1991

Суббота, Июнь 1, 2013 | ТЭГІ: хроніка

Падрыхтавала Кацярына Чэкатоўская, студэнтка ECLAB “Сучаснае мастацтва і тэатр” 2016/17. На падставе матэрыялаў часопіса  “Тэатральная Беларусь”.

ЛЮТЫ

1 лютага  — прэм’ера спектакля “Ку-ку”. Дзяржаўны тэатр-лабараторыя нацыянальнай драматургіі “Вольная сцэна” (цяпер РТБД), малады рэжысёр Андрэй Гузій, драматург — Мікола Арахоўскі (драматургія абсурдысцкай плыні). Прэм’ера спектакля і прэм’ера новага тэатра, які распачаў сваю дзейнасць у Мінску. Мастак — У. Осін, кампазітар — А. Залётнеў. Артысты — І. Дзянісаў, Т. Пузіноўская, В. Кастальцаў, А. Забара, А. Гарцуеў і інш.

Спектакль адыходзіць ад тэкста п’есы і з-за гэтага моцна саступае ёй па глыбіні, губляюцца сюжэтныя лініі, шмат недакладнасцяў і пралікаў, але акторская ігра выцягвае спектакль.

КРАСАВІК

5-13 красавіка — міжнародны фестываль “Славянскія тэатральныя сустрэчы”, фестываль драматычных тэатраў (першы міжнародны фестываль у Мінску). Ідэя фестываля ўзнікла на крутым павароце гісторыі і была падтрыманая, “дзеячы славянскага тэатра на гэтым фестывалі аб’ядналіся, каб адчуць локаць адзін аднаго” (нар. артыст СССР Міхаіл Ульянаў). Арганізатары: Міністэрствы культуры і Саюзы тэатральных дзеячаў Беларусі, Расіі, Украіны. Удзельнікі: тэатры Беларусі, Расіі, Украіны, Славеніі, Славакіі, Польшчы. Гасцей — больш за 350 чалавек.

Арганізацыйны камітэт пад кіраўніцтвам Мікалая Яроменкі адпрацаваў на выдатна. Быў арганізаваны вечаровы клуб у Доме мастацтваў. Аўтарам артыкула крытыкуецца склад дэлегацый, шмат левых удзельнікаў, чыноўнікаў, якіх песцілі і люлялі, а артысты адпрацавалі — і дадому. Дэлегацыі вадзілі па розных майстэрнях, у тым ліку і ў альтэрнатыўныя тэатральныя студыі, як вынік: Рыда Таліпава запрасілі на фэсты ў Аўстрыю і Славенію, а ў Аўстрыі — нават паставіць спектакль. Фестываль не меў акрэсленага дэвізу і жорсткіх крытэрыяў адбору, таму замежныя госці прывезлі тое, што захацелі. Аўтар піша, што фестывалю патрэбная дырэкцыя, якая б адбірала па якасці, бо замежнікі прывезлі ў тым ліку і нізкаякасныя спектаклі.

Адкрыццё адбылося 5 красавіка ў памяшканні Акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы (арганізатары хацелі нефармальнае святочнае адкрыццё ў народным стылі, нараджэнне фестываля-немаўляці, але ўсё “як заўжды” звялося да афіцыйных прамоў). Акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы паказаў “Страсці па Аўдзею” па п’есе У. Бутрамеева, пастаноўка — В. Раеўскі (“паэт сцэны”). Ацэнка журналіста — лепшы спектакль на фестывалі. Цудоўны акцёрскі састаў на чале з Г. Аўсяннікавым, дзівосныя мізансцэны. Тэатр імя Я. Коласа — спектакль “Хам” паводле Э. Ажэшкі ў пастаноўцы Б. Эрына. Віцебскі спектакль вылучаўся высокай сцэнічнай культурай, завабліваў таленавітым дуэтам С. Акружной і У. Куляшова. З Украіны прыехаў таксама лепшы калектыў — Кіеўскі акадэмічны тэатр імя І. Франка са спектаклем “Энеіда”, бурлеск-опера кампазітара С. Бідусэнкі па матывах паэмы “Энеіда” І. Катлярэўскага. Пастаноўшчык і адзін з аўтараў лібрэта С. Данчанка: “Хацелі паказаць лепшае і менавіта сваё”. Маскоўскі Мастацкі тэатр імя А. Чэхава — спектакль “Вішнёвы сад” А. Чэхава. Быў аншлаг, акторы — І. Смактуноўскі, Н. Ценякова, В. Нявінны, І. Савіна. Ацэнка — звычайны спектакль, нядрэнны, але і не выдатна. Палякі: сучасная польская п’еса “Партрэт” С. Мрожака (рэжысёр — Я. Корын) і класічны твор “Дамы і гусары” А. Фрэдры. Славацкі тэатр імя Е. Заборскага з г. Прэшава (эксперыментальны, гал. рэж. Э.Гюртнер) — сцэнічны твор славацкага аўтара К. Горака “Гібель футбола ў горадзе К” (паказвалі ў цырку, бо не знайшлі адэкватнай пляцоўкі ў Мінску, ацэнка журналіста — палітычная дэкларацыя, а не мастацкі твор) і спектакль “Зоркі на ранішнім небе” А. Галіна (ацэнка — нізкаякасны, вульгарны). Пытанне ў журналіста — чаму прыехаў правінцыйны тэатр на фестываль, а не нацыянальны? Славенцы — спектакль па п’есе Д. Янчара (сучаснага славенскага драматурга) “Праследаванне Гадо”, малады рэжысёр М. Сосіч. Былыя “сацыялістычныя браты” прывезлі вельмі палітызаваныя спектаклі. Але палітычныя эмоцыі так захапілі стваральнікаў, што ім ужо было не да мастацкіх вартасцяў.

2 красавіка — “паўлаўскае” павышэнне цэн, беларусы выйшлі на забастоўкі. На фестывалі ўвесь час узнікала пытанне — ці да месца ён, ці не марнатраўства — столькі грошай выдзелілі на фестываль, у той час, як у краіне разруха. Аўтар артыкула схіляецца да таго, што зараз тэатр неабходны, бо ён мусіць займацца нацыянальным Адраджэннем. Але пры гэтым палітызаваныя спектаклі ўспрымаюцца як нешта дрэннае, безгустоўнае, бо тэатр павінен натхняць і абуджаць лепшыя пачуцці.

ТРАВЕНЬ

Беларускі фестываль тэатраў лялек. У фестывалі ўдзельнічала 6 беларускіх тэатраў (кожны паказаў па 2 спектаклі), а таксама французы, палякі, галандцы, амерыканцы, славакі, ізраільцяне… Высокі ўзровень замежнікаў, найперш важна — што мы ўбачылі, а потым — як выглядаюць беларускія тэатры на гэтым фоне. Прадуманая, разумная, дэмакратычная арганізацыя фестывалю. Асноўныя арганізатары — дырэктар Дзяржаўнага тэатра лялек Я. Клімакоў і галоўны рэжысёр А. Ляляўскі.

Гран-пры і прыз глядацкіх сімпатый — галандскі тэатр “Трыангел”, дзе ўсяго два ўдзельнікі — муж і жонка Бурвінклі — вядучыя лялечнікі свету. Сюжэты з вобласці філасофіі тэатра, а эстэтыка мае хутчэй жывапісныя карані. Другое адкрыццё фестывалю — французскі “Вела-тэатр”, які паказаў два спектаклі: “Покліч нябёс” і “Распакоўка — упакоўка” — тэатр прадметаў, няма сюжэтаў, сэнс — стварэнне “другой” рэальнасці, дзе ў гледача ўзнікае фізічнае адчуванне рэальнасці сцэнічнага свету. Ізраільцяне — спектакль “Жалезная вайна” — палітычны, антываенны пафас; рытмічна дакладны, пластычна амаль рытуальны спектакль. Польскі тэатр “Арлекін”, спектакль “Што з чаго вырасце”. Аўстрыя — адзін лялечнік Крыстоф Багданьскі стварыў спектакль аб Рубецалі. Тэатры ЗША, спектакль “Слёзы радасці” (з элементамі тэатра ценяў) і Югаславіі (“Лісістрата”) — па сваёй эстэтыцы былі найбольш традыцыйнымі для нашага ўспрымання. Кіеўскі гарадскі тэатр — “Руская соль”. Яраслаўскі лялечны тэатр — “Ахвотнік да казак”. Беларускія тэатры: тры спектаклі А. Ляляўскага — А. Фаміной “Майстар і Маргарыта”, “Бура”, “Сымон-музыка”, спектаклі А. Жугжда — мастак В. Рачкоўскі “Рыгорка, ясная зорка” і “Дракон”, спектакль У. Матроса — мастак Ф.Розаў “Каб не змаўкаў жаваранак”. Віцебскі і Брэстскі тэатры зусім няўдала сябе паказалі. Параўнанне нашага лялечнага тэатра з замежнікамі: наш тэатр сюжэтны — спектакль як ілюстрацыя нейкага сюжэту. Спектаклі размоўныя, шмат тэксту — літаратурны з апорай на п’есу ці інсцэніроўку тэатр. Драматызацыя лялечнага тэатра — ускладненне літаратурнага, а не сцэнічнага тэкста (ставяць складаныя творы, Булгакава, Шэкспіра…). У нас шматлікія трупы, а замежныя, як правіла, малалікія — 3-4 чалавекі. Агульны вывад: крута, што нашыя стваральнікі тэатра лялек мелі магчымасць паглядзелі на вядучых лялечнікаў свету, адкрыць для сябе новыя межы.

13 траўня — прэм’ера спектакля “Смех лангусты” Джона Марэла на сцэне Акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы ў гонар юбілею актрысы Зінаіды Іванаўны Браварскай. Спектакль пра гістарычную асобу — Сару Бернар — сусветна вядомую тэатральную актрысу, якая на схіле гадоў піша мемуары. У ролі Піту — В. Лебедзеў. “Дуэт цудоўных выканаўцаў стварае дзівосную, адухоўленую атмасферу спектакля”. У п’есу ўведзены тэкст маналога, напісаны спецыяльна да юбілею З. Браварскай, дзе яна ўспамінае свае ўласныя ролі, што сталі этапнымі ў яе творчай біяграфіі. Рэжысёрскі дэбют Г. Давыдзькі (хваляць за цікавыя рашэнні: гульня са святлом, выкарыстанне колера як сімвала, трансфармацыя рэквізіта на працягу спектакля). Спектакль ідзе ў адной дэкарацыі, без перапынкаў. Мастацкае афармленне В. Цімафеева, музыка І. Кур’яна, пластычнае вырашэнне У. Лаўрухіна. Аўтар артыкула ўсцешаны тым, што ў нашым тэатры робяць бенефісы артыстам, піша шмат цёплых словаў, прысвечаных творчасці З. Браварскай.

ЖНІВЕНЬ

— адзначэнне 130-годдзя з дня нараджэння заснавальніка прафесійнага тэатра ХХ стагоддзя Ігната Буйніцкага: святкаванні ў вёсцы Празарокі, ва ўрочышчы Барок і ў райцэнтры Глыбокае. Урачысты вечар у тэатры Я.Купалы (22 кастрычніка), у заключэнні паказалі “Тутэйшых”. Выхад кнігі У.І. Няфёда “Ігнат Буйніцкі — бацька беларускага тэатра”. Усе тэксты пафасныя, урачыстыя, хвалебныя.

 

СНЕЖАНЬ

Міжнародны тэатральны фестываль “Студыйныя каляды” (фестываль тэатраў-студый). Гэта другі фестываль, першы быў у 1989 годзе, але не такі маштабны. Ініцыятар — Асацыяцыя тэатраў-студый Беларусі (прэзідэнт — Віргінія Антонаўна Тарнаускайтэ), якая была створаная пасля правядзення першага фестываля. Каля 30 спектакляў розных калектываў: драматычных, пластыкі і жэста, музычна-драматычных. Тэатры-студыі з Літвы, Украіны і Расіі, а таксама замежныя госці з Германіі, Славеніі, Чэха-Славакіі. Беларускія тэатры на фестывалі: Тэатр-студыя гістарычнай драмы і камедыі У. Матросава, Альтэрнатыўны тэатр Вітаўтаса Грыгалюнаса, Тэатр-студыя “Дзе — Я?” М. Трухана, Тэатр пантамімы “Жэст”, Мінскі музычна-драматычны тэатр, эксперыментальная майстэрня “Акт”, Тэатр-студыя “Абзац”, Маладзёжны тэатр, студыя “Арт-цэнтр”, тэатральная група “Вясёлыя жабракі”, акрамя гэтага былі спектаклі Тэатра-студыі кінаакцёра, малой сцэны Рускага тэатра і студыі Тэатра імя Янкі Купалы. Былі толькі два рэгіянальныя тэатры — з Мазыра: Тэатр-студыя “Натхненне” і Эксперыментальны тэатр “Верасень”.

Тэатр-студыя “Дзе — Я?”, спектакль “Сялянская вайна” Й. Кофты, рэжысёр Мікалай Трухан, мастак В. Лесін. Узнагароджаны галоўным прызам фестывалю. Аўтар артыкула не згодны з ацэнкай журы, крытыкуе спектакль за бяздушнасць, форма пераважае над зместам, тэкст п’есы пакрамсалі і прыцягнулі за вушы да беларускай рэчаіснасці. Тэатр-студыя гістарычнай драмы і камедыі пад кіраўніцтвам У. Матросава, спектакль “Янка Купала”. Таксама жорсткая крытыка: спектаклем назваць цяжка, беднасць самадзейнага мастацкага афармлення, адсутнасць добрай акторскай ігры і глыбокага зместу, эклектыка не да месца. Пра абодва папярэднія спектаклі: эксперымент дзеля эксперыменту, каб здзівіць публіку, бессэнсоўнасць фраз, нагрувашчванне канструкцый. Раней гэтыя тэатры былі лепшымі, аўтар ускладаў на іх свае надзеі, якія гэтым разам не спраўдзіліся. Мінскі Музычна-драматычны тэатр пад кіраўніцтвам А. Багамолава, спектакль “Смешныя і грэшныя людцы мае…” па творах Я. Купалы і Л. Родзевіча. Жанр вызначаны як “жарты ў стылі вясковай эротыкі”. Пастаноўка і сцэнаграфія М. Гавядзінава-Скабліна. Аўтары імкнуцца адыйсці ад паказу стэрэатыпных “забітых” беларусаў, паказваюць іх вясёлымі і гожымі, за што ім — павага крытыка. Музычнае афармленне Р.Уласюка, балетмайстар В. Цюрын. Мазырскі эксперыментальны тэатр “Верасень”, спектакль “Мар’я” А. Кудраўцава. Рэжысёр — В.Баркоўскі, мастак — П. Захараў. Шчырае, натуральнае выкананне галоўнай ролі (прыз за лепшую жаночую ролю). Мінскі Альтэрнатыўны тэатр пад кіраўніцтвам В. Грыгалюнаса, спектакль “Кароль Памірае!” Э. Іянескі, жанр — “парадаксальная трагедыя”. Мастацкае афармленне простае і эфектнае (сцэнаграфія і касцюмы І. Гаўя). Галоўная роля — І. Забара (прыз за лепшую мужчынскую ролю). “Прадчуванне новай катастрофы ў жыцці грамадства, яшчэ больш моцнай, чым тая, якую яно перажыло”. Калектыў звяртаецца ў асноўным да драматургіі абсурду, да замежных аўтараў (крытык разважае, ці можна так існаваць у Мінску і лічыць, што не, бо гэта падобна да гастрольнага заезджага калектыва, а не да свайго нацыянальнага тэатра). На жаль, не змог прыняць удзел у фестывалі тэатр пад кіраўніцтвам Р. Таліпава, яго напрамак — тэатр інтэлектуальнай драмы. Рыхтаваўся спектакль “Каварства і любоў” Шэкспіра, але не паспелі зрабіць, бо Таліпаў быў у творчай паездцы і позна вярнуўся. Прэм’ера адбылася ў лютым 1992 года. Эксперыментальная майстэрня “Акт” — малады калектыў, спектакль “У стылі барока, альбо Мерцвякі не пацеюць” у пастаноўцы В. Баркоўскага. Калектыў заявіў пра сябе гэтым спектаклем на фестывалі, атрымаў ухвальныя водгукі.

Нацыянальныя творы ў рэпертуары маладых тэатраў лепш прыжываюцца, чым складаныя замежныя п’есы. Многія калектывы занятыя пытаннем нацыянальнага самавызначэння, таму звяртаюцца да беларускай драматургіі. Агульны настрой аўтара артыкула: расчараванне. Ад фестывалю чакалася большага, яркіх спектакляў і эксперыментаў, якіх, на думку аўтара не было. Акцэнт зроблены на тым, што тэатры мусяць займацца пытаннем будаўніцтва нацыянальнай свядомасці (а шмат калектываў звяртаюцца да гэтай тэмы, толькі не ў стане яе глыбока прапрацаваць). Фінальная фраза: “Фестываль не змог выявіць сапраўдных адкрыццяў, згрузіўшы ў свой калядны мех усё, што трапілася яму на шляху, — самыя розныя спектаклі. Але ні ў адным з іх не прагучала па-сапраўднаму глыбокай і такой неабходнай сёння думкі аб лёсе беларускага народа, аб яго магчымасці і неабходнасці захаваць сваю нацыю і ўсё тое адзінае і непаўторнае, што належыць толькі ёй”.

Тэлеспектакль “Прывіды” на БТ па п’есе “Машэка” Міколы Арахоўскага, жанр — трагікамедыя-прытча. Рэжысёр В. Анісенка, аператар В. Булдык, кампазітар В. Кандрасюк, мастак А. Каткоў. М. Арахоўскі — новае імя ў беларускай драматургіі, але ўжо папулярны, спектаклі па яго п’есах ужо ставіліся. Рэжысура разлічаная на тэлевізійныя магчымасці: серыя выразных буйных планаў перадае ўсе адценні псіхалагічнага стану персанажаў. Тэлефільм мае добрыя водгукі, “творцы разам з гледачамі шукаюць адказы на вечныя пытанні”.

Калі вы заўважылі недакладнасць альбо памылку, а таксама ведаеце іншыя факты і падзеі, калі ласка, пішыце нам ziernie.net@gmail.com!

Пакінуць каментар

Ваш email адрас не будзе апублікаваны.

Магчыма выкарыстоўваць HTML тэгі і атрыбуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>