З гісторыі габрэйскага тэатру ў Беларусі

Суббота, Апрель 12, 2014 | ТЭГІ: архіў , гісторыя

Падзеі. Імёны. Месцы

…У асяродзьдзі маёй сям’і прафэсія актора лічылася ганебнай.
Калі ў сталіцы невялікая колькасьць актораў часам пранікала
ў іншыя слаі грамадзтва, то ў правінцыі, асабліва ў габрэйскім асяродку,
да іх ставіліся адмоўна й ніколі іх не прымалі.
Саламон Міхоэлс

ВЫТОКІ

• Вытокі габрэйскага тэатру зьвязваюць з традыцыяй тэатральных відовішчаў на сьвята Пурым — пурымшпіляў, у форме якіх пачынаючы з XVI стагодзьдзя распавядаліся падзеі з Кнігі Эстэр. Але да 70-х гадоў ХІХ стагодзьдзя свайго тэатру ў габрэяў не было.

5–6 кастрычніка 1876 году лічыцца датай нараджэньня прафэсійнага габрэйскага тэатру. Менавіта ў гэты дзень у горадзе Ясы ў Румыніі быў паказаны першы спэктакаль габрэйскай трупы, якую ўзначальваў драматург, рэжысэр, актор, антрэпрэнэр Абрам Гольдфадэн, “бацька габрэйскага тэатру”. Але рэлігійныя артадоксы выступілі за забарону тэатральных пастановак, у якіх бачылі парушэньне сваіх запаветаў. Габрэйская інтэлігенцыя, выхаваная ў эўрапейскіх традыцыях, таксама была супраць тэатру на ідыш як формы нацыянальнай адасобленасьці.

У 1883 годзе расейскія ўлады афіцыйна забаранілі граць спэктаклі на ідыш, пасьля чаго шмат габрэйскіх актораў, драматургаў, рэжысэраў зьехалі з Расеі, а трупы, што засталіся ў гарадах зоны “аселасьці”, вымушаныя былі граць па-нямецку й сталі называцца “нямецкімі”.

Тым ня менш акторы спрабавалі падмануць “кантралёраў” і паказвалі спэктаклі на сумесі нямецкай і ідыш.

У 1917 годзе забарона права на выяўленьне рэлігійнай і нацыянальнай адметнасьці была канчаткова зьнятая, што сталася прычынаю зьяўленьня шматлікіх габрэйскіх тэатральных суполак.

ГАБРЭЙСКІЯ ТЭАТРАЛЬНЫЯ ТРУПЫ Ў БЕЛАРУСІ

Напрыканцы ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя ў Беларусі працавала каля 20 перасоўных габрэйскіх калектываў. З гастролямі прыяжджалі знакамітая актрыса й рэжысэр Эстэр Рахель Камінская (у 1907 годзе стварыла “Варшаўскую тэатральную групу”), вядомая артыстка апэрэты Клара Юнг. У Гародні ў 1910-я гады ўзьніклі дзьве тэатральныя групы — драматычная й апэрэты, пад уплывам якіх у горадзе зьявіўся клюб аматараў ідыш “Габрэйскае мастацтва” (ў 1940 годзе на базе драматычнага гуртка быў арганізаваны Габрэйскі тэатар мініятураў, спэктаклі якога часта крытыкаваліся за неадпаведнасьць ідэям новай улады, таму неўзабаве тэатар быў зачынены). Шмат аматарскіх труп існавала ў розных месцах Беларусі: Бабруйску, Магілёве, Слоніме, Віцебску, Любонічах, Смаргоні й інш.

У гарадах Заходняй Беларусі спэктаклі граліся ня толькі на ідыш (штодзённая размоўная мова габрэяў Цэнтральнай і Паўночнай Эўропы, якая канчаткова аформілася ў XVI стагодзьдзі), але і на іўрыце (да XVIII стагодзьдзя аб’ядноўваў габрэяў усяго сьвету й адыгрываў выключную ролю ўва ўсіх сфэрах габрэйскага жыцьця). Пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі праблема дзьвюхмоўя была палітызаваная.

Праз прызму класавай барацьбы ідыш лічыўся моваю працоўнай клясы, а іўрыт — сродкам барацьбы буржуазіі супраць габрэйскага пралетарыяту.
nug1-350

Рудольф Заслаўскі / афіша спектакля Ш. Ан-ского «Тог ун нахт»,
прысьвечанага памяці рэжысэра / крыніца newswe.com

• У верасьні 1920 году пры Беларускім дзяржаўным драматычным тэатры (БДТ-1, сёньня Нацыянальны акадэмічны дзяржаўны тэатар імя Янкі Купалы) была створаная габрэйская сэкцыя пад кіраўніцтвам Рудольфа Заслаўскага. У 1922 годзе калектыў паехаў на гастролі ў Петраград, адкуль не вярнуўся. Падчас гастроляў ва Ўкраіне трупа была запрошаная ў ЗША, дзе й засталася.

• У лютым 1922 году згодна з рашэньнем беларускага ўраду “для абслугоўваньня габрэйскіх масаў Беларусі” пры Беларускай драматычнай студыі ў Маскве была арганізаваная Дзяржаўная габрэйская студыя БССР пад кіраўніцтвам актора й рэжысэра Міхаіла Рафальскага.

Выкладчыкамі студыі былі актор МХТ-1 Міхаіл Тарханаў і аднадумец Канстанціна Станіслаўскага рэжысэр Васіль Сахноўскі. Дачка знакавага рэжысэра-экспэрымэнтатара Ўсевалада Мэерхольда Ірына выкладала студыйцам знакамітую мэерхольдаўскую біямэханіку. Наведваў спэктаклі студыйцаў легендарны Міхаіл Чэхаў. Неўзабаве студыя стала часткай Дзяржаўнага габрэйскага тэатру ў Маскве (менавіта тут пачаў свой акторскі шлях Саламон Міхоэлс, у хуткім часе галоўны рэжысэр тэатру). Дыплёмны спэктакаль студыйцам паставіў знакаміты расейскі актор і рэжысэр Аляксей Дзікі.

Мастаком першага спэктаклю Маскоўскага ГОСЕТ “Вечар Шалом-Алейхема” быў Марк Шагал,

які за 40 дзён ня толькі стварыў унікальныя дэкарацыі й эскізы касьцюмаў, але і напісаў кампазыцыю “Ўводзіны ў габрэйскі тэатар”, якая месьцілася на глухой бакавой сьцяне ўздоўж глядзельнай залі й даходзіла да самай сцэны. Гэтае пано мела “геамэтрызаваны фон, усе формы якога — кругі, прастакутнікі, цыліндры — сымбалічныя: гэта сонца, месяц, плянэты, што ў сваёй сукупнасьці прадстаўляюць карціну сьветабудовы як арэну вечнага спэктаклю жыцьця”. Цэнтрам кампазыцыі была выява знакамітага мастацтвазнаўцы, тэатральнага крытыка й перакладчыка Абрама Эфроса, які на руках уносіць Марка Шагала ў тэатральную прастору.

І дасюль няма адназначнага адказу на пытаньне, што меў на ўвазе Шагал. Існуюць меркаваньні, што кампазыцыя ўяўляе сабою шыфраванае пасланьне. Што тычыцца афармленьня спэктаклю, на думку Шагала, яно зрабіла велізарны ўплыў на разьвіцьцё й станаўленьне габрэйскага тэатру. Былі людзі, якія пагаджаліся з гэтым меркаваньнем. Так, напрыклад, Міхаіл Рафальскі пісаў, што гэты спэктакаль стаўся прыкладам бліскучага трыюмвірату мастака, рэжысэра й актора. Але дамінаваў мастак, які задаваў стыль спэктаклю. “Калі ўзьнімалася заслона й усе пераносіліся ад фантастычнага пано да таго, што адбываецца на сцэне, вы ясна бачылі транспанацыю, ажыўленьне лініяў мастака. На вас рабіла ўражаньне, што мастак пазначыў цэлы шэраг плястычных рухаў, якія празь цела актора транспанаваныя, ажыўленыя рэжысэрам” .

Міхоэлс, які быў задзейнічаны ў спэктаклі, адзначаў, што дэкарацыя моцна ўплывала на малюнак ролі й гульню актораў.
239

Марк Шагал / “Уводзіны ў габрэйскі тэатар”, Трэцьякоўская галерэя, Масква

• У 1925 годзе Прэзыдыюм ЦВК БССР прыняў рашэньне “…Аб наданьні ГОСЕТу статусу сэкцыі Беларускага акадэмічнага тэатру…”, згодна зь якім ГОСЕТ павінен быў быць пераведзены ў Менск. Прычынаю сталася пастанова Саўнаркаму ад 7 жніўня 1925 году пра перавод дзяржаўных тэатраў на самаакупнасьць. Адпаведна для ГОСЕТ нібыта было б лягічна працаваць у рэспубліцы з найбольшым адсоткам габрэйскага насельніцтва, напрыклад, у Беларусі. Але тагачасны кіраўнік ГОСЕТ Аляксей Граноўскі здолеў абараніць тэатар, які застаўся ў Маскве (быў зачынены ў 1949 годзе падчас антыгабрэйскіх рэпрэсіяў).

БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ГАБРЭЙСКІ ТЭАТАР

21 кастрычніка 1926 году ў Менску прэм’ерай спэктаклю “У пакаянных кайданох” І. Л. Пераца адкрыўся Дзяржаўны габрэйскі тэатар БССР. Аснову трупы склалі выпускнікі габрэйскай студыі ў Маскве, мастацкім кіраўніком тэатру быў прызначаны Міхаіл Рафальскі. Свайго памяшканьня тэатар ня меў, спэктаклі паказваліся на сцэне Першага Беларускага драматычнага тэатру (сёньня будынак Купалаўскага тэатру).

Нягледзячы на посьпех першых спэктакляў, а таксама падтрымку з боку некаторых вышэйшых партыйных чыноў (так, кіраўнік Галоўпалітасьветы БССР Шамардзіна назвала зьяўленьне Беларускага Дзяржаўнага габрэйскага тэатру дасягненьнем нацыянальнай палітыкі), тэатар крытыкаваўся ў прэсе.

Актораў абвінавачвалі ў тым, што пад уплывам Маскоўскага ГОСЕТ тэатар схіляецца да левага авангарду, не зразумелага, на думку крытыкаў, простаму працоўнаму гледачу.
image001

БДГТ пад. кір. М.Рафальскага / крыніца lechaim.ru

• У сьнежні 1926 году быў праведзены спэцыяльны дыспут, прысьвечаны працы тэатру. Запрошаны на дыскусію Васіль Сахноўскі абараняў права калектыву на адметную тэатральную мову й адмысловы стыль. Але нападкі на тэатар працягваліся. На думку крытыкаў, Беларускі габрэйскі тэатар, як і іншыя тэатры, павінен найперш быць сродкам партыйнага й камуністычнага выхаваньня й прапагандаваць ідэі сацыялістычнага будаўніцтва. 18 жніўня 1927 году ЦК КП(б) Беларусі прыняў рэзалюцыю “Аб задачах партыі ў галіне тэатральнай палітыкі”, якая рэкамэндавала тэатрам “укараняць п’есы, якія б адлюстроўвалі эпоху будаўніцтва сацыялізму й культурнай рэвалюцыі ў агульнай сувязі з нацыянальнай палітыкай партыі, п’есы асьветніцкага характару й п’есы, якія б давалі разумны адпачынак працоўнаму гледачу”.

Такім чынам, творчыя пошукі калектыву былі прызнаныя памылковымі, усялякія экспэрымэнты забароненыя, а стыль і мова тэатру ўніфікаваныя пад адзіны для ўсіх прынцып — мэтад сацыялістычнага рэалізму.

Тэатар павінен быў уключыць у рэпэртуар п’есы пра сучаснасьць і рэвалюцыю. Так зьявіліся пастаноўкі “Барацьба машынаў” А. Далгапольскага, “Джым Купэркоп” С. Годзінэра, “На 62-м участку” І. Дабрушына, “Партызаны” Ф. Аранэса й інш. .
У спэктаклі “Партызаны” рэжысэр Міхаіл Рафальскі выкарыстаў кадры з кінахронікі часоў Грамадзянскай вайны. Але, на думку крытыкаў, гэта ня здолела палепшыць якасьць ні п’есы, ні пастаноўкі.

У 1920-я гады мастаком некалькіх спэктакляў тэатру (“Фуэнтэ Авэхуна” Лопэ дэ Вэга, “Паэма пра сякеру” М. Пагодзіна й інш.) быў жывапісец Аляксандар Тышлер.

• У 1930 годзе спэктакаль тэатру “Фуэнтэ Авэхуна” паводле Лопэ дэ Вэга ў пастаноўцы Льва Літвінава (які ў 1944 годзе ў Купалаўскім тэатры паставіць легендарную “Паўлінку”, а ў 1948-м будзе абвешчаны ворагам беларускага народу, “бязродным касмапалітам” і выгнаны з краіны) быў паказаны на Ўсесаюзнай алімпіядзе нацыянальных тэатраў у Маскве, дзе падзяліў першае месца з спэктаклем Грузінскага нацыянальнага тэатру.

Вядомы расейскі тэатральны крытык Павал Маркаў адзначыў, што “гэтая праца ёсьць адным з дасягненьняў савецкага тэатру й роўная па мастацкім узроўні лепшым спэктаклям маскоўскіх тэатраў” .

• У 1932 годзе тэатар атрымаў сваё ўласнае памяшканьне — будынак кінатэатру “Культура” (былая Харальная сынагога, цяпер будынак Нацыянальнага акадэмічнага рускага тэатру імя Максіма Горкага).

• У 1936 годзе Міхаілу Рафальскаму было нададзенае званьне народнага артыста БССР, у фае тэатру быў пастаўлены ягоны ганаровы бюст (аўтар — Заір Азгур). А ўжо праз год, у 1937-м, Рафальскі быў арыштаваны органамі НКУС і абвінавачаны ў стварэньні контрарэвалюцыйнай нацыяналістычнай групоўкі. 20 сьнежня 1937 году ён быў расстраляны (рэабілітаваны ў 1956 годзе). Сьледам за Рафальскім былі таксама арыштаваныя дырэктар тэатру Адам Левітэ й актор Вэніямін Лімон.

Адным з драматургаў тэатру быў габрэйскі літаратар Майсей Кульбак (нарадзіўся ў Смаргоні), аўтар п’есаў “Вэніямін Магідаў” і “Бойтрэ”. Апошняя была пастаўленая ў 1937 годзе. У гэтым жа годзе ў Менску Кульбак быў рэпрэсаваны.

theatre

Будынак БДГТ, зараз Нацыянальны акадэмічны тэатар імя М.Горкага / крыніца rustheatre.by

• Падчас вайны тэатар быў спачатку эвакуяваны ў Горкаўскую вобласьць, потым аб’яднаўся з БДТ-1 у Новасыбірску.

• У 1946 годзе тэатар вярнуўся ў Менск. Будынак быў зруйнаваны, таму працаваць даводзілася ў памяшканьнях Купалаўскага тэатру, але толькі два дні ў тыдзень. Партыйнае кіраўніцтва пачало выкрэсьліваць з рэпэртуару спэктаклі нацыянальнага характару як “чужыя савецкаму гледачу”. Кіраўніцтву тэатру адрасаваліся шматлікія папрокі ў нацыяналізьме.

13 студзеня 1948 году ў Менску на рагу Ульлянаўскай і Беларускай вуліц быў забіты Саламон Міхоэлс, які ў тыя часы ўзначаліў антыфашысцкі камітэт. Такім чынам быў пакладзены пачатак антысэміцкай кампаніі ў СССР. Узьнялася хваля барацьбы з касмапалітызмам. Пад удар трапілі рэжысэры Леў Літвінаў і Віктар Галаўчынэр, які пасьля расстрэлу Рафальскага ўзначаліў Беларускі габрэйскі тэатар. Іх абвінавацілі ў рабалепстве перад Захадам, фармалізьме і г. д.

Shtilman1

Саламон Міхоэлс / крыніца berkovich-zametki.com

Сход па справе аб “бязродных касмапалітах” праходзіў у актавай залі Беларускай кансэрваторыі. Галаўчынэр на сход не прыйшоў. Літвінаў, спрабуючы абараняцца, правакаваў удзельнікаў на дыскусію, але падтрымаць яго ніхто не адважыўся. Беларускі тэатразнаўца Ўладзімер Няфёд (пазьней доктар мастацтвазнаўства, член-карэспандэнт АН БССР), выкрываючы Літвінава, пісаў, што той “…ад захапленьня дэкадэнцтвам, містыцызмам, футурызмам, ад паклёпу на лепшы расейскі тэатар МХАТ дайшоў да ваяўнічага фармалізму, праяваў мэерхольдаўшчыны, да зьдзеку з рэалістычнага кірунку дзейнасьці тэатру, да таго, каб перашкаджаць пастаноўцы на сцэне тэатру лепшых сучасных п’есаў расейскіх і беларускіх драматургаў…”;

“…рэжысэрская трактоўка п’есы „Паўлінка„, — сьцьвярджаў Няфёд, — супадае з контрарэвалюцыйнай трактоўкай гэтай п’есы беларускім буржуазным нацыяналістам Ф. Аляхновічам“.

А першы сакратар ЦК КП(б)Б Гусараў заявіў, што „рэжысэр Літвінаў узначаліў групу тэатральных крытыкаў, якая стаяла на пазыцыях фармалізму й касмапалітызму, сустракала ў штыкі савецкія патрыятычныя п’есы, супрацьдзейнічала іх пастаноўцы ў тэатрах, усхваляла фармалістычнае штукарства ворага савецкага рэалістычнага мастацтва Мэерхольда, прыніжала дасягненьні рэалістычнага мастацтва“.

Пасьля такіх заяваў і Літвінаў, і Галаўчынэр былі вымушаныя пакінуць Беларусь. Літвінаў сюды больш ніколі не вярнуўся. А Галаўчынэр у 1961 годзе памёр у Віцебску, куды прыехаў, каб паглядзець на актрысу, якую хацеў запрасіць у Віленскі тэатар, дзе ў той час працаваў .

• Зь ліста М. Гусарава члену Палітбюро ЦК ВКП(б), намесьніку кіраўніка Савету Міністраў СССР Г. Малянкову ад 8 лютага 1949 году, у якім Гусараў просіць дазвол на санкцыі супраць Беларускага габрэйскага тэатру:

„Габрэйскі драматычны тэатар БССР да апошняга часу вёў ідэалягічна няслушную рэпэртуарную палітыку, у сваіх пастаноўках ідэалізаваў патрыярхальны побыт дробнабуржуазных слаёў дарэвалюцыйнага габрэйскага насельніцтва й усхваляў жыцьцё ў капіталістычных краінах. Галоўным драматургам тэатру працяглы час быў выкрыты цяпер габрэйскі нацыяналіст І. Фэфэр. У шэрагу сваіх пастановак (напрыклад, у п’есе Галкіна „Музыка“) тэатар паказваў Амэрыку „запаветнай краінай“, у якой толькі й могуць квітнець і знаходзіць выкарыстаньне габрэйскія таленты. Тэатар паставіў паводле Шолам-Алейхема „Вандроўныя зоркі“ (у пастаноўцы І. Дабрушына), у якой сказіў зьмест твораў Шолам-Алейхема, прапагандаваў праамэрыканскія настроі, ставіў сваёю мэтай укараніць у сьвядомасьці габрэйскага насельніцтва думку, што габрэйскі тэатар — не звычайная культурная ўстанова, а цэнтар адмысловай „габрэйскай справы“ .

Празь месяц пасьля гэтага ліста ў рэспубліканскім друку была арганізаваная кампанія супраць Беларускага габрэйскага тэатру, які абвінавацілі ў пастаноўцы нацыяналістычных і касмапалітычных п’есаў і спэктакляў.

16 сакавіка 1948 году тэатар пазбавіўся дзяржаўнай датацыіі, што фактычна азначала ягоную гібель. Тым ня менш ён працягваў ставіць спэктаклі й актыўна гастраляваць.

30 сакавіка 1949 году пасьля пастановы Савету Міністраў БССР Кіраўніцтва па справах мастацтваў адмысловым указам рэфармавала Беларускі Дзяржаўны габрэйскі тэатар, абвесьціўшы, што ён нібыта ня мае „сваёй базы, дастатковага кантынгенту гледачоў і адпаведнага сучасным ідэйным патрабаваньням рэпэртуару“.

18 чэрвеня 1949 году Беларускі дзяржаўны габрэйскі тэатар перастаў існаваць.

Падрыхтавала Тацяна Арцімовіч на падставе матэрыялаў з выставы „Габрэйскі тэатар у Беларусі“ (Музэй гісторыі й культуры габрэяў Беларусі, Менск, кастрычнік 2006 году). Спецыяльна для pARTisan #22’2013

За дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу аўтар выказвае асабістую падзяку бібліятэцы Менскага габрэйскага супольнага дому, а таксама дырэктару Музэю гісторыі й культуры габрэяў Беларусі Вадзіму Акапяну.

Пакінуць каментар

Ваш email адрас не будзе апублікаваны.

Магчыма выкарыстоўваць HTML тэгі і атрыбуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>