ФОРУМ “ТЭАРТ”: ТОП “ПАВІННЫ ЎБАЧЫЦЬ”

Вторник, Сентябрь 22, 2015 | ТЭГІ: афіша , фестываль

Ужо праз тыдзень у Мінску стартуе падзея, якую беларускія аматары сучаснага тэатра нецярпліва чакаюць ужо пяты год запар.

29 верасня спектаклем “Донка — пасланне Чэхаву” швейцарскага рэжысёра Даніэля Фінцы Паска адкрыецца Міжнародны форум тэатральнага мастацтва “ТЭАРТ”, каб фактычна на месяц пераўтварыць Мінск у сапраўдную тэатральную сталіцу. Праграма, што стала ўжо добрай традыцыяй для фэсту “ТЭАРТ”, выглядае насычана і разнастайна, у стане забяспечыць густы як заўзятараў эксперыментальных тэатральных практык, так і аматараў традыцыйнага тэатральнага мастацтва. Выбар у такім спісе зрабіць сапраўды складана, таму прапануем наш топ “павінны ўбачыць” — ад крытыкаў Тані Арцімовіч і Святланы Уланоўскай.

Таня Арцімовіч:

Адразу адзначу, што “ТЭАРТ” — бадай што адзіная падзея такога маштабу ў нашай краіне, якая з кожным годам, калі казаць пра якасць і прафесіяналізм, толькі набірае абароты. Звычайна ў нас адбываецца наадварот: ініцыятыва стартуе, задаецца пэўная планка, але потым паціху пачынае затухаць і нарэшце пераўтвараецца ў такі сабе “міжсабойчык”. Канешне, вельмі ўплываюць эканамічныя складнікі, але часта гэта залежыць яшчэ і ад тых, хто бярэцца за арганізацыю. Напрыклад, успомніць тэатральны фестываль “Адкрыты фармат” у 2002 годзе, калі спачатку за праграму адказвалі Андрэй Курэйчык, Вячаслаў Іназемцаў і Уладзімір Ушакоў і калі сапраўды ўзнікла адчуванне, што нарэшце ў Мінску з’явілася падзея міжнароднага класа. Але з наступнага года дырэкцыя Купалаўскага тэатра і Мінкульт вырашылі ўзяць ініцыятыву пад сваю “апеку”, фестываль стаў называцца “Панарамай”, хутка пераўтварыўся ў такі “тутэйшы” форум і ўрэшце знік.

“ТЭАРТ” у гэтым плане здзіўляе — не толькі тым азартам, з якім арганізатары на чале з Анжалікай Крашэўскай вышукваюць і прывозяць у Мінск сусветных тэатральных зорак, але і тым, што пастаянна ставяць перад сабой усё новыя амбіцыйныя задачы.

Як гэта адбылося, напрыклад, з беларускай праграмай, якая распачалася некалькі год таму ў выглядзе пэўнага дадатку да міжнародных спектакляў, але паціху пераўтварылася ў сапраўдны гонар як для арганізатараў, так і для публікі. І хочацца спадзявацца, што гэта толькі пачатак, і нарэшце сусветнае тэатральнае мастацтва страціць у беларускім полі сваю элітарнасць, і імёны Варлікоўскага, Остэрмаера, Люпы, Фабра, Касталучы будуць узнікаць не толькі ў размовах тэатральных знаўцаў, але і ў больш шырокіх колах грамадства.

“Латышскае каханне”, рэж. А.Херманіс

“Латышскае каханне”, рэж. А.Херманіс

Канешне, ідэальна было б па максімуме наведаць спектаклі форума, але эканамічныя ўмовы прымушаюць выбіраць. Таму паспрабую сфакусавацца на тых пастаноўках, якія могуць не толькі падараваць эстэтычную і інтэлектуальную асалоду, але і змяніць уяўленне пра тэатральнае мастацтва і ягоныя магчымасці як такія.

Пачну з міжнароднай праграмы, дзе імёны фаварытаў падаюцца відавочнейшымі.

Майстар псіхалагічнага тэатра Алвіс Херманіс, якога мінская публіка ведае па спектаклях “Гук цішыні” і “Абломаў”, паказаных на мінулых форумах “ТЭАРТ”, гэтым разам прывозіць “Латышскае каханне”. Гісторыя на першы погляд банальная і распавядае пра чалавечую адзіноту, але калі за расповед бярэцца Алвіс Херманіс, спектакль абяцае быць глыбокім, шчырым і па-сапраўднаму густоўным.

Калі: 30 верасня, 1 кастрычніка, 19.00
Дзе: Беларускі маладзёжны тэатр (Казлова, 23а)

З жорсткім стылем Томаса Остэрмаера, аднаго з лідараў сучаснага тэатра, чыё імя шчыльна звязанае з феноменам постдраматычнага тэатра, гледачы змогуць пазнаёміцца праз класіку — спектакль “Вораг народа” Г. Ібсена. У дадзеным выпадку азначэнне “класіка” — хутчэй фармальнасць, таму што Остэрмаер вядомы ў тым ліку смелымі прачытаннямі класічнай літаратуры, што характэрна для сучаснага нямецкага рэжысёрскага тэатра ў прынцыпе. Тэатр Томаса Остэрмаера заўсёды экспрэсіўны, гучны, правакатыўны. Карацей, калі вы аматар моцных перажыванняў і жадаеце новага досведу, нямецкі рэжысёр вас не расчаруе. Дарэчы, у 2011 годзе за свае працы Томас Остэрмаер атрымаў Залатога Льва Венецыянскай біенале.

Калі: 9 і 10 кастрычніка, 19.00
Дзе: Палац культуры МАЗ (Партызанскі пр., 117а)

E

“Вораг народа”, рэж. Т.Остэрмаер

Імя Цімафея Кулябіна апошнім часам не сыходзіла са старонак медыя, але, на жаль, не з прычыны масавага захаплення ягонай творчасцю, але ў сувязі са скандалам. Праваслаўныя вернікі падалі ў суд на рэжысёра за пастаноўку оперы Вагнера “Тангейзер” у Навасібірскім тэатры, у якой яны выявілі багахульства і апаганенне святых сімвалаў царквы. Справа доўжылася амаль тры месяца, у выніку суд зняў абвінавачванні з рэжысёра. І хоць інакш быць і не магло (справа ды і само абвінавачванне для 2014 года выглядалі ну проста недарэчна), часам падавалася, што вар’яцтва, якое ахапіла пэўныя колы грамадства нашых суседзяў, пераможа. На шчасце, не. Тэатральная грамадскасць выдыхнула з палёгкай, рэжысёр працягнуў працаваць і атрымліваць узнагароды. На сённяшні дзень Цімафей Кулябін уваходзіць у топ рэжысёраў постсавецкай прасторы. У Мінску можна будзе ўбачыць ягоную смелую і эксцэнтрычную версію “Анегіна”… Так можна зноў і Пушкіна палюбіць.

Калі: 12 і 13 кастрычніка, 19.00
Дзе: Палац прафсаюзаў (пр. Незалежнасці, 25)

З творчасцю Дзмітрыя Валкастрэлава мінская публіка ўжо знаёмая. У першую чаргу ягонае імя звязваюць з драматургіяй беларуса Паўла Пражко (расійскі рэжысёр і беларускі драматург здолелі ўтварыць паўнавартасны тандэм): два гады таму адмыслова для “ТЭАРТа” Валкастрэлаў з беларускімі акторамі паставіў у Менску “Сумнага хакеіста”. Летась у Цэнтры сучасных мастацтваў быў паказаны іншы спектакль Ваўкастрэлава — апакаліптычны “shoot/get treasure/repeat” па тэкстах Марка Равенхіла, які запомніўся перадусім сваёй сімультаннай структурай: главы спектакля іграліся паралельна ў розных пакоях Цэнтра, што напаўняла прастору бясконцасцю і станавілася непаўторным досведам часу. Сёлета Валкастрэлаў прывозіць у Мінск “Танец Дэлі” паводле Івана Вырыпаева, ужо добра знаёмага сталічнай публіцы. Дарэчы, можна будзе паглядзець і беларускі варыянт тэатра Вырыпаева: у межах Belarus Open рэжысёрка Таццяна Траяновіч прадставіць спектакль “Ілюзіі”, створаны на базе Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры.

Калі: 14 кастрычніка, 17.00 і 19.00
Дзе: Новы драматычны тэатр (Л.Чайкінай, 16)

Нарэшце легенда савецкага, а пасля расійскага тэатра эпохі росквіту Леў Додзін прывозіць спектакль “Жыццё і лёс” па рамане В. Гросмана. Додзіну, добра вядомаму сваімі майстарскімі інсцэніроўкамі празаічнай літаратуры, зноўку ўдалося, падавалася б, неверагоднае: стварыць на сцэне сапраўднае манументальнае палотнішча. Дзякуючы рэжысёрскай задуме, а таксама мастацкаму вырашэнню Аляксея Парая-Кошыца, спектакль успрымаецца на адным дыханні: на нашых вачох адбываюцца гістарычныя пераломы, мы быццам сапраўды здзяйсняем падарожжа ў часе і месцы (СССР часоў Сталіна і нацысцкая Германія).

Калі: 16 і 17 кастрычніка, 19.00
Дзе: Рэспубліканскі тэатр юнага гледача (Энгельса, 26)

 “Жыццё і лёс”, рэж. Л.Додзін

“Жыццё і лёс”, рэж. Л.Додзін

Акрамя гэтых, больш-менш для нас “брэндавых”, імёнаў — раю звярнуць увагу на яшчэ дзве пастаноўкі, аўтары якіх прагучаць мо для нас упершыню, але знаёмства вартыя.

Спектаклі італьянскага рэжысёра Піпа Дэльбона ўжо неадразова паказваліся на буйнейшых тэатральны фестывалях у Расіі. У Мінск ён прывязе “Архідэі”, у якой рэжысёр, па ягоных словах, спрабуе спыніць час, у якім жыве. Адметнай старонкай творчай біяграфіі Дэльбонэ з’яўляецца не толькі цікаўнасць да практык усходняга тэатра, але — некалькі гадоў працы ў Вупертальскім тэатры, куды яго запрасіла ў канцы 1980-х сама Піна Баўш.

Калі: 4 кастрычніка, 19.00
Дзе: Палац культуры МАЗ (Партызанскі пр., 117а)

І нарэшце “MATCHATRIA” японцаў Юі Кавагуці і Ёсімаса Ісібасі. Спектакль абяцае неверагодныя эстэтычныя перажыванні і знаёмства з найноўшымі тэхналогіямі ў сферы пластычнага і танцавальнага тэатраў. А менавіта — узаемадзеянне цела танцоркі з 3D-праекцыямі, што для беларускага тэатра і гледача пакуль што застаецца абсалютнай навінкай.

Калі: 10 і 11 кастрычніка, дакладны час глядзіце і абірайце на сайце
Дзе: Камерная зала НАТ імя Янкі Купалы (Энгельса, 7)

Цяпер звернемся да праграмы Belarus Open, якая таксама абяцае шмат сюрпрызаў. Дарэчы, падчас прэс-канферэнцыі і круглага стала прагучала думка пра тое, што ў прынцыпе Міжнародная праграма патрэбная ў першую чаргу для таго, каб развіваць і прасоўваць беларускія спектаклі. І тут арганізатарам трэба аддаць належнае: у спіс у асноўным трапілі тыя пастаноўкі, якія могуць годна, а часам і нароўні прагучаць са спектаклямі гасцей форуму. Перадусім акцэнтую ўвагу менавіта на эксперыментальных працах, якія вы “павінны ўбачыць” хаця б яшчэ і таму, што збольшага яны не ўваходзяць у рэпертуары тэатраў і таму іграюцца вельмі рэдка, а то і па адным разе.

4 Женитьба

“Жаніцьба”, рэж. С. Варнас

Што тычыцца “класікаў”, калі вы яшчэ не бачылі спектаклі літоўскага рэжысёра Саўлюса Варнаса, які зараз узначальвае Магілёўскі драматычны тэатр, альбо Аляксея Ляляўскага, Тэатр лялек якога доўгі часаў быў лідарам па эксперыментальных тэатральных пастаноўках, абавязкова выкарыстайце гэтую магчымасць. Саўлюс Варнас прывозіць у Мінск дзве працы — “Жаніцьба” паводле М. Гогаля і “У маленькай сядзібе” паводле С. Віткевіча, Аляксей Ляляўскі пакажа “Тарцюф” паводле Мальера.

Спектаклі незалежнай групы з Магілёва Laboratory Figures Oskar Schlemmer ужо вядомыя менчукам дзякуючы Форуму пластычных і танц-тэатраў Беларусі “PlaStforma”, дзе былі паказаныя іх працы “Мёртвыя ды жывыя фігуркі” і “Goldkopf”. Непадобныя ні на адзін беларускі праект, натхнёныя “тэатрам аб’екта” і нямецкім баўхазам, на сцэне яны ствараюць неверагоднай прыгожасці і медытатыўнасці прасторы, у якіх расказваюцца дзіўныя гісторыі чалавечых жарсцяў. Сёлета яны пакажуць спектакль “Oratorium”: “Тэатр аб’екта, танец нерваў і галасавых звязак пад біццё сэрца — вось што чакае гледача”.

Калі: 3 кастрычніка, 19.00
Дзе: Маладзёжны тэатра эстрады (Маскоўская, 18а)

IMG_11_6214_1620px

“Oratorium”, Laboratory Figures Oskar Schlemmer

Яшчэ некалькі год таму дакументальны тэатр было немагчыма ўбачыць у рэпертуары беларускіх тэатраў. З ім глядач знаёміўся альбо ў Беларускім свабодным тэатры, альбо ў сценах лабараторый і падчас марафонаў “чытак”. Летась на сцэне Тэатра беларускай драматургіі нарэшце ўзнік спектакль дакументальнага жанру, які іграецца пакуль што стала. “Мабыць” Аляксандра Марчанкі патрэбна наведаць не толькі для таго, каб пачуць іншую тэатральную інтанацыю і ўбачыць на сцэне самога або самую сябе. Але — у тым ліку і не пагадзіцца з тымі галасамі, якія прадстаўляць на сцэне беларускае грамадства.

Калі: 3 кастрычніка, 19.00
Дзе: Тэатр беларускай драматургіі (Крапоткіна, 44)

Неадназначна для крытыкаў і публікі прагучаў спектакль “Чэхаў. Камедыя. Чайка” расійскага рэжысёра Іскандэра Сакаева, запрошанага ў Маладзёжны тэатр. Але асабіста для мяне прэтэнзіі нашых знаўцаў у “няправільным прачытанні Чэхава” ўжо ёсць знакам таго, што атрымалася штосьці вельмі цікавае і вартае ўвагі… Можа, зноў можна будзе і Чэхава палюбіць?

Калі: 2 кастрычніка, 19.00
Дзе: Беларускі моладзевы тэатр (Казлова, 17)

Акрамя гэтага не прапусціце паказ новага спектакля Яўгена Карняга “Інтэрв’ю з ведзьмамі(1 кастрычніка на сцэне Беларускага тэатра лялек), прэм’ера якога толькі адбылася і ўжо сабрала шмат гучных водгукаў, што для KorniagTheatre стала нормаю. І працу легенды беларускай эксперыментальнай сцэны Вячаслава Іназемцава “Доступ да цела” (5 кастрычніка на сцэне ДК Чыгуначнікаў), якую ён прэзентаваў мінскай публіцы некалькі год таму ў гонар свайго 50-годдзя.

Падрабязней пра спектаклі і замома квіткоў на САЙЦЕ форума

Квіткі ўжо ў продажы на сайтах teart.by, kvitki.by, а таксама на сайце і ў касах НАТ імя Янкі Купалы.

Працяг ад Святланы Ўланоўскай будзе…

На вокладцы: “Архідэі” Піпа Дэльбона.

Фотаздымкі // прэс-служба форума

Пакінуць каментар

Ваш email адрас не будзе апублікаваны.

Магчыма выкарыстоўваць HTML тэгі і атрыбуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>