спецвыдання “Golgota Picninc” in Poland. An account of the events May-July 2014

Са спецвыдання “Golgota Picninc” in Poland. An account of the events May-July 2014

Як адзначае тэарэтык і гісторык тэатр Драган Кліач (Dragan Cliac) у сваёй кнізе “Перазагрузка сцэны: публічны тэатр паміж рынкам і дэмакратыяй”, нацыянальны тэатр вызначаецца не сваёй структурай, але сваёй місіяй, і не пакідае адчуванне таго, што польскія актары ўсведамляюць гэта як ніхто іншы. І такое стаўленне да тэатра сапраўды ўражвае, асабліва што тычыцца палітыкі грамадскіх тэатраў, чый дзяржаўны статус не можа быць апраўданнем інэртнасці ці застарэласці. Дарэчы, адсюль тое актыўнае супраціўленне камерцыялізацыі, чый цень раз-пораз лунае і над польскім тэатрам.

ТЭАТР ПА-ЗА МЕЖАМІ ДЭБАТАЎ

Такім дыскусіям і адказнасці за сваю дзейнасць з нашай перспектывы можна толькі пазайздросціць: падобных сучасных прыкладаў у беларускіх дзяржаўных тэатрах не існуе. (Адразу адзначу, што гаворка пойдзе менавіта пра грамадскія тэатры Беларусі, якіх па апошняй афіцыяльнай статыстыцы налічваецца 28. Гл. сайт Міністэрства культуры Беларусі. То-бок незалежныя тэатральныя групы, як і дзейнасць Цэнтра беларускай драматургіі і Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры, у дадзеным артыкуле не разглядаюцца.)

З аднаго боку, у медыя можна знайсці шмат глыбокаразважных выказванняў кіраўнікоў асноўных тэатральных інстытуцый краіны пра “місію” і пра тыя “адказныя” задачы, якія яны ставяць перад сабой. Дарэчы, акурат адным з аргументаў супраць новай драматургіі і, з іх пункту гледжання, эксперыментальных рэжысёрскіх інтэрпрэтацый у рэпертуарах з’яўляецца якраз быццам бы “клопат” пра публіку, маўляў, не прыйдзе глядач на гэтыя “прасунутыя” эксперыменты (напрыклад, і да гэтай пары спектаклі паводле ўжо класіка сучаснай драматургіі Паўла Пражко стала так і не з’явіліся на дзяржаўных сцэнах). З іншага боку, і ў гэтым заключаны своеасаблівы парадокс, іхнія спектаклі, якія нібы павінны мець глядацкі попыт, таму што — “даступныя” і “традыцыйныя” (у іхняй інтэрпрэтацыі “традыцыі”), праходзяць пры паўпустых залах. Часам можна нават назіраць сітуацыю, калі, набыўшы квіток за 200 тысяч, глядач у антракце сыходзіць, не ў змозе вытрымаць такой “традыцыйнай даступнасці”. (Пакуль сітуацыю выратоўваюць распаўсюды білетаў праз прафсаюзы і іншыя “саюзы”, але ці справіцца тэатр, апынуўшыся з публікай сам-насам, выклікае сумнеў.) У саміх тэатрах сітуацыю з запаўняльнасцю залаў звязваюць у першую чаргу з пагоршаным эканамічным становішчам насельніцтва.

Але чамусьці матэрыяльны стан не паўплываў на наведванне беларусамі кіно, што, магчыма, паказвае наяўнасць нейкай іншай праблемы, напрыклад татальнага адставання беларускага рэпертуарнага тэатра ад гледача, чыім запытам тэатр болей не ў стане адпавядаць.

Паказальны выпадак — гісторыя з адкрытым галасаваннем за лепшую п’есу, напісаную ў межах IV Міжнароднай драматургічнай лабараторыі Цэнтра беларускай драматургіі, калі ў выніку дырэктар Тэатра беларускай драматургіі Уладзімір Карачэўскі адмовіўся ад п’ес-пераможцаў — “Блондзі” Дз. Багаслаўскага і “Опіум” В. Каралёва, таму што яго “пугает не тема пьесы, а ее литературная форма… но если текст нельзя изменить, я не буду включать его в репертуар. В данном случае я не нарушаю договоренностей, просто у театра сформирован свой почерк, политика”. Пасля чаго кіраўнік ЦБД Аляксандр Марчанка зрабіў выснову, что “такое партнерство пока невозможно в нашем государстве… возникает масса сложностей при такой кооперации, в том числе и идеологическое несоответствие. Государство нас подталкивает к партнерству с частными организациями, но условий для этого не дает”. (Падрабязней можна прачытаць ТУТ.) Такая сітуацыя, калі за публіку вырашае не яна сама, але хтосьці іншы, на жаль, застаецца для нашага кантэксту нормаю, але радуе той факт, што гэтая гісторыя стала часткаю публічнасці, а гэта ўжо значны крок наперад.

Дарэчы, узнікае пытанне: а што ж з’яўляецца “почыркам” гэтага тэатра, чыя галоўная місія быццам бы заключаная якраз у прасоўванні сучаснай беларускай п’есы і з “почыркам” якога, па словах дырэктара, не супадаюць п’есы-пераможцы адкрытага галасавання? Адказ, напэўна, трэба шукаць у спектаклях рэпертуарнай афішы. А гэта: вячэрні клубны праект І. Сігава “Нямое каханне”, “Белы анёл з чорнымі крыламі” Дз. Балыка (рэж. В. Расстрыжэнкаў), “Адамавы жарты” (аўт. і рэж. С. Навуменка), камедыі “Фінт-Круазэ” Дз. Багаслаўскага і В. Красоўскага (рэж. С. Навуменка), “Раскіданае гняздо” Я. Купалы (рэж. А. Гарцуеў), “Ціхі шэпат сыходзячых крокаў” Дз. Багаслаўскага (рэж. Ш. Дыйканбаеў) ды іншых. Што тычыцца прэм’ер апошняга сезона, то гэта — спектакль-даследаванне “Мабыць” (на аснове інтэрв’ю, рэж. А. Марчанка), казка для дзяцей “Усе мышы любяць сыр” (аўт. і рэж. В. Буслаева), спектакль на ваенную тэматыку “Дзед” В. Паніна (рэж. Дз. Паршын), таксама была ўзноўленая фолк-опера “Адвечная песня” паводле Я. Купалы (рэж. В. Панін). Такім чынам, з аднаго боку, быццам бы гэта ўсё беларускія аўтары. З іншага, нягледзячы на дыскусіі, якія доўжацца ўжо дзесяцігоддзе, з дзясяткаў п’ес-пераможцаў міжнародных драматургічных конкурсаў альбо імёнаў аўтараў, якія рэпрэзентуюць Беларусь за мяжой, у рэпертуар тэатра ўключаныя толькі “Ціхі шэпат сыходзячых крокаў” Дзмітрыя Багаслаўскага і “Дажыць да прэм’еры” Мікалая Рудкоўскага. Як выключэнне можна вызначыць яшчэ прэм’еру спектакля “Мабыць”, але такая адзінкавасць яшчэ болей падкрэслівае выключнасць гэтых выпадкаў, кожны з якіх становіцца перамогай для ініцыятараў. Яшчэ раз адзначу: гаворка ідзе пра тэатр, які акурат павінен падтрымліваць і прасоўваць сучасную, альбо новую, беларускую драматургію.

Але пакуль замкнёнае кола пытанняў-адказаў, на жаль, працягваецца, таму што, хутчэй за ўсё, на ўжо ў каторы раз агучанае: чаму? — адказ будзе пра “гледача” і “почырк”. Праўда, “почырк” сапраўды ў тэатра відавочна ёсць, толькі — а глядач хто?

Падобныя пытанні наконт “місіі” актуальныя ў дачыненні фактычна да ўсіх грамадскіх тэатраў у Беларусі. Ці можа кожная з 28 тэатральных установаў дакладна акрэсліць сваю палітыку і чым яна адрозніваецца ад палітыкі іншых тэатраў?

“Спектакль № 7”, рэж. Я.Карняг

“Спектакль № 7”, рэж. Я.Карняг

Інфармацыя для разважанняў, альбо знайдзі n-адрозненняў. Некаторыя прэм’еры і спектаклі актуальнага рэпертуару ў некаторых іншых беларускіх грамадскіх тэатрах.

НАДТ імя Максіма Горкага

С. Моэм “Кола кахання”, рэж. М. Абрамаў
“Вечнасць на дваіх” па ідэі рамана “Годы такія доўгія” Дж. Лоурэнс, рэж. Б. Луцэнка
У. Шэкспір “Дванаццатая ноч”, рэж. С. Кавальчык
А. Курэйчык “Пане Каханку”, рэж. С. Кавальчык
А. Цагарэлі, “Хітрыкі Ханумы”, рэж. С. Кавальчык
Р. Піпа “Viva Commedia!”, рэж. М. Спьяцы
М. Задорнаў “Запіскі стомленага рамантыка”, рэж. М. Задорнаў / І. Кулікоў
Р. Куні “Пайманы сеткай”, рэж. В. Еранькова 

Беларускі моладзевы тэатр

Д. Фо “Плаціць не будзем”, рэж. К. Міхаленка
А. Чэхаў “Чайка”, рэж. І.Сакаеў
Л. Зорын “Варшаўская мелодыя”, рэж. М. Абрамаў
В. Ален “Заспетыя неспадзеўкі любоўю”, рэж. Г. Мушперт
В. Катаеў “Квадратура кола”
А. Астроўскі “Беспасажніца”, рэж. М. Астаф’еў 

Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы

А. Міцкевіч “Дзяды”, рэж. П. Пасіні
Н. Птушкіна “Брава, Лаўрэнсія!”, рэж. В. Янавец
М. Рошчын “Маладая сям’я здыме кватэру”, рэж. Ц. Ільеўскі
А. Дудараў “Вечар”, рэж. А. Козак
М. Горкі “На дне”, рэж. Ц. Ільеўскі
Дж. Патрык “Дарагая Памэла”, рэж. Ц. Ільеўскі

Новы тэатр (Менск) 

С. Мрожак “Дамскае танга”, рэж. У. Расстрыжэнкаў
А. Макаёнак “Трыбунал”, рэж. С. Кулікоўскі
М. Гогаль “Гульцы”, рэж. М. Лашыцкі
А. Чарвінскі “Шчасце маё”, рэж. С. Кулікоўскі
А. Астроўскі “Не ўсё кату масленіца”, рэж. А.Гузій
Я. Пуліновіч “Як я стаў…”, рэж. С. Кулікоўскі
М. МакДонах “Каралева прыгажосці”, рэж. Дз. Нупрэйчык
А. Арбузаў “Не бойся быць шчаслівым”, рэж. Дз. Нупрэйчык
М. Каляда “Персідскі бэз”, рэж. Дз. Нупрэйчык

Ці можна па такім выбары літаратурных крыніц што-небудзь зразумець пра місію тэатра? Акрамя пэўнае закасцянеласці і адсутнасці хоць якога ўяўлення пра тэндэнцыі сучаснасці, хутчэй за ўсё не. 

(Самым “прасунутым”, дарэчы, у гэтым спісе выглядае Новы тэатр з пастаноўкамі па п’есам Я. Пуліновіч, М. Каляды і М. МакДонаха, ужо класікамі сучаснай драматургіі.) Канешне, ёсць шмат прыкладаў у замежным тэатры, калі добравядомая традыцыйная п’еса становіцца асновай для вельмі актуальнага наватарскага спектакля. Хацела б памыляцца, але, на жаль, у беларускім тэатры часцей за ўсё адбываецца наадварот: з сучаснай п’есы рэжысёры робяць блёклую старамодную мёртвую пастаноўку. І яшчэ адзін цікавы факт, і гэта ўжо, магчыма, тычыцца палітыкі Міністэрства культуры: у рэпертуары амаль кожнага дзяржаўнага тэатра пераважаюць спектаклі так званага “камерцыйнага” напрамку — камедыі і меладрамы, што мастацкія кіраўнікі тлумачаць скарачэннем датацый на культуру і патрабаваннем ад тэатраў самаакупнасці. Вяртаючыся да прыкладу польскага тэатра, як адзначалася вышэй, пагроза камерцыялізацыі таксама час ад часу з’яўляецца і там, датацыі скарачаюцца гэтак жа. Але тэатральныя дзеячы Польшчы кожным разам выступаюць з актыўнымі пратэстамі супраць такой дзяржаўнай палітыкі, акцэнтуючы тое, што гэта прамая пагроза існаванню культуры як такой (апошні прыклад — масавая кампанія ў 2012 годзе супраць замяшчэння пасады мастацкага кіраўніка тэатра менеджарам). І дарэчы, субсідаванне грамадскіх тэатраў у Польшчы наўпрост звязанае з рэпертуарам:

калі тэатр будзе займацца камерцыйнымі пастаноўкамі, датацыі змяншаюцца, і наадварот, актыўна падтрымліваецца асветніцкая дзейнасць тэатраў, што не стварае такой парадаксальнай, як у беларускім кантэксце, сітуацыі, калі грамадскія тэатры па змесце нагадваюць вар’етэ.

Вяртаючыся да пытання місіі, асабліва актуальна яно гучыць у дачыненні да НАТ імя Янкі Купалы, які па сутнасці павінен з’яўляцца адным з галоўных рэпрэзентаў беларускай нацыянальнай ідэі. Але якой задачы адпавядаюць прэм’еры тэатра апошніх гадоў, напрыклад “Ноч перад Раством” па М. Гогалю (рэж. М. Пінігін), “Людзі на балоце” І. Мележа (рэж. А. Гарцуеў), “Тата” Дз. Багаслаўскага (рэж. К. Аверкава), “Дон Жуан” Мальера (рэж. А. Праўдзін), “Пан Тадэвуш” па А.Міцкевічу (рэж. М. Пінігін) альбо “Чайка” А. Чэхава (рэж. М. Пінігін), застаецца загадкаю. Ці можна такім выбарам казаць пра ўсведамленне тэатрам сваёй місіі як нацыянальнай інстытуцыі? Які рэпертуар фармуе наш нацыянальны тэатр?

Можна спыніцца на постаці Адама Міцкевіча. Дарэчы, менавіта ў дачыненні да пастаноўкі “Пана Тадэвуша” з вуснаў мастацкага кіраўніка тэатра Мікалая Пінігіна і прагучалі ідэі пра нацыянальную свядомасць і гістарычную памяць. Але стаўка на Міцкевіча падаецца ў дадзеным выпадку вельмі хісткай: наўрад ці нам удасца хоць як канкураваць з польскай культурай, якая сапраўды ўвекавечыла паэта на ўзроўні дзяржаўнай палітыкі. І дзясяткі сцэнічных інтэрпрэтацый твораў Адама Міцкевіча можна і зараз убачыць па ўсёй Польшчы, не гаворачы ўжо пра галоўныя сцэны краіны. А нам, на маю думку, усё ж трэба клапаціцца пра сваю адметнасць: тое ўнікальнае, што можа сцвердзіць існаванне беларускай культуры і нацыі як такіх. Магчыма, час якраз звярнуцца да пошукаў сапраўднай беларускай трагедыі? Гэтак жа як час для таго, каб адмовіцца ад сфармаваных дзесяцігоддзямі штампаў і правядзеннем татальнай рэвізіі паняццяў “традыцыя”, “нацыянальнае”, “беларускае”, “класіка”, “эксперымент” і г.д.

У першую чаргу гэта тычыцца тых прадстаўнікоў тэатральнай супольнасці, якія адказваюць за “почырк” тэатраў, належных грамадскасці і фінансаваных ёй(!).
Fot.-Materiały-prasowe

“Вялікае вока”, мастак Якуб Войнароўскі. Крыніца фота: www.250teatr.pl

Але гэта не дыскусія толькі тэатральнай супольнасці, і для таго, каб знайсці найбольш прадуктыўныя адказы, патрэбна ангажаваць у дэбаты спецыялістаў з іншых сацыягуманітарных сфераў. На жаль, толькі не ведаю, ці магчымыя такая рэвізія і адкрытыя дыскусіі ў найбліжэйшы час, таму што, зразумела, яны патрабуюць сітуацыі свабоды выказванняў, адкрытасці і адсутнасці цэнзуры. Таму мае разважанні і спадзяванні напраўленыя, хутчэй, на будучыню, бо хочацца верыць, што будучыня ў грамадскага тэатра ў Беларусі ёсць. І што аднойчы і ў нас можна будзе адчуць тое натхненне і захапленне, якія зараз атрымоўваеш ад досведу суседзяў.

Таня Арцімовіч

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.

Пакінуць каментар

Ваш email адрас не будзе апублікаваны.

Магчыма выкарыстоўваць HTML тэгі і атрыбуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>