Спектакль “Тутэйшыя” як сімвал эпохі

Вторник, Июль 8, 2014 | ТЭГІ: архіў , гісторыя , спектакль

Дзяніс Марціновіч, крыніца: 90s.by

Забароненая цягам доўгіх дзесяцігоддзяў, знакамітая п’еса Янкі Купалы 17 кастрычніка 1990 года вярнулася на сцэну. Версія “Тутэйшых”, якую прапанаваў рэжысёр Мікалай Пінігін, стала культавай і зрабілася адным з сімвалаў новай эпохі.

Мікалай Пінігін і Стэфанія Станюта

У Савецкім Саюзе творчы ўзровень Купалаўскага тэатра ацэньвалі вельмі высока. Не ў апошнюю чаргу такая рэпутацыя склалася дзякуючы Валерыю Раеўскаму, які ўзначальваў тэатр на пачатку 1970-х. Як кажа рэжысёр Таццяна Траяновіч, “Раеўскі ставіў сапраўды выдатныя спектаклі. Гэта былі пастаноўкі на беларускай мове пра агульначалавечыя каштоўнасці. Напрыклад, у „Радавых„ Дударава ішла гаворка пра подзвіг усяго савецкага народу. Але быў патрэбен рэжысёр, які б узяўся за нацыянальную тэматыку. Які б сказаў, што мы — асобная нацыя. Такім рэжысёрам зрабіўся Мікалай Пінігін“.

Мікалай Пінігін

Мікалай Пінігін

Ураджэнец Мінска, ён скончыў Тэатральна-мастацкі інстытут па спецыяльнасці „Рэжысура тэлебачання“. Пінігін прыйшоў у Купалаўскі ў 1984-м і за шэсць гадоў паставіў сем спектакляў. Адзін з іх трывала ўвайшоў у беларускую тэатральную гісторыю. Гаворка пра „Гаральд і Мод“, у якім сваю апошнюю зорную ролю сыграла вялікая Стэфанія Станюта. Гледачы “прызвычаіліся, што Станюта — гэта боты, хустка, ватнік, — расказваў пазней яе сын, літаратуразнаўца Аляксандр Станюта. — Таму, калі мама пачала іграць галоўную ролю ў спектаклі „Гаральд і Мод“ — музыка, танец, Лондан, шампанскае, — шмат хто казаў: „Гэта не Станюта!„ Для яе ж гэты спектакль быў як падарунак лёсу“.

Шлях “Тутэйшых” да сцэны

Лёс п’есы Янкі Купалы аказаўся надзвычай няпросты. “Тутэйшыя” былі скончаны ў 1922 годзе. У 1926-м іх вырашыў паставіць БДТ-1 (даваенная назва Купалаўскага). Каб прадухіліць прэтэнзіі цэнзуры, з п’есы выкінулі шэраг рэплік. Ды і сам Купала характарызаваў твор як “трагічна-смяшлівыя сцэны”. Але пасля першага паказу Галоўліт зняў “Тутэйшых” з рэпертуару (нібыта для дапрацоўкі п’есы самім аўтарам). Трэці том купалаўскага збору твораў, у якім друкавалася п’еса, быў выняты з агульнага карыстання. Фактычна “Тутэйшыя” былі забаронены.

Вярнуць іх на сцэну спрабаваў у 1982 годзе рэжысёр Валерый Маслюк. У Магілёўскім драматычным тэатры ён паставіў спектакль, у якім аб’яднаў тэксты “Тутэйшых” і паэмы “Адвечная песня” (прычым сам выйшаў на сцэну ў ролі настаўніка Янкі Здольніка). У дадатак, каб супакоіць мясцовае начальства, спектакль заканчваўся ўзняццем пад гукі гімна тагачаснага дзяржаўнага чырвона-зялёнага сцяга. Але падмануць сталічных цэнзараў не атрымалася: у тым жа годзе пасля паказу ў Мінску “Тутэйшыя” зноў апынуліся “на паліцы”.

Нарэшце, апошняя спроба вярнуць п’есу датавана тым жа 1982 годам. Тады святкаваўся 100-гадовы юбілей з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Міхаіл Дубянецкі, дырэктар выдавецтва “Мастацкая літаратура”, прапанаваў выдаць альманах “Спадчына”. А ў ім змясціць п’есу “Тутэйшыя”. І хоць перад тэкстам ішла прадмова прызнанага драматурга Андрэя Макаёнка, які меў вялікі аўтарытэт ва ўладзе, гэта не дапамагло. Набор зборніка рассыпалі, выданне альманаха забараналі.

3_0

Сцэна са спектакля “Тутэйшыя”

З інтэрв’ю Леаніда Дранько-Майсюка “Радыё Свабода”, 5 снежня 2001 года: “Творы Янкі Купалы былі ў розны час непажаданыя, таму што яны нам самім, беларусам, не заўсёды псіхалагічна камфортныя. У гэтых творах, у тым ліку ў „Тутэйшых„, утрымліваецца тая вялікая праўда пра нас, якую нам не заўсёды хочацца ведаць“.

Давялося чакаць часоў перабудовы, калі забароненыя раней творы пачалі вяртацца да чытачоў.

У 1988 годзе па ініцыятыве тэатразнаўцы Анатоля Сабалеўскага часопіс “Полымя” надрукаваў поўны тэкст п’есы. Таму праз два гады для пастаноўкі ў Купалаўскім можна было ўжо не шукаць дазволу. Падрыхтоўка прэм’еры праходзіла ў атмасферы галоснасці. У грамадска-палітычнае жыццё ўключалася ўсё больш людзей, якія адкрыта дэманстравалі сваю палітычную пазіцыю. Нездарма напярэдадні прэм’еры адбылася падзея, немагчымая яшчэ некалькі гадоў таму: з шэрагаў Камуністычнай партыі выйшлі адразу некалькі акцёраў. Сярод іх былі Валянцін Белахвосцік, Генадзь Давыдзька і Віктар Манаеў. Апошні развітаўся і з беларускім камсамолам (у 1980-я яго “выбралі” ў ЦК гэтай арганізацыі)

Паміж Польшчай і Расіяй

Што пабачылі гледачы Купалаўскага тэатра, калі 17 кастрычніка 1990 года прыйшлі на прэм’еру? Асновай сцэнаграфіі, якую прапанаваў мастак Барыс Герлаван, стала батлейка, якая была размешчана на пярэднім плане ў цэнтры сцэны. Справа ад батлейкі стаяла праваслаўная царква. Злева — касцёл. На падмосткі выходзілі Белы і Чорны анёлы (кожны з двума памочнікамі), якія ўвасаблялі светлы і цёмны пачаткі. Яны адкрывалі батлейку ў глыбіню сцэны, здымалі лялек, развешаных на ёй. Створкі батлейкі раскрываліся. З верху на сцэну апускалася калыска з немаўлятам. Да яе адразу падыходзіў ксёндз, які служыў малебен па-польску. Пасля поп — і служыў па-руску. Гэтай сцэны ў п’есе Янкі Купалы няма. Але выглядае яна цалкам арганічна: змаганне суседзяў за душу дзіцяці пачынаецца ўжо з калыскі.

З інтэрв’ю Мікалая Пінігіна газеце “Советская Белоруссия”, 6 ліпеня 2002 года:

“Купала вельмі дакладна сфармуляваў сітуацыю ў Беларусі. Гэта край, які будзе бясконца то Усходам, то Захадам. У дадзеным выпадку на нашай тэрыторыі ідзе не геапалітычная, а псіхалагічная барацьба за тое, чым стане гэта зямля: заходняй цывілізацыяй або цывілізацыяй на ўсходні манер. З іншага боку, заўсёды былі, ёсць і будуць людзі, якія прагнуць „чыстай„ незалежнасці, як герой п’есы Янка Здольнік. А таму п’еса не памрэ ніколі“.

Мы ўсе — “тутэйшыя”

Паслярэвалюцыйны час, калі адбываецца дзеянне “Тутэйшых”, — адзін з самых складаных для беларусаў. Новая ўлада змянялася з касмічнай хуткасцю. Пасля царскай адміністрацыі краіну ўзначальваў Часовы ўрад. Той змянілі бальшавікі (дзеянне п’есы пачынаецца напярэдадні іх сыходу). Услед прыйшлі немцы. Потым бальшавікі вярнуліся, іх выгналі палякі… і ў рэшце рэшт бальшавікі ўсё ж такі перамаглі.

Усе гэтыя палітычная змены і абыгралі Пінігін і Герлаваў: захопнікі з захаду выходзілі з касцёла, які паўставаў амаль франтальна. У люстэркавым варыянце тое ж назіралася і тады, калі ішла навала з усходу. Пасярэдзіне — месца для “тутэйшых”, на якіх прэтэндавалі абодва варагуючыя бакі. Сімвалічна была паказана і акупацыйная ўлада. Нямецкага і Польскага афіцэраў, а таксама чырвонаармейскага Начальніка патруля граў адзін і той жа акцёр (Уладзімір Кін-Камінскі). Кожны з захопнікаў па чарзе імкнуўся згвалтаваць маці (выканаўца ролі Ганулі Зносчыхі — Марыя Захарэвіч), якая ўспрымаецца як абагулены сімвал Беларусі.

Цэнтральным у спектаклі, бясспрэчна, стаў вобраз Мікіты Зносака. Герой імкнуўся прыстасавацца да ўсіх палітычных рэжымаў. А таму

Будучыня спектакля

У “Тутэйшых”, на думку Пінігіна, “адлюстравана ўся беларуская гісторыя, усе рысы беларускай ментальнасці”. Як сцвярджаў рэжысёр, п’еса — “вельмі жорсткі і праўдзівы погляд аўтара на беларускую мінуўшчыну, на беларускую сучаснасць, і, на жаль, на беларускую будучыню”.

Лёс герояў паказаны ў фінале, які стаў адным з самых моцных фрагментаў спектакля. Чырвонаармейцы на чале з Начальнікам патруля, якія прыйшлі да Мікіты Зносака, застаюцца на сцэне. Яны ўвасабляюць новую ўладу, якая на доўгія сем дзесяцігоддзяў замацавалася ў Беларусі. Спярша чырвонаармейцы забіваюць Мікіту Зносака. Пасля па чарзе выходзяць выканаўцы з лялькамі ў руках. Гучаць стрэлы — галовы лялечных персанажаў ляцяць у яму. Далей рэпрэсіі перакідваюцца на касцёл і праваслаўную царкву. Урэшце ў яму падае і Янка Здольнік. Ад пустой калыскі, якая спускаецца з верхняга яруса батлейкі, чорныя анёлы прасціраюць чырвонае палатно, якое ўвасабляе кроў бязвінных ахвяр. Потым белыя анёлы дастаюць з калыскі белае палатно. Утвараецца бел-чырвона-белы сцяг, які пад гукі харалу ўздымаецца ўверх.

Так у Купалаўскі тэатр вярнулася нацыянальная сімволіка. У наступным годзе бел-чырвона-белы сцяг стаў дзяржаўным. А яшчэ праз год, у 1992-м, ужо ў незалежнай Беларусі “Тутэйшых” адзначылі Дзяржаўнай прэміяй.

Апошнія паказы культавага спектакля адбыліся ў ліпені 2007 года. А ў маі 2010 года Мікалай Пінігін, які ўзначаліў Купалаўскі, афіцыйна аб’явіў, што пастаноўка канчаткова спісана ў архіў. Ігар Скрыпка, загадчык літаратурнай часткі тэатра, назваў наступныя прычыны: “„здохлі„ дэкарацыі“, „састарэлі артысты“, „састарэў сам спектакль“. Маўляў, Пінігін сказаў тагачаснаму міністру культуры Паўлу Латушка, што „кожны спектакль мае свой век…“.

У рэальнасці, хутчэй за ўсё, адбыўся кампраміс. Дагэтуль цягам дзесяцігоддзя Пінігін працаваў у Пецярбургу, у Вялікім драматычным тэатры імя Таўстаногава. Запрашаючы рэжысёра ў Мінск, Міністэрства культуры мусіла даць яму гарантыі працяглай працы. І адначасова вырашыць лёс „Тутэйшых“, які даўно некаму муляў вока на сцэне. Магчыма, Пінігін згадзіўся не аднаўляць пастаноўку. Узамен рэжысёру дазволілі паставіць спектакль на блізкую тэматыку. Ім стаў „Translations (Пераклады)“ — гісторыя пра каланізацыю Ірландыі Англіяй, дзе англійская мова выцясняла ірландскую. Паказальна, што англічане ў пастаноўцы размаўляюць па-руску, ірландцы — па-беларуску. Але па розных прычынах паўтарыць поспех „Тутэйшых“ не атрымалася.

“Выкажу спрэчную думку: калі б „Тутэйшыя„ былі пастаўлены цяпер, яны б маглі не мець такога поспеху, — кажа рэжысёр Таццяна Траяновіч. — Спектакль Пінігіна трапіў у свой час. І ён стаў сімвалам гэтага часу. А гэта прыкмета сапраўды культавых пастановак“.

Ды толькі праз некалькі гадоў дзяржаўная палітыка змянілася. Не дзіўна, што „Тутэйшыя“ некалькі разоў знікалі з афішы. Потым па патрабаванню грамадскасці вярталіся зноў.

Дзяніс Марціновіч, спецыяльна для 90s.by 

Фотаздымкі з архіва Купалаўскага тэатра. Больш матэрыялаў на сайце крыніцы.

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.

Пакінуць каментар

Ваш email адрас не будзе апублікаваны.

Магчыма выкарыстоўваць HTML тэгі і атрыбуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>