Прыселі на “Прызбу”

Четверг, Август 14, 2014 | ТЭГІ: адукацыя , майстар-клас

Рэпартаж з “Прызбы-фэста” ад 34mag.net

Мы правялі найлепшы ўік-энд лета на тэатральна-экалагічным “Прызба-фэсце”, што прайшоў паміж пустак-балот Пружанскага раёна. У рэпорце ніжэй — галоўныя моманты падзеі і кранальныя сведчанні таго, што чым часцей збягаць з горада ў кампаніі сяброў, тым больш відавочна, як жыць, з кім і для каго.

Трохдзённы форум “Прызба-фэст” — гэта тэатр, адпачынак і нефармальная адукацыя ў адным флаконе. Ініцыятыва належыць сапраўдным фанатам свайго рамяства — альтэрнатыўнаму тэатру “Крылы халопа” з Берасця і гаспадарам аграэкасядзібы “Залессе” .

На працягу ўсяго ўік-энду — з пятніцы да нядзелі — гасцей прапампоўвалі па трох дысцыплінах, якія і склаліся ў лейтматыў сустрэчы: “Тэатр. Экалогія. Сацыяльнае мастацтва”.

На “Прызбу” мы даязджаем на другі дзень фестывалю. Вёска Залессе стаіць на ўнікальным месцы — пасярод абсалютна запаведнай зоны Белавежскай пушчы, абкружаная нізінным балотам Дзікае. Пакуль аўтобус, нібыта шэйкер на колах, пераадольвае кіламетры па гравійцы, Дзяніс, 26-гадовы ўрач-анколаг, а ў вольны час — старшыня берасцейскай часткі “Аховы птушак Бацькаўшчыны”, робіць кароткі экскурс: “У гэтых мясцін міжнароднае значэнне — мы налічылі тут 89 відаў птушак, асаблівую цікавасць выклікаюць совы, напрыклад, барадатая кугакаўка, якая тут гняздзіцца. Балота — гэта тыя самыя „лёгкія Еўропы„, праз яго калісьці пралягаў каралеўскі тракт з Кракава ў Вільню“.

IMG_2380

Сядзіба, да якой мы нарэшце дабіраемся, уключае ў сябе некалькі дамоў з хлявамі, якія яшчэ гадоў восем таму выкупіла групка сяброў — аматараў экалагічных даследаванняў. “Мы тут упершыню праводзім культурна-экалагічны фэст, хаця раней тут ладзіліся арніталагічныя лагеры, — распавядае Сяргей Сідарук, кіраўнік „Залесся“. — Падрыхтоўка да „Прызбы„ пачалася год таму. Хацелася не толькі сабраць неабыякавых да прыроды людзей, але і знайсці спалучэнне з сучасным мастацтвам, прыцягнуць увагу да мясцовых жыхароў — носьбітаў унікальнай культуры, якія, на жаль, не будуць тут з намі заўжды”.

Хлеў падрамантавалі і знеслі адну сценку — атрымалася сцэна. У цяньку шатра — месца для лекцый. Мясцовыя ўлады падагналі біяпрыбіральні і кіёск з прадуктамі першай неабходнасці — мінералкай і марозівам, а таксама Сусану Канстанцінаўну — яна какетліва страляе вачыма на камеру і працягвае дзецям пламбір. Гамакі, арэлі ды старыя прадметы сялянскага побыту дадаюць неабходнага градусу ўтульнай шчырасці. Удзельнікаў — каля 200 чалавек, у тым ліку з паўсотні маленькіх рабінзонаў і дзве старэйшыны — мясцовыя жыхаркі. Арганізатары прызнаюцца, што чакалі ўбачыць удвая менш людзей, але сарафаннае радыё спрацавала даволі эфектыўна. “Кухня” працуе спраўна, ежы на ўсіх хапае. У меню — грэчка з гароднінай, плоў з грыбамі і вараная капуста.

IMG_2105

Часам чуваць англійскую, польскую ды нямецкую мовы. На запрашэнне “Крылаў халопа” на фэст прыехаў польскі вясковы тэатр “Вэнгайты” — сапраўдны табар у найлепшым разуменні слова. Увечары ля вогнішча сваімі спевамі тон задаюць наглядчыцы — бабулі Маня ды Валя, а вандроўнікі ім акампануюць ды ловяць кожны гук.

Найбольшым поспехам карыстаецца прастора крэатыўнага гультайства “Ля-Нота”. Яе аўтаркі Света і Аліна, суседкі з Берасця, знайшлі ідэальнае спалучэнне бестурботнага рэлаксу з карысным баўленнем часу. Прастору ладзілі з таго, што знайшлі на месцы — атрымалася “Ля-Нота” з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй і моцным ухілам у рэсайклінг. Чытальню ўладкавалі пад яблыняй, прыцягнуўшы рэдкія ў нашых шыротах часопісы пра мастацтва ды іншамоўныя кнігі, кавярню паставілі на колы распілаванага ровара, а ў імправізаванай друкарні рабілі прынты з непрыдатных у працы фарбаў. У выніку альтэрнатыўным лога фэсту зрабілася сава, асеўшы на тышотках амаль усіх гасцей.

Кожны дзень да абеду адбываліся майстар-класы: як плесці вянкі, друкаваць па тканінах, кіраваць канфліктамі і нават агучваць кіно ад менскага праекту “КІНЕМО” . Пасля абеду — лекцыі з удзелам вядомых гульцоў беларускага культурніцкага асяроддзя. Эксперты абмяркоўвалі сутнасць сацыяльнага мастацтва, а слухачы, разваліўшыся на сене, удзельнічалі ў дыскусіі і задавалі пытанні. “Людзей сюды перш за ўсё прыцягнула асяроддзе, але атрымаўшы ўік-энд у прыемных умовах, яны нечакана для сябе зрабіліся ўдзельнікамі якаснай адукацыйнай праграмы, — каментуе падзею тэатральны крытык Таня Арцімовіч. — Паслухалі пра сучаснае мастацтва, гэтая тэма ўжо не застаецца такой незразумелай. Паглядзелі „Чарнобыль“ — важны спектакль, які „Крылам„ не ўдалося паказаць раней у Берасці.

Будучыня за такога кшталту змяшанымі фарматамі, дзе лайтова праведзены час зліваецца з новымі формамі ўспрымання мастацтва”.

IMG_2302

Пасля суботніх начных спеваў ля вогнішча, кіно з тапёрамі ды іншага музла лагер сціхае ўжо завідна. Правёўшы ў лагодзе перадабедзенны час, усе выпраўляюцца ў суседнюю вёску Вялікае Сяло, дзе адбываецца апошні дзень “Прызбы”. У невялічкай залі мясцовага дома культуры вокны зацягнутыя чорным поліэтыленам: тутэйшыя дзеці паказваюць відовішча — тэатр ценяў.

Спектакль пры ўдзеле актораў з “Крылаў халопа” пастаўлены ў працэсе падрыхтоўкі да фэсту па матывах мясцовых легенд. Польскім “Вэнгайтам” пасля дзяцей не ўдаецца сарваць воплескі — што рабіць, не падфарціла з лёсаваннем.

IMG_2505

Калі тусоўка вывальвае на траўнік, велікасельскія дамы займаюць чакальную пазіцыю, а польскія артысты вучаць ахвочых жангляваць і танцаваць. “Усё па-еўрапейску”, — шматзначна прамаўляе нам на вуха мужчына з Вялікага Сяла, кідаючы зацікаўлены позірк на прадавачку папкорну.

Саша Губская, 34mag.net

Фота // Саша Губская

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам

Пакінуць каментар

Ваш email адрас не будзе апублікаваны.

Магчыма выкарыстоўваць HTML тэгі і атрыбуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>